Бургамістр. Зразумееш у астрозе, з цябе скуру спушчу — усё зразумееш! Бургамістра не правядзеш!
Несцерка. Вось як, братка. Відаць, намазоліў я тут вочы, трэба далей ісці.
Кудрачок. А як жа з Пшэбыеўскім?
Несцерка. Тут брат — разарвацца, а не паддацца. Адпраўляй Кацярыну насустрач Андрэю, а як звечарэе — прыходзь да касцёла. Будзе яму нявеста, ды з другога цеста. Папомні маё слова: што лапці сплятуць, таго боты не разблытаюць. Будзе вяселле!
Карціна восьмая
Манах(у адзенні ксяндза). Будзьце мужам і жонкаю, дзеці мае. Пацалуйцеся!
Пшэбыеўскі. То цо такое?! Хто то? Ты каго, нягоднік, мне падсунуў?
Кудрачок. Не ведаю, паночку. Вы маскарад зрабілі, а мы — кірмаш. Вось і атрымалася ўсё шыварат навыварат.
Пшэбыеўскі. Ага, акруціць мяне захацелі — не выйдзе — вянчання не было, то ж не ксёндз, то кухар мой, татарын Мустафа.
Манах. Пабойцеся Бога, пан Пшэбыеўскі, які ж я татарын?
Пшэбыеўскі. А-а-а, а ты адкуль узяўся, цябе хто клікаў?
Манах. Несцерка прывёз — вось па вашым пісьме. (Падае пісьмо.)
Пшэбыеўскі. «Той, хто перадасць гэтае пісьмо, адвязе вас па маіх справах», — а, дык гэта гэты прайдзісвет!
Несцерка. Я-я, паночку, — прабачце, што затрымаўся, пакуль праспаўся пасля вашае гарэлкі.
Пшэбыеўскі. Ды вы ўдвух — і ты. (Кідаецца да Кудрачка.) Ды я цябе за доўг у астрог!
Несцерка. Заплоцім паночку — толькі распіскаю. Ад вашае жонкі. Памятаеш, Малання, тысячу, што дамаўляліся?
Пшэбыеўскі. Якой жонкі?
Малання. А то не? А то не абяцаў, а то не вянчаліся?
Пшэбыеўскі. Ціха, ціха.
Малання. А то я не пры ўсіх правах!
Несцерка. Вось і разлічыліся. Адным словам, каму вінен — усе прабачце.
Пшэбыеўскі. Ды што ж мне цяпер рабіць?!
Несцерка. Вяселле гуляць. Такая ўжо тут справа — глядзець трэба. На кірмашы і бык цельны. А купіў мыла — еш, хаця і не міла.
Пшэбыеўскі. Стойце! Гэта разбой! Лакеі — хапайце яго.
Несцерка. Ціха, ціха, паночку, — я таксама не адзін. Гэй, людзі.
Андрэй. Чакайце, дзе ксёндз — і нас таксама.
Несцерка. Гэй, ваша светласць, — давайце на вяселле. Пасля разберацеся, хто і ў што перавярнуўся. Гуляй, людцы, пакуль вяселле.
Маладыя хлопцы (акружаюць Маланню).
Малання.
Маладыя хлопцы (вакол Пшэбыеўскага).