MoreKnig.org

Читать книгу «У снягах драмае вясна» онлайн.


Шрифт:

I ён коратка расказаў пра сутнасць тых сваіх учынкаў, на якія выступіў з рушэннем Маркіч. Растлумачыў пра нацыяналізм, пра абразы таварышаў і ніцшэанства, пра адносіны з Холадавым. Апавяданне было кароткім. Моцны чалавек, ён не мог абараняцца ад несправядлівасці, ужываючы хлусню і забароненыя прыёмы. Да таго ж і Алёнка...

- Н-няма чаго казаць, тактыка, - прагаварыў чырвоны Холадаў, - не прызнаваць сябе вінаватым. Нахабства нейкае.

- Не, гэта не нахабства. Калі я размаўляў, можа, занадта рэзка, дык і таварыш выкладчык мяне абразіў. I я зусім не казаў пра памылку Энгельса, я казаў, што гэта гучыць як быццам памылкова з нашага, сучаснага пункту гледжання, бо марксізм развіваецца, ён не догма. I што сказаць у адказ на беспадстаўныя словы, што я не жадаю вывучаць марксізм? Гэта так бязглузда. Як гэта я магу не жадаць трымаць у руках ключ да гісторыі грамадства? Мяне ведаюць мае сябры, яны ведаюць, як я старанна заўсёды гатуюся да семінараў, яны ведаюць, што я няблага ведаю прадмет. Таварыш Маркевіч, напрыклад, ніколі не крыўдзіўся на мяне за тое, што я хачу думаць, што я разважаю, што я ведаю творы варагоў таксама. I вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ёсць у нас яшчэ цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў, - я кажу гэта проста ў вочы, і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму - гэта яшчэ не нацыяналізм. Я кажу адверта, што люблю. I пра парадак прыёму аспірантаў я казаў, і мяне падтрымаў таварыш Грушэвіч. Адказваць на тое, і што я з пагардаю стаўлюся да людзей - непатрэбна. Няхай скажуць усе, ці быў я дрэнным сябрам, ці схаваў я апошняе, калі ў мяне нешта было? Ніхто не кіне ў мяне камень. Вы гэта зразумееце, а тыя, што наўмысна жадаюць перакруціць мае словы і ўчынкі, тых мае словы не пераканаюць.

Маркіч закруціўся, ён бачыў, што прамова Берасневіча зрабіла ўражанне, што Берасневіча сапраўды ведаюць і любяць, і таму нанёс апошні ўдар, прыгадаў тое, ад чаго толькі Берасневіч і не мог апраўдацца:

- Ты яшчэ пра шкодніцтва раскажы.

Берасневіч ведаў, што няпэўны адказ дасць Маркічу і Холадаву радасць, але не мог прыдумаць нічога. Ён маўчаў. Нельга ж было сказаць, што ён і зараз думае так. Маўчаў і зал, адчуваючы, што ўдар быў смяротным.

Маркіч з трыумфальным выглядам павярнуўся да Сяляўкі, які сядзеў са змярцвелым пакутніцкім тварам:

- Праўда гэта ці не, Сяляўка? Гаварыў ён такое ці не?

Сяляўка ўстаў, крыва пасміхаючыся, паглядзеў на Маркіча, на Берасневіча. Твар яго стаў белым і жорсткім.

- Ну дык як? Як? - дамагаўся Маркіч.

- Падла ты, злодзей! - нечакана загрымеў, несамавіта закрычаў Сяляўка, адразу пераходзячы на віцебскі дыялект. - Такім свінням, як ты, у вочы пляваць трэба! Нашто топіш добрага чалавека, дрэнь?

Таму што чалавек закрычаў так утрапёна ў першы раз за тыя гады, што яго ведалі, усім стала страшна. Усе адчулі, робіцца нешта неймаверна гнюснае, але адчулі толькі на хвіліну.

Звон алоўка.

- Рыгор, навучыся трымаць сябе. Агіднасць якая! Маўчы!

- Няма чаго, Касмач, мне маўчаць! Ты вось зараз і Уладзіку спачуваеш і Маркіча баішся, хвост па ветру! На тваіх вачах чалавека без нажа рэжуць!!! Што ж ты сабе думаеш?

Зноў звон алоўкам.

- Я не буду з табою спрачацца. Маўчы пакуль што, - сказаў Касмач.

...Выступаў пасля гэтага Холадаў і гаварыў разгромную для Берасневіча прамову, гаварыў дэкан, які толькі і сказаў, што ў Берасневіча не ніцшэанства, а самаўпэўненасць.

Справы Берасневіча рабіліся ўсё горшымі і горшымі.

Група маўчала. Маркіча баяліся, бо ведалі: такі здатны на ўсё.

Гаварыў і Паўлюк, гаварыў у лірычным тоне і скончыў на тым, што сказаў: "Не той герой і камсамолец, хто мянціць языком, а той, хто камень над сябрам падтрымае".

Маркіч толькі ўсміхнуўся ў адказ на гзта і сказаў з нядобрай грымасаю:

- Гер-рой. Гэта ён, Берасневіч, яго падвучыў сказаць такое. Бачыце, адны толькі яго сябры і выступаюць.

Чорныя бровы Паўлюка таргануліся.

- Я шкадую, што мы тут, на зборах, у прысутнасці выкладчыкаў. За такія словы ў прыстойнай кампаніі б'юць па мордзе. Гніда ты!

Паўлюка прымусілі пакінуць аўдыторыю за сваю грубую выхадку. Словам, ён яшчэ больш сапсаваў і без таго не бліскучую справу.

Папрасіла слова Капасевіч толькі дзеля таго, каб паручыцца за Маркіча сваім партыйным сумленнем, пасля чаго Маркіч сказаў толькі:

- Я не крыўджуся на абразы з боку такіх людзей, як Берасневіч. У яго ўсё толькі ў асабістых інтарэсах. Ён згадзіўся б, каб правалілася ўся зямля, толькі б быў яго дамок і садок і каханая жонка поруч.

Берасневіч ледзь не крыкнуў, што гэта перакручаныя словы яго ліста, які не дайшоў да Алёнкі, што, відаць, ліст гэты ўзяў Маркіч, але паглядзеў на сухі, невыразны і жорсткі твар Алёнкі і... нічога не сказаў. Каму гэта было патрэбна зараз? Ён усё адно не назаве яе імя, а значыцда, заява будзе галаслоўнай, яшчэ падумаюць, пгго ён гэта зрабіў для таго, каб скампраметаваць Маркіча. Не трэба.

А Маркіч паглядзеў на студэнтаў, зрабіў суровы выраз на твары і сказаў разважліва:

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code