Дзяўчына па мянушцы Рыфма кінула недакурак і нагнулася над ключамі і дакументамі, што ляжалі ў траве. Усе ключы, акрамя тых, што былі ад запальвання, яна паклала сабе ў сумачку і зноў запаліла цыгарэту.
Неўзабаве мужчына вярнуўся.
— Парадак, — сказаў ён. — Няблага ты іх бярэш у рыфму[6]. Гэты грак[7] так нічога і не зразумеў.
— Ён мне падабаўся, — сказала Рыфма. — Мне яго шкада. Я ж яго амаль адкрытым тэкстам папярэджвала.
— Падабаўся! — фыркнуў мужчына. — Упэўнены, што з'явіся я хвілін на дваццаць раней, дык і «сеанс яшчэ б злавіў». Трахалася з ім?
— А ты што, раўнуеш?
— Глохні. Трэба ліняць.
— Вось правы на ваджэнне, дакументы. Нават асабістая пячатка. Ключы ад тачкі. Едзем. На гэтай дарозе спакойна. Цяпер ты будзеш Рыгор Вайтовіч.
— Яны ж спыняць і на фотаздымак могуць зірнуць. Ты ж казала, зялёныя ў яго з сабой. Г-эх, баба...
— Ціха. Ты хацеў рызыкнуць? Дык рабі так, як я кажу. Тачку возьмеш сабе. Ахвярую.
— Куды яе, коцаную[8], дзяваць? — спытаў Чорны, але ўжо больш лагодна.
— Азерам[9] спіхнеш. Яшчэ штук пяць атрымаеш.
Праз некалькі хвілін «мерседэс» з мужчынам за рулём і дзяўчынай побач імчаў па лясной гравійцы ў напрамку шашы.
Горад сустрэў іх агнямі вулічных ліхтароў. Сутонела. Чорны спыніў машыну метраў за трыста ад таго дома, дзе жыў Вайтовіч, выключыў запальванне і агледзеўся па баках.
— Цяпер слухай. — Рыфма выкінула за акно чарговы недакурак. — Вось яго ключы ад кватэры. Там падвойныя дзверы. Знешнія аббіты стальным лістом. Пойдзеш і адчыніш. Яна не запірае дзверы на завалу. Калі запёрта, то ціха назад і да мяне. Мне яна адчыніць.
— Хто — яна? Там нехта яшчэ?
— Так. Жанчына, яго жонка. Яе — трэба таксама. Ідзі. Я — праз дзесяць хвілін.
— Гэта ўжо занадта, — сказаў Чорны. — А калі там яшчэ хто ёсць?
— Няма. Яна сядзіць адна і глядзіць тэлевізар і не пачуе, як ты будзеш адпіраць. Пяты паверх, дзвесце дзесятая.
— Чаму б табе не пайсці разам са мной?
— Не. Не магу на гэта глядзець.
— Тады так: з дваццаці штук — дванаццаць мае. І «мерс» таксама. Мачыць дваіх у адзін дзень — гэта небяспечна, прыкмета дрэнная. Інакш — ідзі сама.
— Згода. Толькі хутчэй. І прычыні другія дзверы за сабой. Толькі другія: каб хто іншы раптам не зайшоў. Я пастукаю пяць разоў. Вось так, — яна пастукала па шкле кабіны.
Чорны брыдка вылаяўся і пайшоў.
Яна зірнула на гадзіннік і выцягнула з пачка чарговую цыгарэту. «Калі цыгарэта скончыцца, я рушу таксама», — падумала дзяўчына па мянушцы Рыфма.
У пад'ездзе было цёмна і пуста. У ліфце яна ўздымалася адна і на пятым паверсе выйшла. Слабае святло лямпачкі асвятляла пляцоўку. Рыфма падышла да дзвярэй дзвесце дзесятай і пацягнула іх на сябе. Дзверы былі адчынены. Яна адразу пастукала, як было абумоўлена: тук-тук, тук-тук-тук.
Дзверы адчыніў Чорны. Яна ўвайшла і прычыніла іх на завалу. У кватэры гарэла святло, працаваў тэлевізар, але крэсла і столік былі перакулены.
— Дзе? — спытала яна.
— У ваннай. Можаш зірнуць. Зроблена начыста, — сказаў Чорны і злосна дадаў: — Бабкі дзе, рыж'ё[10]? Паказвай!
Рыфма прыпаліла цыгарэту. Рукі яе ўздрыгвалі. Потым, не спяшаючыся, выцягнула з сумачкі ключы. Гэта былі ключы Вайтовіча ад секрэтэра. Яна была тут раней некалькі разоў, калі давала ўрокі гаспадыні, і добра тады ўсё агледзела. Тры дні таму яна вырашыла ўжо, што бізнесовец Вайтовіч «пусты» і яе задума бессэнсоўная, але ён так нечакана прагаварыўся — шчырак — ён і ёсць шчырак. Яна адчувала, што ён не мог ёй хлусіць, і потым, потым цяпер ёй патрэбны былі не толькі грошы.
[6] Узяць у рыфму — абрабаваць адным і тым жа спосабам (блатн.).
[7] Грак — ахвяра, якая не ведае, што мае справу са злачынцам.
[8] Коцаную — мечаную (блатн.).
[9] Азеры — азербайджанцы, якія займаюцца крадзяжом аўто ў Менску.
[10] Рыж'ё — золата (блатн.).