— Яго і нарвіце. Тут у нас купяць. Многім, кажуць, ён памагае,— чалавек суха і нямоцна пакашляў, патаптаўся каля нас і пайшоў, сагнуўшыся і трымаючы рукі ў кішэньках.
Марцін паглядзеў яму ўслед, падняў сваю торбу, вытрасаючы яловую "губу".
— Доўга не паходзіць... Кажа, захварэў на сухоты на фронце. А мы на яго рубель пагналіся... Грэх, браце, грэх, таму і не пашанцавала. А ты схадзі, прынясі яму гэтага лякарства,— сказаў Марцін, аддаючы мне той сухенькі лісток лішая...
I я потым схадзіў, ужо разам з дзецьмі, і нарваў торбу гэтага лякарства: яно расло на дубах, вісела зеленаватымі карункамі на камлях, усё болей з таго боку, дзе няма сонца, і высока ад зямлі.
Марціна Дзікуця ўжо не было на свеце. Яго забілі ў той год, як выпаў град. Гаварылі, што Марцін капае чужыя картоплі, і ўсе бегалі прыцемкамі на поле. Аднаго вечара я з маці пайшоў пільнаваць свае: там асталіся начаваць, прысыпаныя пырнікам і сухім картаплянікам, два мяхі накопанае мацераю картоплі; маці не дапрасілася ў вёсцы каня, а бацька не паспеў панасіць іх дадому — яшчэ завідна ён выпраўляўся ў мястэчка вартаваць склады.
Тая ноч была сыраватая, глухая, і нам з маці было страшна: казалі, знайшлася "чорная кошка" — у мястэчку раздзявалі людзей, абкрадалі сельпоўскія крамы і застрэлілі праз акно старшыню сельсавета — помню, рудога, насатага чалавека ў зношаным кіцелі, з пацёртаю скураною сумкаю ў руцэ.
На поле мы выправіліся шараю гадзінай — у мястэчку ўжо загарэлася электрычнасць, і вострае, тоненькае, як трэшчыны на шкле, святло калола ў вочы. Мы спатыкаліся, абмацваючы нагамі цвярдзейшы грунт, тую нераз’езджаную, зарослую травою сценку, і палохаліся дзе якога ядлаўцовага куста — выдавала, што там стаіць чалавек ці бяжыць воўк, і трэба было прысядаць, нагінацца, каб пазнаць, што гэта.
Было сцішна, не аказваліся Марцінавыя сабакі. Хата, здаецца, урасла ў цемнату, на белаватым небе былі знаць толькі комін і шапка на кійку — нібы хто залез на страху і выцікоўвае нас. Толькі на Войнавым полі нешта тупала, шастаючы сухім картаплянікам. Тупат чуўся перагонамі, нібы хто бег, падаў і зноў бег. Раптам нешта як запішчала, нібы сава драла зайца, потым глуха енкнула, застагнала, што ў падушку, і сціхла.
Мы сядзелі на сваіх мяшках з картоплямі. Маці нават ссунула з галавы белую хустку, настаўляючы вуха ў той бок, адкуль быў гэты тупат, і ціха пытала:
— Там як што робіцца?
— Тупат блізіўся сюды, да нас.
— Вунь пабег у нашыя картоплі! — зашаптала і прыгнулася маці. Мне ў грудзі вострым холадам кальнуў страх. У другім канцы поля было відаць, як нехта бег, лукаткамі і сагнуўшыся, і раптам упаў у нашым картаплянішчы.
— Дальбог, будзе капаць картоплі,— стрывожылася маці і выцягнула з-пад мяне капач — яна яго не брала дадому, а пакідала кожан раз тут, на полі, прыхаваўшы сухім картаплянікам.
Я ціха сядзеў, баючыся нат зварухнуцца.
— Уставаймо, прагонім, наробім крыку... Во — чуеш — капае...
Там нешта цвёрда дзынкнула, як хто, папраўдзе, трапіў капачом у камень.
Маці паднялася з мяшка, насоўваючы на галаву белую хустку.
— Што ты капаеш! — крыкнула маці, але голас у яе захлынуўся, нібы яго таксама перахапіў страх. Яна, мякка гразнучы ў перакапанай зямлі, ступіла колькі крокаў туды, дзе ўпаў чалавек.
— I яшчэ не ўцякае, думае — не бачу! — голас яе задыхнуўся.
Я крадком пайшоў за мацераю, наступаючы дзе на сухі асот — ён вострай гарачынёю апякаў босыя ногі.
— Панадзіўся, як у сваё,— яшчэ раз крыкнула маці і аглянулася на мяне, мусіць, ужо баючыся злодзея сама.
А там як хто капашыўся, шастаў картаплянікам, поўз і стагнаў.
— Усё адно як стогне,— сказаў я.
— Няўжо? Няхай крые бог, што гэта? — маці пачала адступацца, трымаючы нагатове капач.
I адтуль, здалося, нехта клікаў мацеру:
— Броня, Броня...
— Ці мне падалося, ці не: во як кліча мяне? — маці нібы сумелася.
У мяне, што ад холаду, шэрхла скура — уставалі валасы.
— Броня, памажы. Ідзі сюды, Броня,— голас быў нападобе Марцінаў.
— Мусіць, Дзікуць...