— Божа, за што ж? Тут Настулін з руж’ём ходзіць. А вы яе... За што? Божачка мілы! — старая замахала выцвілаю, зношанаю хусткаю, стоячы на раскіслай сцежцы, па якой да яе босых ног, змяшаўшыся з гразёю, цякла цёмная кроў.
Гэты крык адчаю і пакуты стаяў у Міцевых вушах, калі яны, забраўшы ў суседняй ад Грабянковай асады вёсцы некалькі падвод, ехалі ў Дварчаны, везучы забітага Данільчыка і едучы самі.
Міця, не стрываўшы, нагнаў воз, на якім сядзеў, спусціўшы праз драбінкі чорныя акутыя чаравікі, маўклівы, непадступны Камашыла.
— А ты яе дарма...— узяўся за драбінку Міця.
— Ты пра каго? — падняў азызлы твар і зажмурыўся ад сонца Камашыла.— Усё пра тую курву, што падсунула нас пад кулямёт.
— Віну, грэх усе на душу бяром.
— Эх ты,— Камашылавы ногі вышчаміліся з драбінак,— святым хочаш быць перад чортам. Глядзі, ад чорта і згінеш.
Блізка ужо, у Дварчанах, у белай з блакітнымі купаламі царкве ўдарыў, закалыхаўся і паплыў мілагучны звон. Фурман, азіраючыся на Міцю з Камашылам і зняўшы пад’етую моллю суконную кепку, перахрысціўся.
— Во па Данільчыку ўжо ў царкве звоняць,— з’едліва ўсміхнуўся Камашыла.
— Усе не вечныя на зямлі, усе памром,— фурман нацягнуў на чорную з белай, ажно сіняватай плешынай голаў старую суконную кепку.
— Святыя памруць, а я, грэшны, пажыву,— Камашыла адным адплюшчаным вокам зіркнуў на Міцю.— Не думай, Корсак, пра грахі і смерць, а то і праўда — згінеш.
XIX
Дачуўшыся пра бацькаву смерць, Міця схаладзеў, пачарсцвеў і апаў душою. I пасівеў. Але спярша не паверыў і нават сумеўся, калі, стоячы ва ўмывальніку перад люстэркам і ўзіраючыся ў схуднела-востры твар, у вялікія сінія вочы з жаўтлявымі кругамі ад недасыпання, на сваёй караткаватай польцы ўбачыў, як калючай халоднай іскрай пырснуў серабрысты валасок. Міця прыгледзеўся лепш і згледзеў яшчэ адзін...
Потым ужо, забаўляючыся, цярэбячы ў яго валасах чуткімі пальцамі, здзівілася Чэся:
— Міцек, божа мілы, ты сівы!
— Ведаю, Чэся.
— I даўно ты пачаў сівець?
— Першы раз убачыў учора.
У яе шарых вачах, што адбівалі серабрысты праём акна, застыла на міг утрапёнасць. Махнуўшы вейкамі, яна сагнала яе і, ужо горка ўсміхаючыся, абедзвюма рукамі кінула яму на грудзі доўгія, адгадаваныя для косаў валасы.
— Прыгледзься,— сказала, глыбока ўздыхнуўшы.
— Я нічога не бачу.
— Не бачыш? — яна высмыкнула сіваватую пасму са сваіх залаціста-рыжаватых, густых валасоў.— А цяпер?..
— А цяпер бачу,— ён правёў пальцамі па гэтай казытліва-слізкай і цёплай пасме.— Калі гэта ў цябе?
— На тым тыдні, як маму з Анцяй спалілі,— у куточках яе вачэй набрынялі і дрыготка засвяціліся слёзы.
Міця пацалаваў у шорстка-казытлівыя вейкі, учуў салёны і прыемна-знаёмы з дзяцінства смак набеглых гарачых слёз, з забытай ужо сваёй крыўды і плачу.
Яна ўздыхнула, абвіла яго цёпла-мяккімі рукамі і пачала цалаваць яго сама: у твар, у губы, у шыю...
Ужо потым пасля шчырай і страснай адданасці яму, нейкая раптам прыціхлая, з ружаватай сарамлівасцю на шчоках, яна глыбока і затоена глядзела ўгору і, не вымаючы з-пад яго галавы цёпла-шаўкавістай рукі, запускала ў шорсткі ёжык яго валасоў свае пальцы, падчэсвала іх з патыліцы на макаўку і, не паварочваючыся на яго, гаварыла:
— Вось і мы пасівелі з табою, Міцек. Вось і нам прышла пара паміраць...
— Што ты кажаш, Чэся.
— Так, Міцек, кажу. А перад табою хачу нават прысягнуць, даць зарок,— яна дастала з-пад галавы ў яго руку і дакранулася пальцамі да яго губ, каб, пэўна, маўчаў.