MoreKnig.org

Читать книгу «У снягах драмае вясна» онлайн.


Шрифт:

Ён занёс кулак і, падаючы ўсёю вагою цела на руку, ударыў у падбародак ворага. Той паваліўся, жмякнуўся ўсім целам, як падсечаны.

У той жа момант другі схапіўся з Уладзіславам. Біліся моўчкі. Ніколі яшчэ Берасневіч не адчуваў такой злосці. П'яныя маглі зачапіць яго, ён бы, можа, і сцярпеў, але за што яе?!

Яго здзіўляла толькі, што Маркіч стаяў і глядзеў, у той час як Алёнка бегла да месца бойкі. Але ўсё было скончана яшчэ да таго, як яна падбегла. Берасневіч перакуліў ворага, сеў яму на спіну і некалькі разоў моўчкі торкнуў яго галавою аб жвір.

- Пусці, - прахрыпеў той. - Пусці, я сын адказнага…

- Мне ўсё адно (Берасневіч малаціў яго галавою). Прасі прабачэння, чуеш, зараз жа прасі.

- Пусці яго, Уладзік… не трэба… ты заб'еш…

- Прабач, - здаўлена прабурчаў зрынуты.

- То-то ж бо, - сказаў Берасневіч, устаў і ўзяў Алёнку за руку.

Яны пайшлі да Маркавіча, які ўсё яшчэ стаяў наводдаль. Гнеў Берасневіча адразу астыў. Адчуваючы, што з носа можа пайсці кроў, ён прыкрыў да яго хустачку і сказаў:

- Бедная. Спудзілася ты.

- Спудзілася, - прызналася Алёнка. - за цябе.

I Берасневiч падумаў, што за такiя словы ён згодзен бiцца кожны дзень.

- За што ты так яго… галавою? - сказаў Маркіч.

- Не ведаю. Такія нам - горшыя ворагі. Як бандзюгі, як шпегі. Псуюць наша жыццё, абражаюць дзяўчат. Чуў, нядаўна Саркісян памёр, камуніст з 1903 года?

- Чуў!

- Не памёр, а забілі… такія вось, у парку. Здабыў для іх светлае жыццё, для шчанюкоў такіх. Іх страляць трэба, каб да камуны не дайшлі, не дажылі.

- Не, гэтыя не бандзюкі, - сказаў Маркіч. - Проста дробныя хуліганы.

- Такіх, вядома, трошкі нават нейк шкода. Маральна-дэфектыўныя, не будуюць, не змагаюцца - толькі і ведаюць, што на месяц выць ды лаяцца, як сабакі якія.

Яны адышлі даволі далёка ад месца бойкі, калі Берасневіч раптам сказаў:

- А гэты… "сын адказнага"… Студэнт, напэўна. Чорт, можа , некоторыя з іх не так ужо і вінаватыя. Інтарэсаў няма, шляхі ў навуку вузкія, аспірантаў бяруць зусім не па прынцыпу таленавітасці, а, у большасці выпадкаў, па прынцыпу гнуткасці спіны… асабліва ў нас, у філолагаў.

- Ну, табе абурацца няма чаго, - сказаў Маркіч, - за цябе вучоны савет. Ты, братка, верны аспірант. Што паробіш, талент. Гэта не тое што я…

І Маркіч уздыхнуў.

- Пакінь, - папрасіў Барасневіч. - Што там будзе - гэта яшчэ невядома. Адно скажу, таленавітай моладзі патрэбен прастор, патрэбна, каб жыццё было цікавым. А гэтага ў нас часта няма. І вось часам добры хлопец ідзе ў кампанію п'янюг, бывае, што й бандзюкоў. А маральных прынцыпаў мы таксама амаль не прышчэпліваем або прышчэпліваем дрэнна. Вось паглядзіце, дзе сярод студэнтаў больш за усё крымінальшчыны ў нашым універсітэце? Сярод юрыстаў. Звыклі лёгка глядзець на законы. А дзе сярод моладзі больш за ўсё вось такіх… малойчыкаў? Сярод дзяцей людзей нядрэнна забяспечаных. Бо звыклі на грошы лёгка глядзець. І не працаваць. Мне за кнігаю або рабочаму за станком такое глупства ў галаву не палезе.

Маркіч неяк надзвычайна ўхмыльнуўся.

- Што ж, выходзіць - выхаванне наша дрэннае?

- Не выхаванне, а нядбайнасць. Самазаспакоіліся. Працоўныя бацькі вырашылі выгадаваць панічоў.

- Як гэта… вырашылі. Выходзіць - яны перараджэнцы?

- Магчыма, я не так сказаў. Я факт даю. Ты прыпомні, як бацькі жылі. Галодныя, халодныя, а героі. А сынкі ў некаторых такіх бацькоў занадта тлушчам абраслі. Пагнаць бы іх з год дзесяці на некаторы час у працу, працу да мазалёў - верна кажу, была б карысць. А то жыве такая цаца бацькам на дрэнную ўцеху, а айчыне на невялікую славу.

- Глядзі, хлопча, - сказаў Маркіч. - Нешта ты мудрагеліш. Ты што ж, прапануеш дзяцей адбіраць?

- У бацькоў, якія хуліганаў выхоўваюць, - так. Дый чаму адбіраць? Жылі б у асаблівых установах, звыкалі да калектыву, ведалі б з пялёнак, што ўсе аднолькава хочуць жыць. Дый сам ты прыпомні Энгельса…

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code