— Калі астануся жыць, а цябе не будзе, я не выйду ні за кога замуж. Ніколі, да астатніх сваіх дзён.
Міцева сэрца трывожна здрыганулася і замерла.
— Што ты, Чэся? — ён злавіў яе за руку, учуўшы, як часта б’ецца яе пульс.
— Хачу, каб ты, калі астанешся жыць, помніў мяне.
— Чэся, чаму я не буду помніць? I чаму нехта з нас павінен згінуць?
— Не ведаю, але я хачу, каб мы так пакляліся,— яна павярнулася да яго, абхапіла рукамі за голаў і гарачым дыханнем зашаптала ў твар.— Я хачу, каб ты помніў толькі мяне і... не браў нікога замуж. Ці мужчыны не могуць гэта зрабіць?
— Могуць, Чэся! Могуць...— ён задыхнуўся ад пацалунка.
Яна парывіста абняла яго і, сашчаміўшы рукі на шыі, не адпусціла.
Шчасце было кароткае, як зіхатлівы бляск кроплі дажджу ці імжы на шыбе акна.
Яны ведалі таксама, што шчасце не натоліш, але не расчэплівалі рук, не выпускалі адно аднаго з абдымкаў. Яны лашчыліся, як малыя дзеці, і цалавалі адно аднаго з галавы да пят і з ног да галавы. I зноў танулі ў вачах, і зноў парывіста ўздыхалі, захлыналіся, і балюча-салодка енчылі, і стагналі ад страсці. Потым зноў ціха стомлена і шчасліва жылі яшчэ нядаўнім, не забытым адчуваннем блізкасці...
Яны ведалі, што пры расстанні будуць нясцерпна і моцна жадаць адно аднаго. I гэтая прага блізкасці будзе млець у душы і пакутна таміць душу...
Ён губамі лавіў шурпата-салодкія саскі яе белых, туга налітых грудзей, а яна шчасліва-балюча падкусвала за мочку яго вуха.
Да жыцця, да рэальнасці, да блізкага і страшнага свету, што пачынаўся тут, адразу за акном, за белымі падсіненымі фіранкамі, іх вярнуў асцярожны, але ўладны стук у дзверы.
Міця асцярожна, не адкідваючы завешаных фіранкаў, праз шчылінку між іх зіркнуў на двор — каля белага, атынкованага, як і сам дом, калідорчыка, угнуўшы ў пляскатай кепачцы голаў, цярпліва стаяў Імполь і, падымаючы дзюбок хусткі, сюды на акно лупаватым вокам зіркала Хрысця.
— Хто там? — Чэся прысела на ложку і зграбла за патыліцу рассыпаныя валасы.
— Гаспадары.— Міця, ловячы рукою алавяна-шарыя гузікі на салатавым мундзіры, выбег у калідор.
— Галубіцеся тут,— увайшоўшы ў пакойчык, Хрысця не то незнарок злосна пажартавала, не то папракнула.
— Што ты сёння цэлы дзень бзыкаеш, як пчала? — Імполь кінуў на зэдлік свой растрыбушаны, злуплены за адно рукаво з плячэй шарачковы каптан.
Ён, трохі было відаць, недзе ўжо прычасціўся — дурнавата-кіслы смяшок крывіў яго твар.
— Я-то бзыкаю, а ты цэлы дзень піў бы.
— А чаму не? I з Міцем трэба па кілішку дзюбнуць,— Імполь пахіснуўся да шкапчыка, дастаў чорную з доўгай шыяй пляшку.— О, яшчэ царская бутэлька выхавалася, а ў ёй — пяршак.
— Не, не буду я, мне пара. На дзве гадзіны адпрасіўся,— Міця зашпіліў рэмень, абцягнуў кругом яго, паправіў фрэнч.
— Паспееш з козамі на торг, пачакай,— запыніла ўжо яго і Хрысця.— Пагаварыць трэба, што ж рабіцьмем?
— А што? — Міця, пацягнуўшы па калене, папрасаваў пілотку.
— Зноў, кажуць, арышты маюцца быць,— Імполь прыгрукнуў чорнай высокай бутэлькай.— Вайтовіч мне сказаў, а ён, халера, усё знае. Нават чамаданы спакаваў.
— Я во пра яе думаю. Ці ўседзім мы тут? — Хрысця азірнулася на Чэсю, што сцішэла каля парога, сабраўшыся, мусіць, правесці Міцю, узіралася ў круглае на далоні люстэрка і папраўляла на галаве шыракаполы капялюшык.
Міця ўздыхнуў, абцёр пілоткаю спацелы лоб:
— Можа, у Верасава яе?
— А казакі што падумаюць?
— Міцек, ты мяне хочаш недзе справадзіць? — Чэся ўзяла яго за локаць, у калідоры ўжо сказала: — Ёсць у мяне месца. Не бойся. Я перажываю больш за цябе... і за іх, за Хрысцю з Імполем. Яны так мне памаглі. I не трэба наклікаць на іх большага падазрэння.