— Нiхто цябе не будзе бiць. Вельмi нядобра было ёй так гаварыць. Але што здарылася? Што здарылася?
— Ён назваў мяне хлопчыкам-малпай. Ён сказаў, што я не сапраўдны хлопчык, што я — жывёлiна.
З вачэй у Цiмi палiлiся слёзы.
— Ён сказаў, што не хоча больш гуляць з малпаю. А я сказаў, што я не малпа. Я не малпа! Потым ён сказаў, што я вельмi смешны, што я жахлiва пачварны. Ён паўтарыў гэта многа-многа разоў, i я ўкусiў яго.
Цяпер яны плакалi абое.
— Але ж ты ведаеш, Цiмi, што гэта няпраўда, — усхлiпваючы, сказала мiс Фэлоўз, — i ты сапраўдны хлопчык. Ты сама сапраўдны i сама харошы хлопчык на свеце. I нiхто, нiхто нiколi цябе ў мяне не адбярэ.
Цяпер ёй лёгка было адважыцца, яна, нарэшце, ведала, што трэба рабiць. Але дзейнiчаць трэба было хутка, Хоскiнс не будзе больш чакаць, пацярпеў жа яго сын…
Гэта павiнна адбыцца ноччу, сёння ноччу, калi амаль усе служачыя Стасiса будуць альбо спаць, альбо весялiцца ў сувязi з паспяховым ажыццяўленнем «Праекта Сярэднявечча».
Яна вернецца ў Стасiс у нязвычны час, але ж гэта здаралася i раней. Ахоўнiк добра ведае яе, i яму нават у галаву не прыйдзе патрабаваць ад яе нейкiх тлумачэнняў. Ён i ўвагi не зверне на тое, што ў яе ў руках будзе чамадан. Яна разоў колькi прарэпетыравала гэтую такую простую фразу «Гульнi хлопчыкам», а ўслед за ёй спакойную ўсмешку.
I ён паверыў.
Калi яна зноў паявiлася ў памяшканнi домiка, Цiмi яшчэ не спаў, i яна, як магла, старалася паводзiць сябе так, як заўсёды, каб не перапалохаць яго. Яна пагаварыла з iм пра яго сны i выслухала яго роспыты пра Джэры.
I потым яе ўбачаць нямногiя, i нiкому не будзе нiякай iцкавасцi да таго клунка, якi яна будзе несцi. I Цiмi будзе паводзiць сябе вельмi спакойна, а потым усё астатняе стане fait accompi.[1] Задуманае здзейснiцца, i якi толк спрабаваць выправiць тое, што ўжо адбылося. Ёй дадуць магчымасць жыць. I м абаiм будзе падаравана жыццё.
Яна адчынiла чамадан i выцягнула з яго палiто, шарсцяную шапку з навушнiкамi i яшчэ сёе-тое.
— Мiс Фэлоўз, чаму вы надзяваеце на мяне ўсе гэтыя рэчы? — устрывожыўшыся, спытаўся Цiмi.
— Я хачу вывесцi цябе адсюль, Цiмi. Мы адправiмся ў краiну тваiх сноў, адказала яна.
— Маiх сноў? — яго твар засвяцiўся радасцю, але ён яшчэ не мог цалкам пазбыцца страху.
— Не бойся, ты будзеш са мной. Ты не павiнен баяцца, калi ты са мной. Праўда, Цiмi?
— Праўда, мiс Фэлоўз, — ён прытулiўся да яе галоўкай, i, абняўшы яго, яна адчула пад рукою бiццё яго маленькага сэрца.
Надышла поўнач. Мiс Фэлоўз узяла Цiмi на рукi, выключыла сiгналiзацыю i асцярожна адчынiла дзверы.
I тут з яе грудзей вырваўся крык жаху — яна апынулася тварам у твар з Хоскiнсам, якi стаяў на парозе.
З iм былi яшчэ двое, i, убачыўшы яе, ён быў агаломшаны не менш, чым яна сама.
Мiс Фэлоўз апомнiлася на нейкую долю секунды раней за яго i паспрабавала хуценька праскочыць каля яго, але, нягледзячы на гэты выйгрыш у часе, ён усё-такi апярэдзiў яе. Ён груба схапiў яе i адштурхнуў назад у глыбiню пакоя да шафы. Ён знакам загадаў астатнiм увайсцi ў пакой i сам стаў каля выхаду, засланiўшы дзверы.
— Гэтага я не чакаў. Вы зусiм звар'яцелi?
Калi Хоскiнс штурхануў яе, яна паспела павярнуцца так, што ўдарылася аб шафу плячом, i Цiмi амаль не ўдарыўся.
— Што здарыцца, калi я вазьму яго з сабой, доктар Хоскiнс? — як малiтву вымавiла яна. — Няўжо страта энергii вам даражэй за чалавечае жыццё?
Хоскiнс рашуча вырваў у яе з рук Цiмi.
— Страта энергii ў такiх памерах прывяла б да страты многiх мiльёнаў даляраў у кiшэнях укладчыкаў. Гэта катастрафiчна затармазiла б работы, якiя вядзе акцыянерная кампанiя «Стасiс Iнкарпарэйтэд». Гэта азначала б, што ўсiм i кожнаму стала б вядомая гiсторыя жаласлiвай медсястры, якая прычынiла каласальныя страты кампанii ў iмя ўратавання хлопчыка-малпы.
— Хлопчык-малпа! — у бяссiльным адчаi ўсклiкнула мiс Фэлоўз.
— Пад такiм прозвiшчам ён фiгураваў бы ў апiсаннях гэтае падзеi.
А тым часам адзiн з тых, хто прыйшоў з Хоскiнсам, пачаў працягваць праз адтулiны ў верхняй частцы сцяны нейлонавы шнур. Мiс Фэлоўз успомнiла шнур, што вiсеў на вонкавай сцяне камеры з абломкам каменя прафесара Адэмеўскага, той шнур, за якi некалi таргануў Хоскiнс.
[1] Споўненым фактам.