— Так ты абанкруцішся, — сказаў Макарэвіч.— I фірма твая нічога не вартая, адны выдаткі. Хочаш, дапамагу?
Васіль зацікавіўся.
— Як?
— Цётка казала, што ты жывёлу любіш. А ў вёску ты б паехаў жыць? Тут недалёка. У мяне там старшыня калгаса знаёмы, ён і ўладкуе. Там і жыць дзе ёсць. А да цёткі ў госці ездзіць будзеш. Згода?
Васіль адклаў палку і задумаўся.
— А не маніш?
— Вось мой тэлефон. Праз тыдзень які пазвані, а я пра ўсё дамоўлюся.
Макарэвіч вырваў з блакнота паперку, напісаў сваё прозвішча і рабочы тэлефон.
Васіль недаверліва зірнуў і запіхнуў яе ў кішэню.
— Дзякуй.
— Што, хутка ў калектыў? — спытаў Макарэвіч. Ён хацеў сказаць у інвалідскі дом, але, вядома, стрымаўся.
— У інтэрнат? — адразу насцярожыўся Васіль. Ён усё зразумеў.— Не хачу, не.— Ён пабляднеў.
Макарэвіч памкнуўся растлумачыць яму намеры цёткі пра тое, што ў яго, Васіля, пакуль няма ніякіх дакументаў, і каб забраць яго, трэба шмат папер і пераканаць дактароў, але зноў стрымаўся. Навошта? Дамовіцца са старшынёй, і то няблага. А там няхай самі выкараскваюцца. Што і казаць — жыццё кволых не лашчыць.
Макарэвіч кіўнуў выбівальшчыку дываноў і пайшоў сваёй дарогай. Ззаду стала ціха.
Ля знаёмай сасны Макарэвіч спыніўся, свіснуў і пазваў:
— Дзе ты, птушка?
Ён пачакаў, а калі ўжо мусіў пайсці, птушка зноў раптоўна выслізнула з-за хвойніку, зрабіла круг у паветры і села на сук над галавой, ашчаперыла лапкамі атожылак, зірнула на яго і пачысціла дзюбу.
— Прывітанне, — сказаў Макарэвіч.— Як ты сюды толькі трапіў, такі прыгажун. Галоўнае — як мага далей ад катоў. Зразумеў?
Птушка скокнула вышэй, пакрасавалася там і неўзабаве схавалася ў шыпульках.
□
Праз дзень Макарэвіч паехаў у камандзіроўку на раён: пачалася пасяўная. Вярнуўся ён позна, да ночы напісаў артыкул і з блакнотам пад падушкай заснуў.
Раніцой у рэдакцыі адбылася лятучка, пасля якой Макарэвіч дыктаваў на машынку. У машыністкі былі брудныя пазногці, рот напаўраскрыты, і ў ім блішчэла залатая каронка.
За акном на дрэвах ужо распускалася лісце, але вецер зноў змяніўся, часам ішоў дробны дождж-імжака, пахаладала. Па шэрым небе нізка беглі хмары, змешваліся з дымам, які ўзнімаўся з трубы гарадской кацельні, што была насупраць. Вялікая тлустая муха, якая паспела ўжо ачуняць у цяпле, гудзела і тыцкалася ў шкло.
Макарэвіч пайшоў да сябе ў аддзел, вычытаў тэкст, потым выцягнуў бінокль і навёў яго на дрэва, але птушкі не ўбачыў. Загадчык сельгасаддзела Кусаў — таўсматы, з вялізным жыватом і амаль без падбародка, як упэўніўся Макарэвіч, па-бабску помслівы і каварны, — праз стол ад яго курыў цыгарэту.
У дзверы пастукалі, і ў кабінет увайшлі двое ў міліцэйскай форме: высокі, змрочны, у гадах маёр і за ім малады, зухаваты сяржант з адтапыранымі вушамі. Маёр кінуў на іх хуткі позірк, слізгануў вачыма па сталах і сценах кабінета і спытаў Макарэвіча.
— Яўген Сямёнавіч?
— Гэта я, — адказаў Макарэвіч з прадчуваннем, што здарылася благое.
Маёр назваўся — прозвішча ў яго было кароткае: Грук — і паклаў на стол паперку.
— Ваша?
Макарэвіч пазнаў ліст з блакнота, які пакінуў выбівальшчыку дываноў, і згодна кіўнуў.