— Гэты Цiмi — хлопчык-мал…?
— Цiмi — дзiця, якое жыве ў Стасiсе, — рэзка перапынiла яе мiс Фэлоўз.
— Я хацела сказаць, што Цiмi — гэта той, каму нельга выходзiць з дому. Цi ж не так?
— Так. А цяпер заходзьце, у нас мала часу.
I калi ёй, нарэшце, удалося пайсцi, услед ёй пачуўся пранiзлiвы голас Мэндзi Тэрыс:
— Спадзяюся, вам дастанецца добрае месцейка. Далiбог, мне так хочацца, каб дослед удаўся.
Не ўпэўненая ў тым, што, адказваючы Мэндзi, ёй удасца захаваць стрыманасць, мiс Фэлоўз, нават не азiрнуўшыся, яшчэ больш заспяшалася.
Але з-за таго, што яна затрымалася, ёй не ўдалося заняць добрае месца. Яна з цяжкасцю прабiлася толькi да экрана ў Зале сходаў. Калi б ёй пашанцавала апынуцца паблiзу ад месца, дзе праводзiцца эксперымент, калi б толькi яна магла падысцi да якога-небудзь чуйнага прыбора, калi б яна як-небудзь умудрылася сарваць эксперымент…
Яна знайшла ў сабе сiлы авалодаць сабою. Простае ж псаванне прыбора нi да чаго не прывядзе. Яны ўсё роўна наладзяць яго i паставяць эксперымент нанава… А ёй нiколi не дазволяць вярнуцца да Цiмi.
Нiшто не магло ёй дапамагчы. Нiшто, апрача натуральнага i прытым непапраўнага правалу эксперыменту.
I ў тыя iмгненнi, калi адлiчвалiся апошнiя секунды, ёй заставалася толькi чакаць, напружана сачыць за кожным рухам на вялiзным экране, уважлiва ўзiрацца ў твары занятых у доследзе супрацоўнiкаў, калi то адзiн, то другi з iх трапляў у поле зроку; яна спадзявалася ўбачыць у iх позiрках выраз неспакою i няўпэўненасцi, як доказу ўзнiкнення нечаканых цяжкасцей у ажыццяўленнi эксперыменту, яна нi на секунду не адводзiла вачэй ад экрана…
Але яе надзеi не спраўдзiлiся. Была адлiчана апошняя секунда, i вельмi спакойна, без лiшняга шуму дослед паспяхова быў завершаны!
У нядаўна пабудаваным новым памяшканнi Стасiса стаяў барадаты сутулы селянiн няпэўнага ўзросту, у падраным, брудным адзеннi i драўляных сандалях; ён з тупым жахам азiраўся па баках, свядомасць яго не магла ўспрыняць такой раптоўнай, такой неверагоднай перамены.
I ў той момант, калi ледзь не ўвесь свет звар'яцеў ад захаплення, мiс Фэлоўз, скамянеўшы ад гора, стаяла адна нерухома сярод гэтае мiтуснi. Яе штурхалi, шпурлялi, ледзь не тапталi нагамi, а яна стаяла сярод натоўпу, якi вiраваў, трыумфаваў, i ўсё больш сцiскалася пад цяжарам страчаных надзей.
I калi скрыпучы голас у дынамiку назваў яе iмя, гэта дайшло да яе свядомасцi толькi пасля трохразовага паўтору.
— Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз, вас выклiкаюць у Першую Секцыю Стасiса. Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз…
— Прапусцiце мяне! — задыхаючыся, крыкнула яна, а дынамiк, нi на секунду не спыняючыся, усё паўтараў i паўтараў адну i тую ж фразу.
Сабраўшы ўсю сваю сiлу, яна адчайна прабiвалася праз натоўп, расштурхоўваючы людзей. Не спыняючыся нi перад чым, пусцiўшы ў ход нават кулакi, раздаючы направа i налева кухталi, яна ўвесь час вязла ў людскiм вiры, але ўсё ж такi рухалася да выхаду.
Мэндзi Тэрыс рыдала.
— Я проста не магу сабе ўявiць, як гэта адбылося. Я адлучылася ўсяго толькi на адну хвiлiнку, каб зiрнуць на той маленькi экран, якi яны паставiлi ў калiдоры. I раптам, перш чым я паспела штосьцi зрабiць… Вы самi сказалi мне, што яны нiчога не наробяць, вы самi параiлi мне пакiнуць iх адных! выкрыкнула раптам Мэндзi, пераходзячы ў наступленне.
— Дзе Цiмi? — гледзячы на яе няўцямнымi вачыма, спыталася мiс Фэлоўз, не заўважаючы, як дрыжыць нервова ўсё яе цела.
Адна сястра працiрала ў Джэры руку дэзiнфiцыйнымi сродкамi, другая рыхтавала шпрыц з супрацьслупняковай сывараткай.
— Ён укусiў мяне, мiс Фэлоўз! — душачыся ад злосцi, крыкнуў Джэры. — Ён укусiў мяне!
Але мiс Фэлоўз нават не звярнула на яго ўвагi.
— Што вы зрабiлi з Цiмi? — крыкнула яна.
— Я зачынiла яго ў ваннай, — адказала Мэдзi. — Я проста шпурнула туды гэтую маленькую пачвару i замкнула яе там.
Мiс Фэлоўз бягом рынулася ў лялечным домiк. Яна замарудзiлася каля дзвярэй ваннай, здавалася, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль ёй удалося, нарэшце, адчынiць дзверы i знайсцi ў кутку свайго выродлiвага хлапчука.
— Не бiце мяне, мiс Фэлоўз, — прашаптаў ён. Вочы яго пачырванелi, вусны дрыжалi. — Я не хацеў гэтага.
— О Цiмi! Чаму ты думаеш, што я буду цябе бiць? — падхапiўшы дзiця на рукi, яна моцна прытулiла яго да сябе.
— Яна сказала, што вы адлупцуеце мяне доўгай вяроўкай. Яна сказала, што вы будзеце мяне бiць, бiць, бiць…