— Няўжо? — маці не то здзівілася, не то спалохалася.
У картоплях нехта варушыўся і поўз да нас. Я прысеў і ўбачыў нешта чорнае — пэўна, спіну: чалавек поўз ракам.
— Броня, родненькая, памажы!
— Ага, голас як Дзікуцеў,— спатыкаючыся, маці падступілася туды, дзе стагнаў і варушыўся чалавек.
— Марцін, гэта ты? — маці нагнулася, узіраючыся здалёк, што робіцца там, у картоплях.
— Я, Броня, я... Памажы ўстаць,— у картоплях ракам стаяў Марцін Дзікуць, намагаючыся падняцца.
— Марцін, што ж гэта з табою? — маці падступілася бліжэй, яшчэ ўсё не верачы, што гэта ён, Марцін Дзікуць.
— Знявечылі, забілі... Ой-й, Бронечка! — нібы яго парнулі чым вострым і глыбока, аж дастаўшы да сэрца, застагяаў Марцін і падняўся на ногі. Голас у яго быў глухі і хрыпеў.
— Ах, божачка, ды хто ж гэта цябе? — маці падхапіла Марціна пад пахі.
— Войны, Бронечка,— ён хістаўся, як п’яны.— Яны недзе тутака, хіба можа ўцяклі, як учулі, што ты крычыш.— Марцін быў без шапкі, валасы зліпліся, мусіць, ад крыві, і яна цякла чорнымі рагамі, заліваючы вока, толькі другое, непадбітае, злосна блішчала ў цемрыве.
— На, хоць абапрэшся,— маці дала яму капач і ўзялася за яго руку вышэй локця.
Мы павялі яго пад хату. Яна злівалася з чарнатою поля. Там недзе ад злосці зайшліся і кінуліся сюды сабакі — і раптам сціхлі, пэўна, абнюхалі Дзікуця, і толькі чуваць было, як мякка скакалі і дыхалі, мусіць, высалапіўшы языкі. Потым замільгаў адзін, белы, і, яхкаючы, кінуўся Марціну на грудзі, закруціўся каля мяне, б’ючы хвастом па калашыне.
— Позна, Дружок! — загаварыў Марцін да сабакі, і той аж прылёг на пярэднія лапы.— Дзе ты быў раней? Во забілі мяне...
I за што, Марцін? — голас у мацеры падабрэў.— Каб гэтак знявечыць. I за што, скажы...
— Чаму не, скажу. I ў цябе накапаў кошык картопель, во ўчора...
— Ды каб за кошык картопель?.. Божа!
— Пачакай, Броня, я прысяду, не магу ісці. Слабасць, цямнее ў вачах,— ён сеў, ды нават не сеў, а неяк асунуўся на калені.— А ў Войны і кошыка не накапаў, я толькі ішоў цераз яго поле...— Марцін трохі падняў руку,— а ён во... біў прэнтам па галаве. Ці дажыву да раніцы. Дзяцей шкада, як жа ж яны без мяне?..
— Каб, можа, да доктара? — маці ўзяла яго пад пахі, зноў памагаючы ўстаць.
— Не, Броня, так ужо бог даў. Ой,— ён застагнаў, сагнуўся і ўжо не ішоў, а цягнуў, як нежывы, ногі.— Ды куды ж сярод ночы па таго доктара? Яны мо толькі і пільнуюць, ці пойдзем мальдаваць. А дзяцей, Бронечка, шкада...
У Марцінавай хаце не было агню. Сляпою цемнатою блішчэлі вокны — дзеці, мусіць, спалі.
Каля хаты Марцін трохі выпрастаўся. Маці памагла яму падняцца на парог. Ён узяўся рукою за клямку і ўваліўся ў чорную прорву сяней.
— Я ўжо сам... Ідзі, Броня, дадому,— ён нечым там грукнуў, мусіць, устаючы і шукаючы дзвярэй у хату.
...Цярэз паля мы беглі дадому. На ўсходзе між навалы хмар заяснелася неба — браўся ўсходзіць месяц. Весялела ноч. А на Марцінавым хутары пачалі брахаць сабакі, неяк усё гыркаючы, як там хто хадзіў і дражніўся. Зрабілася сцішна, і нуда брала за сэрца.
— Божачка, за што ж яны чалавека,— маці прыпынілася (яна, пэўна, усё думала пра Марціна) і ціха, нагінаючыся, гаварыла да мяне.
...Аўтобус я спыніў напроці вёскі. I ён зноў доўга вуркатаў, у маторы нешта скрыгала, як там церлася ржавае жалеза аб жалеза. А я адчуваў нейкую вінаватасць, што гэта праз мяне шафёр, той малады хлопец у стракатай шапцы, ніяк не можа ўключыць скорасць і недзе, мусіць, злуецца. У грудзях дрыжала, і трохі як слабелі, аднімаліся ногі — ці то з дарогі, ці то ад таго, што так скора і нечакана бачу сваю вёску — ужо як чужую і меншую. I зрабілася трохі непамысна, што зараз каго стрэну, а ён, вітаючыся, будзе трохі сарамяжыцца, як малое дзіця, чырванець, і будзе яму несамавіта перада мною, і мне самому зробіцца ніякавата, як бывае заўсёды, покуль не асвойтаешся з чалавекам. Я перамяніў у другую руку чамадан і борзда перайшоў чужыя падворкі — рады, што нікому не трапіў на вочы, і ўжо азірнуўся на шашу — аўтобус ціхенька і ўпарта пасунуўся, як вялікі жук, і зад яго падкідала на ямках. Я трохі паспакайнеў, сцішыўся; знайшлася весялосць, што я дома, што бачу сваю хату: з гэтага боку ад шашы — сені, якія некалі рабілі з бацькам. Спомнілася, як ачэсвалі дзеравіны, а перад гэтым прывязвалі да цвічкоў вяровачку, бацька шмараваў яе мелам, а потым адцягваў — вяровачка туга, ляскаючы, біла па акоранай жаўтаватай дзеравіне, і на ёй аставаўся роўны белы шнарок. Было дзіўна, што помніцца гэты шнарок, і ўзялася радасць, што чую, як недзе на вуліцы за гушчаром бэзу хрыплавата і нядужа пяе малады певень — мусіць, ужо наш, што бачу, як каля парога курыца дзяўбе гурок-насеннік, які, мусіць, прынесла з гародчыку.
У хаце быў бацька. Ён высунуўся з-за грубкі нейкі ўвесь зблажэлы, і я ўбачыў, што ён паменшаў і зрабіўся нейкі трохі сухі, што ў яго змянілася хада, калі ён ішоў да мяне вітацца, намацваючы нагамі падлогу, як ходзяць старыя, і неяк няўмела, растапырыўшы пальцы, падаў мне руку. I стала шкада, што старэе бацька.
— Вот трохі нездаровіцца, сынку,— бацька прысеў на ўслоне каля стала, сагнуўшыся, упёршыся рукамі ў калені.— Нага ўсё баліць...
— А дзе ж маці? — спытаў я, распранаючыся і пачапіўшы плашч на вешалцы, што была, як і некалі, між вокнаў.
— Гэта ж пайшла адспёўваць нябожчыка. Памёр Война.
— Клемус?