— Не трэба, цётка Вера, — сказаў Васіль.— Мне галава баліць.
— Чый гэта дыван? — спытала цётка Вера.— Твой? — яна зноў павярнулася да Макарэвіча.
— Я чалавек бедны, — адмовіўся ён.— У мяне такога багацця няма.
Дыван і сапраўды быў багаты: вялікі, ручной работы, з прыгожым узорам.
— Унь яго, — кіўнуў Васіль на адно з вокнаў: у ім тырчэла чыясьці лысая галава — назіралі.
— Ідзі дамоў, — загадала выбівальшчыку цётка Вера, — зараз жа. Выпі лекі. Я дыван яму сама аддам.
Васіль пайшоў. Палку ён не кінуў, панёс з сабой.
— А вы хто такі будзеце? — спытала Макарэвіча цётка Вера больш лагодна.
Ён сказаў.
— Божа, божа, — жанчына выцягнула пакамячаную насоўку і прыціснула да вачэй, — а вы ведаеце, які ў яго лёс? Нікому не пажадаю. Я раскажу, а вы запішыце. Я вам такое раскажу, што і не паверыце.
Яна сказала, што завуць яе Вера Іванаўна, жыве з мужам, дзяцей ім бог не даў, а Васіль яе далёкі сваяк, якога яна мусіла выпісаць на тыдзень з дома інвалідаў. Бацька Васіля памёр, па бацьку яны і сваякі, а маці жывая, дык тую маці трэба знайсці і расстраляць і каб гэта па тэлевізары паказвалі ўсяму свету. Пасля яна дадала Макарэвічу, што Васілёў бацька памёр, а маці нібы з ланцуга адчапілі. Вырашыла, пэўна, гадаўка, што недабрала ў маладосці. Малы ёй, вядома, перашкаджаў, то яна кіне яго ў кватэры аднаго і знікне на тыдзень, а то і два. А хлопчык усё ніяк не паміраў, то бульбіну якую знойдзе сырую, то цыбуліну, вадой зап’е, і ўсё, чакае маці. Вядома, суседзі даведаліся, умяшаліся, але позна: хлопчык захварэў, галава ў яго стала балець. Сваячка тая дамаглася свайго — аддала яго ў дом інвалідаў.
— А я ж пра тое ўсё не ведала. Паехала ў той дом, укленчыла перад глаўурачом, каб хлопца аддалі, як стаяла, прасіла, так і ўпала на калені, ды адпусцілі яго толькі на тыдзень, бо ніякіх дакументаў ён не мае, але паабяцалі выпісаць потым зусім. Трэба толькі розныя даведкі і паперкі сабраць. Бюракраты, каб на іх!
Пакуль жа Васіль мусіць зноў назад ехаць, але яна спадзяецца, што ненадоўга. У яе, працягвала Вера Іванаўна, наконт хлопца ёсць план. Хлопца трэба ўладкаваць у які калгас побач, так, у калгас. Ён жа любіць жывёлу. Яму каля жывёлы лепш будзе, раз людзі адхіліліся. Дасць бог, жыць як здолее, мо і ўдавіцу якую знойдзе. А тут, ледзь адвернешся, у паслугачах. Набілі шпанюкі нядаўна, грошы адабралі. А якія ў яго грошы? А суседзі думаюць — яна яго сюды пасылае.
— А дзе зараз яго маці? — спытаў Макарэвіч.
— Жыве ў Н., — Вера Іванаўна назвала суседні горад.— А дзе дакладна, і не ведаю. Каб яна там і спруцянела.
— Ну, бывайце здаровы, — сказаў Макарэвіч.— А пра Васіля, спадзяюся, і напішу, параюся толькі.
— Усяго і вам добрага. Чыстага вам хлеба, крынічнай вады, і каб не было бяды, — сказала Вера Іванаўна і дадала наўздагон: — Вы прабачце, што накрычала на вас. А як мой план?
— Задумка ў вас правільная, — павярнуўся Макарэвіч.— А ён сам як?
— Адно просіць, каб назад не аддавалі. Я ўжо баюся яму сказаць, што трэба праз дзень збірацца.
□
Назаўтра па дарозе на працу Макарэвіч зноў пачуў знаёмыя гукі і ўбачыў выбівальшчыка дываноў на звычайным месцы. Васіль няспешна махаў палкай.
— Хлоп, хлоп!
Макарэвіч збочыў да яго.
— Цёткі не баішся? — спытаў ён.
— А яна на рабоце, — усміхнуўся Васіль.— А мяне адзін тут дзядзька папрасіў.
Уводдалі, ля пад’езда, на лаўцы сядзеў самавіты мужчына ў вайсковай кашулі хакі, трыко і пантофлях. На плячах у яго быў накінуты бушлат.
— Яго заказ?
Васіль згодна кіўнуў, засаромеўся.
— А грошы даў?
— Не пакуль.