MoreKnig.org

Читать книгу «У снягах драмае вясна» онлайн.


Шрифт:

- Ён лічыць сябе звышчалавекам, грубы з сябрамі, пры мне сказаў, што не падасць таварышу Галаўню рукі за нявінны жарт. Ён, гэты так званы чалавек, лічыць людзей толькі прыступкамі, па якіх можна падняцца. Гэта добра ведаюць тыя, што сядзяць зараз поруч з ім.

- Хто гэта? - абурыўся Янка. - Мы? Я быў вінаваты, я абразіў яго гэтым ідыёцкім, хлуслівым фарсам... I мы ведаем, што Берасневіч аддасць апошняе сябру, а не...

Касмач зазваніў у графін. Янка сеў на месца.

- Далей, таварыш Маркіч.

- Ён лічыць, што на лекцыі могуць хадзіць адны "шарачкі", што для яго, вялікага, гэта занадта нізка. Мала таго, калі я пачаў размаўляць з ім пра гэта, ён абразіў брутальнымі словамі нашага паважанага лектара, Івана Аляксандравіча Пірагоўскага, злосна кпіў з прафорга Капасевіч, смяяўся над лекцыямі выкладчыка, паважанага таварыша Холадава.

- Якія ты сам называў "курсам гамілетыкі"! - голасна крыкнуў Жэнька.

Маркіч нават не пачырванеў:

- Так, таварышы, такое было. Я не веру ўласным вушам, але было, было. О, каб гэта было выдумкай - як бы лёгка стала ў мяне на сэрцы, як лёгка! Але гэта так. Ніцшэ ён чытае, а вось як ён адказвае на семінары ў таварыша Холадава, гэта чулі ўсе. Ён не хоча, паўтараю, не хоча вучыць марксізм.

Нехта войкнуў. I сапраўды, удар быў жахлівай сілы. А тут яшчэ сунуў свае тры грашы Холадаў:

- Гэта так. Я гэта даўно заўважаў. Энгельса ў памылцы абвінаваціў.

- Дык вось, - загрымеў Маркіч. - Я яшчэ не скончыў, але спытаюся ў вас, ці месца такому чалавеку ва універсітэце і ў камсамоле? Не ведаю, не ведаю, але вырашыць усё, вядома, група.

I ён трыумфальна паглядзеў на пярэднія рады. Студэнты сядзелі збянтэжаныя, а многія, відаць, зразумелі, што ўмяшацца ў справу зараз будзе небяспечна. Таму маўчалі.

- Скажу цяпер пра тое, што я чуў ад іншых. Аднойчы, яшчэ ў мінулым годзе, Берасневіч размаўляў з адным студэнтам і абураўся, што не даюць чытаць буржуазных кніжак. Пасля гэтага назваў нашых людзей цемрашаламі і дзікунамі і абураўся нацыянальнай палітыкай.

- Цікава, скуль ты здабыў такія свежыя звесткі? - спытаў Паўлюк. Вочы яго палалі, зморшчына на лобе яшчэ больш рэзка азначылася. А Маркіч меў выгляд баксёра, які зараз удала накаўтуе праціўніка.

- Ёсць і сведак. Устань, Сяляўка.

Сяляўка ўстаў, вялікая пакута была на ягоным млявым твары. Ён глядзеў на вузкі лоб Маркіча, на тытунёвыя самазадаволеныя вочы і вагаўся, чырванеў, маўчаў.

- Чуў ты гэта цi не?! Праўда гэта цi няпраўда?!

Сяляўка ледзь выціснуў:

- Праўда, але не зусім.

- Праўда гэта ці не?!

- Праўда, але ён...

- Усё, усё ясна, - адрэзаў Маркіч. - Сяляўка мне гэта яшчэ тады сказаў. Факт засведчаны! Цікава, што ён скажа зараз?

Берасневіч падняўся, пабачыў на сабе зацікаўленыя позіркі, глянуў на выкладчыкаў. Відаць, і яны завагаліся, глядзелі на яго з чаканнем, магчыма, нават непрыязна. Ён перавёў позірк на Алёнку і жахнуўся: нават яна глядзела на яго з жахам і гідлівасцю. Ён вінавата ўсміхнуўся і паспрабаваў быў пакласці сваю далонь на яе руку, якая ляжала на стале, але яна адсунула яе.

- Не кранайся, - сказала яна. - Ілгун.

Добра, што было цёмна і ніхто не заўважыў, але Берасневіча як быццам бабухнула па галаве, і рознакаляровыя кругі закруціліся перад вачыма. Замест таго каб казаць па прадуманаму плану, ён сеў на месца.

- Я не буду гаварыць. Ён ілгун, несумленны, нядобры чалавек.

Гэты ўчынак зрабіў тое, што і частка студэнтаў абурылася. Нехта сказаў голасна:

- Што ж гэта ён, лічыць за нізкае адпавядаць нам?

Берасневіч пабачыў зларадную ўсмешку на твары Маркіча, і гэта дало яму сілы.

- Не, таварышы, я не лічу за нізкае адказваць калектыву. Паўтару толькі: ён ілгун. Вы ўсе былі сведкамі маёй размовы з таварышам Холадавым і ведаеце, у чым сутнасць справы. Я не вінаваты.

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code