Верка. Што?
Танька. А табе не страшна? Замуж?
Верка. Андрэй казаў, што ён мяне і пальцам не кране, яй-богу.
Зуйчыха. Во сарокі, языкамі лапочуць, а ў хаце не прыбрана. Як праўда людзі прыедуць?
Верка. Я зараз!
Танька. Я пайду, раскажаш пасля.
Дачка. Мам, а мам…
Зуйчыха. Што?
Дачка. А за каго б мне замуж пайсці?
Зуйчыха. Што? Шмат жаніхоў?
Дачка(задумаўшыся). Віцька — дык ён недарэка. Пецька зусім малы яшчэ. Сашка Сёмкін бегае да Валькі гуляць, мне гэтакі непатрэбны… А Саўка…
Зуйчыха(сур'ёзна). А што Саўка? За Саўкам без хлеба б не сядзела, у іх усе спраўныя.
Дачка. Не, мам… За Саўку я не пайду…
Зуйчыха. Чаму?
Дачка. У яго соплі з носа цякуць… Прама на губу.
Зуйчыха. А ты прыгледзь. За мужыком хто прыгледзіць. Калі Саўка ў бацьку ўдасца, за ім кожны дзень булкі есці будзеш.
Дачка. Як на Вялікдзень?
Зуйчыха. Як на Вялікдзень.
Верка. Мам, а калі цябе сваталі, боязна было?
Зуйчыха. Боязна. Толькі ў той час усё інакш было. Я твайго бацьку да сватоў і не ведала. Нас у сям’і дзве дзеўкі было на выданне, дык як прыехалі, то і не ведалі, да каторай. Во як было ў тыя часы.
Верка. Мам…
Зуйчыха. От ладна, усё яшчэ даведаешся. Бацькі няма — людзі прыйдуць, сорам. Панеслі чэрці на ета засяданне. Пачапёнак еты хаця і зяць, а розуму няма, і бацьку нашага цягне туды ж. Сядзелі б лепш ціхенька па хатах… Ды хто бабу паслухае… Ідзі дзеўкам дай паснедаць, бо прыйдуць людзі, сядуць ды гарэлку пачнуць піць, ды размаўляць, дык тыя галоднымі і застануцца.
Верка. Мамачка! Едуць!
Зуйчыха. А госпадзі! Бацькі ж няма! А госпадзі!
Аўдзей. Вечар добры! Прыйшлі не званыя, як прагоніце, дык міма пойдзем, а як пусціце ў хату, дык і вам гарэлкі нальем.
Зуйчыха. Заходзьце, заходзьце, сядайце. Мы гасцям рады. Сядайце. Толькі гаспадара нашага няма — во-во вернецца, выклікалі ў сельсавет, пайшоў пасля абеду ў ета мястэчка, павінен ужо вярнуцца…
Аўдзей. Па якіх справах выклікалі?
Зуйчыха. Зяць у нас… Старэйшую нашу дачку браў. Вы ж, мабыць, ведаеце, Пачапёнак…
Аўдзей. Чаму ж не ведаем. Ведаем. Мы хаця і жывём далекавата, але ж самі адсюль усіх добра ведаем. I Пачапёнка ведаем. Хто яго не ведае. Зяць не на ўдачу.
Зуйчыха. Яй-бо. Не на ўдачу. Ды што рабіць. Восем дзевак. Як пасватаў, так і аддалі. Нам выбіраць няма з чаго.