Рыфма ўставіла ключ, павярнула яго і адчыніла секрэтэр. Чорны адпіхнуў яе. У секрэтэры пачкамі ляжалі грошы. Ён надарваў адзін, пачаў ліхаманкава лічыць.
— Сто штук «зялёных»! — ахнуў ён. — Ну і куш! Ніколі б не падумаў...
Ён таропка згроб грошы ў спартыўную сумку.
— Ліняем!
— Чакай.
Рыфма шукала сваё. Урэшце знайшла. Усе паперы забітай гаспадыні, дакументы ляжалі разам у яе пісьмовым століку. Рыфма перагарнула паперы: так, тут было ўсё — яна спешна прабегла вачыма тэксты па-ангельску. У любы час у бліжэйшыя тры месяцы трэба было толькі звярнуцца ў консульства і заказаць білет на самалёт.
— Давай хутчэй, што ты корпаешся?! — прыкрыкнуў Чорны. — Няма тут больш нічога!
— Не. Павінны быць упрыгожанні, аздобы, золата, ствол, урэшце. Ён казаў, што ў яго тут ёсць зброя.
Чорны задумаўся на імгненне.
— Няма часу шукаць. Ідзём. Я тут збольшага ўсё агледзеў.
— Шукай.
— Ты што, пугачоўкі[11] хочаш? — зашыпеў раптам Чорны. — Хутчэй адсюль! Ты бачыла той ствол? Можа, газавы, дзярмо?
— Маўчы. Хвіліну.
Рыфма падняла з падлогі акуляры гаспадыні, надзела, падышла да люстэрка, зірнула на сябе. Потым знайшла бар, выцягнула адтуль бутэльку гарэлкі, узяла дзве шклянкі і разліла: у адну амаль даверху, у другую — палавіну.
— Шукай ствол, — напомніла яна. — Дзе мужчына можа яго схаваць? Падумай.
Чорны мацюкнуўся і пасунуўся ў другі пакой. Як толькі ён адвярнуўся, Рыфма выцягнула з сумачкі папяровы пакецік і высыпала з яго ў шклянку з гарэлкай — тую, дзе было наліта больш.
Чорны неўзабаве вярнуўся назад. Ён не выпускаў з рук сумку.
— Тут хопіць на ўсё, — сказаў ён. — Ды што, у мяне дзіракола[12] няма?
— Золата шукай.
— Тут пуста. Ліняем.
— На, расслабся, — яна працягнула яму шклянку з гарэлкай, узяла сваю. — Знімі стрэс...
— Можа, яшчэ і пасцель прапануеш?
— А ты што, слабак? Сюды ніхто не зойдзе.
— Я не змагу. Ліняем. Ты — вар'ятка.
— Прысядзем перад дарогай, — сказала яна, — выпі.
Чорны выхапіў у яе шклянку і двума глыткамі выпіў гарэлку. Рыфма выпіла сваю.
— Ты слабак, — сказала яна. — Морлак паганы. Адлічы маю долю і — расход.
Паўза.
Мужчына па мянушцы Чорны хацеў нешта сказаць, раптам прыўзняўся з крэсла, і яго хістанула ўбок. Твар яго стаў бялець. Ногі падагнуліся, і ён упаў на калені. Ён раптам зразумеў.
— Ты і мне падсыпала, крыса[13]? — прахрыпеў ён. — Я заб'ю цябе, я...
[11] Пугачоўка — пагоня за злачынцам, які ўцякае ад пераследнікаў (блатн.).
[12] Дзіракол — пісталет (блатн.).
[13] Крыса — жанчына, якая не заслугоўвае даверу (блатн.).