А Берасневіч усё яшчэ стаяў. Часам мозг забываўся на ўсё, і яму здавалася, што ён едзе на вакацыі, што яшчэ будзе лета, што зараз прыедзе праводзіць яго Алёнка. Патроху ён і сапраўды пачаў чакаць яе, і яму здавалася, што яна прыйдзе, што яна неадменна павінна прыйсці, таму што нельга не адазвацца на такое жаданне, на такі прызыў.
Жаданне вырастала, запаланіла яму ўсё сэрца, ён глядзеў на гадзіннік, на якім шалёна скакалі стрэлкі, крочыў па платформе, не заўважаючы халоднай імжакі.
- Грамадзяне пасажыры, цераз пяць хвілін адыходзіць цягнік...
Як, ужо? Гэтага не можа быць.
Ён глядзеў на пуці, сэрца яго замірала ад кожнай жаночай фігуркі, якая бегла да вагонаў... Здаецца, яна! Не, не яна... Тры хвіліны засталося... Вось, здаецца... Дзве хвіліны... Адна... Гудок цягніка. Гудок! Гудок!
Цягнік рушыў.
I ўсё ж ён стаяў у тамбуры і глядзеў у дзверы, пакуль не зніклі з вачэй перон, вакзал, вялікія будынкі горада, пакуль не пачалі скакаць абапал рэек сады прадмесцяў. Пасля паставіў каўнер паліто, усміхнуўся нявесела і сказаў сам сабе:
- Вар'ят. Усё ж было ясна.
Цягнік ішоў.
Знік горад. Змрок залёг за рэйкамі, пачалі пісаць нетры, яліны, цьмяная вада балотцаў.
Хто ж населіць гэту краіну казкі? Хто песнямі напоўніць маўклівыя лясы? Дзе ты, Алёнушка?!
Светлыя плямы ад вокан беглі па ялінах; гулка аддавалі рэхам пад коламі масты.
XIX
XX
Эпілог
Снегапад быў такі, быццам маленькія белыя ружы ляцелі і плаўна апускаліся на зямлю. Усё пабялела: навакольныя пушчы, стрэхі хат, нябачны пад ільдом ручай. Снег, як белы флёр, няспынна варушыўся паміж небам і зямлёй і асабліва прыкметны быў у слабых конусах святла, якія клаліся наўскос з акон. Поркаліся яшчэ там-сям ля хлявоў бабы, з аўчарні даляталі кволыя, слабенькія галасы ягнят. Снег ператварыў у казачных волатаў вербы ля дарогі, снег схаваў у пуховыя падушкі аранжавыя вокны, снег абляпіў грэблю і вялізнае кола млына.
I такой дзіўнай, такой казачнай была вёска Вавуліцкі Млын праз гэты вясельны вэлюм, што Берасневічу, які апошнія дні перабываў у дрэнным гуморы, не захацелася сядзець у хаце. Нешта лёгкае, радаснае, светлае, як у дзяцінстве пад Новы год, ахапіла душу, калі здавалася, што толькі выйдзі зараз з хаты - і абавязкова стрэне цябе шчасце. Але ён ведаў, што гэты настрой няпрочны, як пылок на крыльцах мятлушкі: выйдзеш, пацягне кудысьці, а ісці няма куды. Можна ў раён за шэсць кіламетраў - не хочацца. У клубе (старой папоўскай хаце: новага зрабіць не ўдасужыліся) кіно няма, выступаюць нейкія артысты - таксама ісці не хочацца, ніхто добры не прыедзе, у гэтым ён пераканаўся за чатыры гады. Пойдзеш да сяброў - абавязкова справа скончыцца гарэлкаю, а яму сёння не хацелася і думаць пра зялёныя шклянкі, скупое святло газніцы, вечныя размовы пра тое, што час яму ажаніцца, што вось яны зараз толькі вып'юць чарку, возьмуць паўлітэрку і бохан хлеба і накіруюцца да той дзяўчыны, да якой ён скажа, што такіх дзяўчат, як у Вавуліцкім Млыне, нідзе няма, што талакою яму пабудуюць хату. Ён не імкнуўся адсюль (занадта многа працы ён уклаў у школу, клуб, сад), не імкнуўся ад гэтых хат, халоднага клуба з рухавічком, ад млына, ад школы на адхоне, ад невялічкай крамы, дзе гандлююць фруктовым чаем і гарэлкаю, але думаць пра жонку таксама не мог. Пачытаць нешта? Да бібліятэкі, якая была ў клубе, не хочацца ісці таксама.
I Берасневіч лёг на ложак, закінуў пад галаву рукі.
Сцяна была цёплая ад печкі, падаў і падаў за акном снег.
Папрасіў у гаспадыні чаю (ён стаў за апошні час сібарытам і палюбіў кейфаваць у цяпле). Ціха ўсё. Заўтра нядзеля, сшыткаў няма.
Настаўніцкае шчасце!
Не, не такім ён уяўляў яго сабе чатыры гады таму, хоць і тут ён шчаслівы, хоць палова школы - плён яго працы, хоць ён адзін з самых карысных у вёсцы людзей. Але ўсё ж...
Чатыры гады мінула, адбыліся вялізныя змены ў дзяржаве, і з кожнай зменай Берасневіч адчуваў, што гэта яго думка, што робіцца яго справа і сама дзяржава робіцца ўсё больш і больш роднай яму, без ранейшых непаразуменняў. I маркічаў ставала ўсё менш, бо новае патрабавала, каб кіраўнік проста працаваў і займаўся гаспадаркай, а не мянціў языком на зборах. Стала спакайней на сэрцы.
Шмат сплыло вады, зацягнуліся старыя раны, і толькі часам недзе пад сэрцам варушыўся калішні, напаўзабыты боль. Так, былое мінула, але якую глыбокую рану пакінула яно!
Пра Алёнку Берасневіч нічога не чуў і не ведаў: быў чалавек - і няма яго...
Не, ляжаць так было немагчыма. Успаміны наплывалі, наплывалі. Усё адно, хоць і ў бібліятэку. Абы рухацца, абы не думаць. А тут яшчэ на двары пачуўся голас гаспадара, які з'явіўся трохі падпіты і зараз трымаў прамову да сабакі:
- Малімончык ты, лабідуда. Намачыў акурат на дарозе. У будку трэба мачыць, у будку.
Берасневіч хутка ўстаў, апрануўся, праскочыў паўз гаспадара і пайшоў да клуба.
Які чароўны, які нявінны падаў снег! Вербы ля дарогі, пушыстыя сады, саламяныя стрэхі - усё такое белае. I клуб за вішнёвым садам так прыязна міргае акенцамі.
Берасневіч спыніўся ля клуба, каб пакурыць. Цёмная постаць у кажусе і вялікай шапцы высунулася на яго з цемры.
- Дзядзька Нічыпар, вы? - спытаў Берасневіч.