MoreKnig.org

Читать книгу «У снягах драмае вясна» онлайн.


Шрифт:

У аўдыторыі ўзняўся шум. Міколу давялося хвілін пяць біць алоўкам па графіне, пакуль не стала цішыня.

- Ну што ж, - сказаў Маркіч, - ад мяне патрабуюць доказаў. Я не жадаў даваць іх, але зараз, каб мяне не так вінавацілі, не называлі паклёпнікам, я іх дам.

- I няхай Берасневіч адказвае адразу на кожнае абвінавачанне, - сказаў дэкан, гледзячы на Берасневіча са спачуваннем, якое выразна адбівалася ў старэчых добрых вачах.

Маркіч выцер хусткаю потны лоб і сказаў эфектна:

- Не жадаю кідаць у гэтага чалавека брудам... Не, не магу...

- Кажы! - закрычала Капасевіч. - Пачаў, дык кажы!

- Ну добра. Першае, гэты чалавек - нацыяналіст. На маёўцы, у прысутнасці людзей з нашай групы, ён казаў, што адзін народ адрозніваецца ад другога толькі колькасцю. Ён апраўдваў буржуазны нацыяналізм...

- Брэшаш, - выкрыкнуў Янка, - я быў пры гэтай размове!

- Няпраўду кажаш, - узняўся Берасневіч, - ты пашукай у XIX томе ў Леніна на старонцы 204. Там ты адшукаеш менавіта такі "нацыяналізм", які я прапаведаваў. I ты мне такіх думак не прышывай. Я казаў, што часта пісьменнікі забываюцца на тое, што наша літаратура павінна быць усё ж такі нацыянальнай па форме - гэта так. А за абразу можаш атрымаць.

Маркіч ухмыльнуўся:

- Не так гэта ўсё нявінна было, студэнт Берасневіч. А хто крытыкаваў сучасную нацыянальную палітыку? Хто казаў, што ёсць улюбёнцы і занядбаныя дзеці?

Берасневіч глянуў на Паўлюка. Паўлюк збянтэжана знізаў плячыма: было ясна, расказаў не ён.

- Ну што ж, - проста сказаў Берасневіч, - адмаўляцца не буду, казаў. Хіба мала ў нас такіх абураючых фактаў? Я ведаю, гэта "ад лукавага". Міне год-два, і гэтага з ліхтаром не адшукаеш. Напрыклад, антысемітызму.

- Не, ён назваў гэта шкодніцтвам, - захрыпеў Маркіч.

Што было сказаць на гэта? Гэта быў пяцьдзесят другі год, пра Берыя ў той час, як вядома, не чулі, і нават праз год яшчэ Чудзікаў зрэзаўся на іспытах, не ведаючы пытання: "Адзнакі сацыялістычных нацый у азначэнні Л. П. Берыя".

Берасневіч не адказаў нічога, замест гэтага ён спытаў:

- Падножкі ставіш?

- Што ты! - жахнуўся Маркіч.- Слухайце, таварышы, ён лічыць мяне ворагам. Але я пасля збораў падыду да яго, пацісну яму руку, бо зусім не перастаў лічыць яго чалавекам. Я яго люблю, ён мне дарагі, і я хварэю за яго сэрцам сваім.

- "За кого ж ти розип'явся, Христе, сине божий?" - голасна прачытаў Янка радок з Шаўчэнкі. - За Маркіча?

Недзе зарагаталі, але Мікола Касмач, ледзь стрымліваючы ўсмешку, загрукаў алоўкам па графіне:

- Ціха! Выведу, Галавень.

Не ўсміхнуліся толькі ў асяроддзі Маркіча. Каму даводзілася бачыць такі тып людзей, той ведае, што гумару яны арганічна не разумеюць.

Лунінецкая, калі пачула словы Маркіча, упершыню з цікавасцю паглядзела на Берасневіча.

- Дазвольце мне, хоць я даўно выйшла з камсамольскага ўзросту, сказаць слова. Вы, таварыш Маркіч, супярэчыце самому сабе. Калі чалавек, як вы кажаце, нацыяналіст, дык праявы ў нас антысемітызму гэта зусім не яго клопат. Выходзіць, што гэта не нацыяналізм. Што ж гэта такое? Можа, проста патрыятызм, інтэрнацыяналізм, павага да ўсіх народаў?

Маркіч спудзіўся. Ён унікаў спрэчак з выкладчыкамі.

- Добра, магчыма, што мы тут памыляемся. Я буду гаварыць далей. Спачатку я скажу пра тое, што чуў я сам. Ён вінаваціў нашу навуку, казаў, што ў пытанні пра аспірантуру часта ўлічваюцца не веды, не талент чалавека, а блат.

- Гэта не сакрэт, - заўважыў дэкан. - Ёсць у нас і такія выпадкі.

- Няхай так, - выкруціўся зноў Маркіч, - але слухайце далей. Ён казаў, што хуліганства ў нас ёсць таму, што мы не звяртаем увагі на выхаванне людзей, казаў, што хуліганы - гэта дзеці адказных работнікаў, паклёпнічаў на лепшых сыноў нашай краіны. А наконт таго, што ён не любіць нашай рэчаіснасці, гэта ведаюць усе. У інтэрнаце нават паставілі фарс, у якім не без падставы называлі яго "жыхаром шаснаццатага стагоддзя".

Гэтага мала, таварышы, я скажу яшчэ вось што: гэта чалавек, які пагарджае нашай філасофіяй, чытае Ніцшэ і, відаць, бярэ з яго рэакцыйнай філасофіі многае.

Берасневіч, узрушаны і абураны, як кожны, хто чуе, як яго словы перакручваюць і бессаромна хлусяць пра самую яго сутнасць, хацеў было крыкнуць, але ў яго сціснула глотку. Сціснуўшы кулакі так, што пабялелі суглобы пальцаў, ён глянуў на Алёнку. Тая слухала амаль са слязамі на вачах, і з гэтага імгнення Берасневіч раззлаваўся па-сапраўднаму, вырашыў, што змяшае Маркіча з зямлёю, няхай ён толькі скончыць.

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code