Зуйчыха. Пятрок! А госпадзі!
Зуёк(тупае нагой). Цыц! Марш атсюдава!
Зуйчыха. Пятрок!
Верка. Што вы нарабілі — а-а-а!! Пусціце, пусціце мяне, што вы нарабілі!
Зуйчыха. Што ты…
Верка. Пусціце мяне. Сама да яго пайду! Сама, што вы робіце, пусціце!
Зуёк. Цыц, бабы дурныя! Іш, распусціла! Я вам!
Зуйчыха. Ты ж сам казаў!
Зуёк. Тое было ды прайшло! Ад Аўдзея цяпер чым далей, тым лепей!
Верка(паўтарае). Пусціце мяне, пусціце, што вы нарабілі!
Зуйчыха(мужу). Што людзі скажуць — Аўдзею адмовіў, з глузду з’ехаў!
Зуёк. Не да людзей, сваё даражэй, ты ведаеш, што з Аўдзеем будзе?
Зуйчыха. Што?
Зуёк. Каб пра гэта больш ні слова не чуў, зразумела? I рота не раскрывай.
Зуёк. Толькі звечарэе, возьмеш карову — Лысуху, павядзеш лесам, выйдзеш на шлях — да раніцы каб у Мсціслаўлі была, прадасі за любыя грошы.
Зуйчыха. Што ты кажаш?!
Зуёк. Маўчы, баба! Рабі, што мужык кажа!
I нікому, каб ні слова! I каб ніхто не заўважыў. А я павяду другога каня і кароў… Аддай дачку за Аўдзея, невядома, што з ёй станецца.
Зуйчыха(прыкрывае палахліва рот рукой). Што ты кажаш! Што ж гэта робіцца?!
Зуёк. Маўчы, маўчы, дурная, маўчы. (Пагражае жонцы кулаком.)
Маці Зуйка(стаіць перад іконай). «Госпадзі, дай мне слёзы і памяць, і ўміленіе, паслушаніе, долгацярпеніе і кротасць… Ізбаві мяне ад маладушыя і акамяненнага нечувствія, ад дзьявальскага паспяшанія, ад лютага васпамінанія, ад завісці чалавечаскай і ад насілія па злобе, і ад власцей жастокасердных і нерадзівых… Госпадзі, весь перад табою, яко внезапно судзія прыідзет і каждага дзеянія абнажацца… Пуці твае ніспаведзімы, чалавек, яко трава дні яго, і не пазнает места свайго і не падумает о часе сваём… Госпадзі, гнев твой ачышчаюшчый да не да канца прагневаецца, не дапусці беззаконія, не па беззаконію нашаму судзі нас…»
Карціна пятая
Аўдзей(са злосцю, з пагрозай). Пасваталіся! Вось табе і пасваталіся, з’ездзілі!
(Працягвае з той жа злосцю, як бы сам сабе.) Гэта ён Аўдзею адмовіў! Ён мне па пуп (паказвае рукой ад падлогі) — і ён мне адмовіў. Ах ты… (Звяртаецца да сваіх.) Абыдземся! Мы не прападзём! Мы пражывём! Нічога! Наша ўсё цэла засталося, бедаваць няма чаго, у нас не прапала! Паглядзім, як ён сваіх усіх выдасць, каго ён лепшага знойдзе. Мы-то сабе дзеўку найдзем, гэтага шчасця хапае, толькі бяры! А ён… Паглядзім! Аўдзею адмовіць! Гэтак з хаты выгнаць, як жабрака якога. Я ета не забуду! Гэта яму проста так не мінецца. Унукі памятаць будуць.
Жабрак. Эх, Аўдзей, злом не пражывеш. Я ж казаў табе, паслухай…
Аўдзей(перабівае). Замоўкні, а то выганю да д’ябла на вуліцу, сядзіш на чужой печы, яшчэ і рот раскрываеш. (Да сваіх.) Кладзіцеся спаць, нечага сядзець!
Андрэй. Яна хацела за мяне. Яна хацела!
Аўдзей. Сам бачыў, што хацела! Бацька ўсё!
Андрэй. I бацька быў не супраць мяне!
Аўдзей. Як гэта не супраць?