MoreKnig.org

Читать книгу «У снягах драмае вясна» онлайн.


Шрифт:

Берасневіч засмуціўся. Заўсёды, калі іншыя размаўлялі пра мастацтва, яму здавалася, што чалавека дурнейшага за яго няма на свеце. I, аднак, было ў яго тое, чаго не бывае часам і ў крытыкаў-мастацтвазнаўцаў: стыхійнае разуменне прыгожага, неабходнага і лішняга ў карціне.

- Я не ведаю Бялыніцкага. У мяне, наогул, дзіўныя густы. З беларусаў я люблю Кавальскага, з рускіх - Левітана - асабліва "Над вечным спакоем". Гротгера люблю з палякаў. А чаму люблю - не ведаю.

- Я таксама iх люблю. У нас аднолькавыя густы.

Берасневіч раптам раззлаваўся.

- Чорт. Як усё ж такі мала таленту дадзена людзям. Вось я вершы пішу, дрэнныя вершы. А як бы я жадаў быць мастаком. І ведаеце чаму? Няма славутага на ўвесь свет беларускага мастацтва. Калі б я ўмеў маляваць, я б толькі гэта і рабіў. Не ведаю як, але намаляваў бы, напрыклад, дождж. На дарозе прыбіла пыл; таполі срэбныя, і дожджык срэбны. Парканы пацямнелі... Каб кожнаму, хто паглядзеў, так і здалося, што вось-вось гівал засвішча мядовым голасам.

- На гэта быў вялікім мастаком Чэка, іспанец.

- Не ведаю, як ён там маляваў Iспанiю. А я б сваё, роднае. Каб слёзы на вочы наварочвалiся. I яшчэ намаляваў бы паляну, а на ёй папараць. I ўсю гэту папараць сонца святлом залiло, стаiць яна светла-зялёная. А ў папарацi на конях б'юцца Ян Прыгожы i Балотны Уладар. За спiною ва Уладара - дрыгва, за спiною Яна - родныя лясы. I Ян - гэта народ. А папараць сонечная ўся вышэй аднаго ўзроўню, i здаецца, што конi плаваюць у паветры. Эх, што казаць!

Але вось і кансерваторыя. Алёнка затрымлівае руку Берасневіча ў сваёй і кажа:

- Уладзік, праз тры дні мае імяніны. Прыходзьце, калі ласка, вельмі вам буду ўдзячная. Прыходзьце ў сем.

- А хто яшчэ будзе?

- Мілорд, дзе ваша грэчнасць, як казалі галантныя продкі? Хто пра гэта пытаецца? Там буду я - хіба гэтага не досыць?.. Ну добра, досыць жартаў. Будзе з агульных знаёмых Жэнька. Для весялосці можна Янку запрасіць... Ну і Маркіча яшчэ.

Напэўна, у Берасневіча нешта прамільгнула ў вачах, бо Алёнка жартам сказала:

- А што? Ён жа начальства.

Развітвацца заўсёды гора. Берасневіч такім тонам сказаў "бывайце", што Алёнка трохі здзівілася.

А ён разоў дзесяць абараціўся, ідучы плошчаю ад кансерваторыі.

А пасля раптам пабег алеяю. Іначай саўладаць з радасцю было немагчыма. Яна спявала ў сэрцы, і грудзі дыхалі перарывіста.

Які спеў шчасця гучэў у гэты вечар над зямлёй! 

VI

Гэта быў вялікі і зусім непрыгожы будынак у верхнім горадзе. Шэры, з недарэчнымі вежкамі, бязглузда вялікі, з даволі неахайным унутраным дваром, сярод якога тарчала, як кітайская пагада, жалезная альтанка. Але ад таго, што тут жыла яна, - гэты дом быў самым прыгожым на свеце, тым больш што каштаны дапляснулі зялёным прыбоем да трэцяга паверха і вокны былі адчынены насустрач ім у многіх кватэрах.

Берасневіч і Янка няўпэўнена падымаліся па ўсходах. Яшчэ на вуліцы Уладзіслаў стаў зачэсвацца, рызыкуючы выклікаць выбух Янкавых досціпаў. Але Янка чамусьці маўчаў.

Вось і дзверы. Звычайныя, абабітыя цыратаю дзверы. Але ж за імі яна!

Званок у кватэры, i амаль адразу хуткiя крокi, дзверы адчыняюцца. Берасневiч цiха войкнуў, настолькi асляпляльнае вiдовiшча з'явiлася перад iм. Гэта была зусiм другая, не тая Алёнка, якую ён бачыў амаль штодня.

Блакітная сукенка, строгі карункавы каўнерчык, валасы, сабраныя ў нейкую дзіўную, высокую, як у Аэліты на малюнку, прычоску. А якія вялікія чыстыя вочы! ! які ў іх сіні, цёплы агеньчык.

Не, такой яшчэ не было.

Янка ўвайшоў у перадпакой і нізка схіліўся.

- О незнаёмка! Дазвольце павіншаваць вас з паспяховым з'яўленнем з пены марской. Уражаны ў самае сэрца. Дазвольце пажадаць вам шчасця бязмернага, радасці і працы ў плепорцыі і... ну, словам, каб усе любілі вас, каб давялося мне яшчэ ўпіцца на вашым залатым вяселлі. А гэта ад нас.

Зашастала папера. На святло выйшаў бок чатырохвугольнага прадмета. Берасневічу давялося з'ездзіць дамоў, каб дастаць такі падарунак. Гэта была саматужная разная шкатулка надзвычайна тонкай разьбы. На баках арнамент, на крышцы - зубры ў пушчы.

У Алёнкі крык захаплення вырваўся з грудзей.

- Рэкамендую адразу ж адчыніць, іначай шкатулка можа стаць саркафагам, - сказаў Янка.

Крышка паднялася. У той жа час адтуль выглянула вусатая шэрая галава з вялікімі бакамі.

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code