Калі я бачыў Косцю Харошку? Летась? Не. Ён гэтаксама сутуліўся, і нос у яго быў такі самы востры.
— Як жывеш?
Косця маўчаў. У яго толькі ўсміхалася і дрыжала губа.
— Дзе робіш?
— На дрэнькіньмантаж.
— Дзе?
— На кінастудыі.
Косця зноў маўчаў. Губа яго варушылася, ён, мусіць, сам сабе ўсміхаўся. Ён ні пра кога не пытаў.
— А ведаеш, дзе Сенька Прус?
Косця паціснуў плячыма.
Я сказаў:
— Умее падбіраць цытаты.
Я ўспомніў пра дзённік Сенькі Пруса. Косця ўздыхнуў і нічога не сказаў. Мы ўспомнілі некага яшчэ і разышліся. Мы ўжо сталі чужымі. Чаму з гадамі людзі чужэюць і староняцца адзін аднаго? Чаму з гадамі людзі шукаюць адзіноты? Здаецца, я тады змоўчаў, што Жэня Кунцэвіч вынайшаў апарат для карэкціравання памяці. Той самы апарат, што ён зрабіў з пішучае машынкі. Мне здалося, што Косцю цяпер не абыходзіць ні Жэня Кунцэвіч, ні яго апарат. А можа, я дарма не сказаў, што Жэня пяты год як скончыў аспірантуру і не можа абараніцца. Што сказаў бы пра гэта Косця Харошка?
Аптэка нумар тры. Як я даўно не ішоў гэтай кароткай вуліцаю, што ўпіраецца ў старую Нямігу. Як я даўно не адчуваў, што гэтая вуліца вузкая і хочацца ісці бокам.
Як я даўно не ішоў старымі вуліцамі. Старыя вуліцы заўсёды напамінаюць, што жыццё вечнае. На іх заўсёды думаеш, што тут нехта хадзіў да цябе. Нехта любіў, жыў і паміраў да цябе. У гэтым ёсць радасць. Пра гэта напамінаюць брукаваныя вуліцы і чырвоная выкрашаная цэгла ў тоўстых сценах. Ты думаеш пра таго, хто рабіў гэтыя сцены.
Як я даўно не бачыў, што на старой Нямізе няма старога бруку, даўняга гладкага бруку, што блішчыць цяплом вечнасці. Як я даўно не бачыў старое Нямігі, дзе хлопчык цягне па асфальце бляшаны грузавік без пярэдняга кола. Не бачыў, што над старой Нямігай устае і, калі падымаеш галаву і глядзіш на яго,— круціцца і халоднай вастрынёй шкла і бетону падае на Нямігу новы дом. Жыве і памірае старая Няміга.
Аптэка нумар тры.
Як я забыўся, што аптэка нумар тры напроці гастранома, таго самага гастранома ў падвале, дзе мы куплялі кільку, цукар і шэрыя за рубель восемдзесят батоны. Аптэка нумар тры на старой Нямізе, дзе пахне з надворкаў халодным брукам і сырою на вяроўках бялізнаю, дзе я пражыў два гады ў старым доме, што пахне сухою цэглаю, як разабраная печ.
Як я забыўся, што чалавек успамінае даўняе і шукае яго толькі тады, калі яму трэба лякарства.
Аптэка нумар тры — напроці гастранома.
Там, на хутары
Недзе з паўдарогі да іх прыбіўся сабака. Да рук ён не ішоў. Дзеці вытраслі яму з кішэняў сухія, перамешаныя разам з пяском, крошкі ад хлеба, ён паднімаў галаву, нюхаў і адбягаўся назад.
Дзяцей было двое. Большы, рабаваты, у вылінялай і зашытай ззаду, каб не звальвалася з галавы, пілотцы, меў год дзесяць, меншы — у кароткіх парточках на адной шлейцы — год шэсць.
Яна,— худая, шчуплая грудзьмі, як няспелае дзяўчо,— вяла за вяроўку маладую сытую карову з адным скручаным рогам.
Яны ішлі на ўсход сонца. Белым шляком перад імі ляжала шаша, звужваючыся і прападаючы за глухім паваротам. Белаю ад пылу была трава ў канаве, белаю ад цвету была грэчка — з аднаго боку шашы, з другога — шастала пераспелымі каласамі і, мусі, асыпалася падгарэлае і таксама белаватае жыта; у ім асталіся глыбокія выезджаныя машынамі дарогі — жыта на іх не ўставала.
Белаватым было і выцвілае за дзень неба. Толькі на грудках млеў і здалёк выдаваў сіваватым малады хвойнік. I зводдаль шашы над шэрым будынкам нечага хутара цямнела гушчынёю зялёнага лісця высокае дрэва.
Да хутара асталося яшчэ якое паўвярсты. Кабета спяшалася туды — смажыла, ёй хацелася піць, а там павінен быць калодзеж, і падаіць карову, і папрасіць хлеба, хоць дзецям,— да малака.
— А чаму ў каровы дзве нагі і яшчэ дзве? — раптам спытаў меншы, босы, як і ўсе яны: яго парэпаныя ногі былі тонкія, як цвікі.
— Бог даў.
— А чаму мне не даў?