У браме стаяла, закрываючыся рукою ад сонца, гаспадыня, старая кабета з нейкаю выцвілаю анучаю на галаве — некалі, мусі, была суконная хустка.
На жардзяным плоце вяў пусты гарбузовы цвет.
— Дзень добры! — павіталася маладзіца і папусціла вяроўку — карова нагнулася да пераспелае, з рудаватымі галоўкамі дзяцеліны.
Старая адняла ад вачэй руку,— твар яе быў зрысаваны маршчынамі, каля ніжняй губы на бародаўцы закручваўся сівы волас,— і нічога не сказала.
— Ці можна ў вас напіцца? — спытала маладзіца, углядаючыся на падворак — там быў калодзеж: на накрыўцы стаяла бляшанае са шрубаю на вочапе вядро, прывязанае да корбы тэлефонным дротам.
Гаспадыня павярнула галаву, настаўляючы вуха, і напаследак азвалася:
— Дзеткі, а чаму ж не...— голас у яе быў шурпаты. Яна адчыніла брамку і пайшла пад хату. 3-пад доўгае спадніцы мільгалі яе жоўта-зялёныя пяты.
— То чэрпайце, а я хіба конаўку прынясу,— сказала старая, адмыкаючы дзверы.
Карова чмыхнула, закруціла галавою і, вырваўшы з рук у маладзіцы вяроўку, пабегла да калодзежа. За пысаю ў яе цягнулася сліна, на дне карыта, што стаяла каля калодзежа, зелянеў астатак цёплае вады.
Карова ткнулася пысаю ў карыта, і па горле ў яе пабеглі круглыя камякі.
— Ой, якая ты нецярплівая! — маладзіца адкрыла накрыўку і пусціла ў халодную цемень вядро: мільгаючы выслізганаю жалезнаю ручкаю, загрукацела корба.
Маладзіца выкруціла вядро і паставіла на край трубы: у калодзеж, разліваючыся, пляскалася з халодным звонам вада. Маладзіца нагнулася і, трымаючы абедзвюма рукамі вядро, злавіла сухімі губамі яго халодны край. Вада цвёрдым холадам апякала грудзі. Смага счахла, толькі вострым болем шчымелі зубы.
Пад рукі прашыўся меншы.
— Хаця ж не давайце яму — прастудзіцца,— крычала з адчыненых сенцаў старая, трымаючы ў руцэ медную, пэўна вытачаную са снараднае гільзы, конаўку: несла меншаму з хаты ваду.
Каля брамы стаяў і глядзеў сюды на іх чорны аблавухі сабака; страпянуўшыся, ляскаў зубамі — лавіў мух.
Большы піў з вядра. Карова, падняўшы галаву, заглядвала прагным вокам у калодзеж — тае вады, што была ў карыце, ёй не хапіла.
— А ці ж здалёк будзеце? — старая выплюхнула з конаўкі недапітую меншым ваду.
— З горада я.
— А куды ж ідзяце?
— Да сястры ў Ахоны іду.
— Ой, не блізка шчэ! Па-старому — вёрст пятнаццаць ад нас.
— Ужо блізка. Ужо менш асталося,— маладзіца выліла ў карыта ваду і паставіла на калодзежную накрыўку парожняе вядро,
Карова піла з карыта, трэпаючы ад злосці нагою — ганяла ад сябе мух і слепакоў. Дзеці круціліся каля гародчыка: на камлі нізкай ужо абабранай вішні чырванаватай нарасцю кіпела цягучая смала.
— А во — жвачка,— крычаў меншы, чапляючыся на сухі патрэсканы частакол.
— Няма, дзеткі, вішань, няма. Надоечы немцы абабралі, панеслі і з галлём,— старая абярнулася да маладзіцы.— Хватаюць усё, як перад канцом. А ўчора, божа, колькі іх тутака шашою ехала!
— Уцякаюць, цётка. Фронт блізка. Скора прыйдуць нашыя.
— Дай божа, каб скончылася ўсё... Гэтулькі людзей пагінула,— вочы ў старое заморгалі, наліваючыся слязьмі, і губы пачалі крывіцца.— Толькі мяне вот смерць не бярэ...
Старая адвярнулася і, выціраючыся рогам хусткі, сказала:
— Але чаго ж тут стаімо? Я шчаўя наварыла, можа, паснедалі б? Вы ж, напэўна, галодныя. Дый карову даіць пара, во гляньце — выменя налілося... Гэта ж малако перагарыць...
У хаце пахла чэрствым хлебам, даўняю духатою; роем звінелі мухі, біліся ў гарачыя шыбы. На прадпечным акне стаяла шкляная мухалоўка. На покуці за абразом сохла жменя зажатага жыта.