Алёнка раптам схілілася тварам на далоні. Ён зразумеў, гэта быў занадта жорсткі ўрок, і таму прыбавіў з нечаканым сумам:
- Кіньце гэта. Вы ведаеце, мой голас мае і іншыя адценні. Але не трэба, не трэба гэтага зараз. Вы ведаеце, гэта ўсё скончылася, я чужы для вас. Сядзіце спакойна, размаўляйце са мною як са старым, напаўзабытым сябрам.
Ён зусім не чакаў гэтага, але плечы Алёнкі раптам затрэсліся. Ведаючы, што ў такіх выпадках лепей за ўсё дапамагае роўны, сухаваты тон, сказаў:
- Вы не ведалі, што я жыву тут, у гэтай вёсцы?
- Не.
- Веру вам. Я таксама кажу шчырую праўду: я ведаў, што паедзеце вы, і назнарок папрасіўся вознікам. А зараз бярыце хустачку, тут нічога няма страшнага. Глядзіце, усё добра на свеце. Месяц над раўнінаю, снягі.
- Дзякую, мой настрой не вельмі сапсаваўся, - ціха сказала яна. - Што казаць, я думала, што вы наогул дзесьці зніклі, хоць пасля да мяне дайшлі невыразныя чуткі, што Паўлюк з вамі перапісваецца. Як вашы справы?
Берасневіч сцісла расказаў пра сваё жыццё за апошнія чатыры гады. Яму здавалася, што нічога асаблівага ў ім не было: скончыў завочна універсітэт, працуе тут, шмат паспеў зрабіць для вёскі і для сябе. Але ёй усё гэта здалося надзвычайным:
- Які вы дзіўны чалавек. Такая энергія! I не сумавалі па горадзе?
- Спачатку вельмі. Але калі ў чалавека справы, ён не сумуе. Бачыце, стаў сапраўдным гіпербарэйцам, слухаюць мяне не адны дзеці, але й коні. Аднойчы на піліпаўку мяне і адну настаўніцу тут ледзь ваўкі не заелі. Давялося два кілометры, да вёскі, паліць па частках кнігі, якія неслі з сабою. Пасля столькі смеху было.
- Жах які!
- Нічога жахлівага. Такіх выпадкаў тут год семдзесят не было. Праз некалькі дзён я згуртаваў паляўнічую каманду, і мы ўвесь гэты вывадак знішчылі: маці, мацёрага, прыбылых. Паглядзелі б зараз, якая шкура ў мяне ў пакоі, ля ложка, ляжыць. Толькі кніжак шкода.
- I ўсё ж гэта жахліва! Я б на месцы той настаўніцы памерла. А як яна?
- Нічога. Яна ўжо два гады, як паехала дадому, не працуе тут. А як у вас справы?
- Таксама нічога. Кансерваторыя хадайнічала, каб пакінулі мяне ў горадзе. Скончыла і кансерваторыю, зараз выступаю. Даводзіцца трошкі ездзіць. Вось і сёння таксама. Здаецца, карыстаюся поспехам.
Берасневіч глянуў на яе з-пад калматай шапкі насцярожана:
- Вам не трэба размаўляць. Холадна. Давайце я вам аддам свой шарф.
- Ат, - усміхнулася яна, - спяваць мне яшчэ колькі год, а з вамі размаўляць толькі гэты вечар.
Сэрца ў Берасневіча зашчымела, але ён прыняў абыякавы выгляд і сказаў як мага роўным голасам:
- Чаму? Можа, калі-небудзь і сустрэнемся. Мне здаецца, у гэтым зараз для нас няма небяспекі. Калі магчымы такія размовы, значыцца, людзі астылі. Бярыце, бярыце шарф.
I з чароўнай мужчынскай дурасцю, якая лічыць, што яна хітрэйшая за ўсіх на зямлі, спытаў занадта абыякавым тонам:
- Спадзяюся, што раўнаваць за гэта ваш муж не будзе?
Алёнка строга паглядзела на яго з-пад белых махнатых веек.
- Не, не будзе.
Толькі на адно імгненне ў яго вачах праслізнула нешта незразумелае, каб адразу згаснуць.
- Ну вось і добра, - сказаў ён. - Як кажуць, віншую. Вазьміце шарф.
I ён уклаў яго ў яе маленькую цёплую руку, якая раптам здрыганулася, адчуўшы дотык яго пальцаў.
- Які цёплы, мяккі, - сказала яна. - Дзякуй вам.
- Ну вось і добра, вось і добра... Н-но-о, каб вы здаровыя былі!
Сані пабеглі хутчэй. Чорная пушча стаяла з бакоў, засыпаная снегам. Рухаўся злева над верхавінамі дрэў самотны, халодны месяц. Лясныя яры, волаты-дрэвы над галавой, сагнутыя цяжкім снегам у арку маладыя бярозкі. Дзіч!