MoreKnig.org

Читать книгу «У снягах драмае вясна» онлайн.


Шрифт:

I, не адказваючы на яго папіканні, узяла яго галаву і схіліла сабе на плячо:

- Ну вось, зараз добра.

Усе словы выявіліся дарэмнымі. Ен проста ахінуў яе плашчом, прыціснуў бліжэй да грудзей.

- Маўчы. Маўчы, - сказала яна. - Я ўсё сцярплю ад цябе, але ты ўсё ж не рабі са мной такога, не крыўдуй на мяне.

Нічога як быццам і не было. Зноў пацяклі хвіліны ночы над ракой, але якая змена адбылася вакол. Рака плыла з лянівай асенняй заспакоенасцю, зоры смяяліся так пяшчотна і радасна, агеньчыкі слабодкі моргалі так мірна і даверліва. Добра было жыць!

І паплылі спакойныя асеннія дні. Удзень лекцыі, пасля - музеі, прагулянкі, вечарам тэатр або апошнія сімфанічныя канцэрты на летняй сцэне. Калі прыходзілі хвіліны роздуму, Берасневіч баяўся аднаго, як бы не страціць яе, не страціць шчасця. Горшага за гэта ён не мог сабе ўявіць. Мінула нейкіх сем месяцаў з дня першай сустрэчы, а здавалася, што кахае ён усё сваё жыццё.

Думкі пра тое, што за шчасце давядзецца расплачвацца, што чалавек ніколі не прыходзіў да яго прамой дарогаю, без зрываў і пакут, што такое шчасце - нямоцнае шчасце, што чалавек праходзіць праз навальніцы і полымя, перш ніж атрымае права звацца чалавекам, - прыходзілі звычайна на канцэртах і асабліва на любімай фантазіі "Франчэска да Рыміні". Яму здавалася, што жахлівы, касмічны кругаварот уносіць не Франчэску і Паоло, а яго з яго каханнем. "Плаці! Плаці за шчасце, плаці за хвіліны кахання!" - як быццам казаў нейкі нязнаны голас. Нарэшце, нават Дантэ давялося прайсці пекла, перш ніж ён адшукаў Беатрычэ.

На адным з такіх канцэртаў, ледзь толькі сціхлі гукі музыкі, Берасневіч падняў галаву і, раскрыўшы вочы, пабачыў проста перад сабою, у праходзе, Маркіча, які стаяў, склаўшы накрыж рукі, і глядзеў на іх з люта-гумарыстычнай усмешкаю. Скуль ён узяўся - невядома.

- Што гэта ты ўзнік перад намі так нечакана? Бы Мефістофель са сцяны, - пажартаваў Берасневіч.

- А-а, вось яно як? Ну што ж, заспяваць вам серэнаду, ці што?

І заспяваў напаўголаса:

Берасневіч перабіў яго:

- Далей, браце, не трэба. Па-першае, мы ведаем, па-другое, да мяне такія словы не падыходзяць, па-трэцяе, голас у цябе вельмі ўжо такі... не авантажны. Як той казаў, ёсць такія галасы - устаюць дыбам валасы.

- Ну і ў цябе таксама... добры голас.

- А я пра сябе і не кажу. Пра мяне яшчэ ўкраінскі паэт Руданьскі пісаў, і што калі я спяваю, дык гэта амаль усё адно як тая каза крычыць, калі яе ваўкі рэжуць. Нічога, яна вось за нас двух праспявае ўсё, што магчыма.

- Пакуль не даспяваецца, - іранічна заўважыў Маркіч.

Берасневічу стала непрыемна.

- Чакай, ты што гэта кажаш? Дзёрзкасці нейкія. Ты гэта, хлопча, пакінь. Фу, аж слухаць брыдка!

- Брыдка - не слухай, - груба перабіў Маркіч. - Што гэта я за вамі заўважаю, таварышы? На зборах не былі, працу запусцілі. Замест гэтага з'яўляюцца сюды, сімфоніі слухаць. І гэта ўсё ты, Берасневіч, яе зводзіш з вернай дарогі. Глядзі, дрэнна скончыцца.

- Не пужай, - аглядаючыся на суседзяў, сказаў Берасневіч. - Мог бы іншае месца выбраць для натацый. Але вось што: пра зборы я, напрыклад, не чуў нічога, праца ідзе нармальна. Яна таксама не дзіцёнак, каб я яе зводзіў. А наконт сімфоній, дык слухаць іх, мне здаецца, не забаранялі. I, зрабі ласку, не разважай пра тое, чаго яшчэ не зразумеў.

- Ты таксама нічога не разумееш,- выбухнуў Маркіч.

- Так, гэта праўда. Не разумею я, напрыклад, чаго гэта ты, Маркiч, такi назойлiвы чалавек, як асенняя муха-жыгалка. Я да цябе не лезу, ты тут таксама не вельмi патрэбны, як я магу меркаваць. Чаго ж ты перашкаджаеш нам, чаго ты заўсёды псуеш нам настрой, лезеш са сваiм ханжаствам? Ён

- Ён думае, што гэта абавязак курсавога камсорга, - заўважыла Алёнка. - А абавязак камсорга не касцёльнай дзявоткай быць, а быць чалавекам. Між іншым, Уладзік гэта разумеў, калі быў камсоргам на першых двух курсах.

- Што ж ты мне прыкажаш, патураць вам, ці што? Схіліцца вось тут зараз і "чаго вашай ласцы"?

- Нашай ласцы зараз патрэбна, - канчаткова раззлаваўся Берасневіч, - каб ты пайшоў і не засланяў нам сонца.

На іх пачалі аглядацца. Маркіч заўважыў незадаволены выраз на тварах некаторых з гледачоў і рэтыраваўся.

Магчыма, Берасневіч, калі б ён пабачыў выраз на твары Маркіча, калі той ішоў алеяю прэч, паставіўся б да справы больш сур'ёзна. Маркіч амаль бег, сціскаў кулакі і лаяўся:

- Д-добра. Н-ну добра. Зараз ваганням канец. Бестыя, паскудная бестыя! I такі яшчэ мае нахабства думаць пра аспірантуру, пра такую дзяўчыну, зводзіць яе з дарогі! Ну пачакай, ты атрымаеш такі ўдар, што наўрад ці застанешся жыць.

Ён шчыра думаў, што ў яго грамадская нянавісць, а зусім не асабістая, і не ўглядаўся ў глыбіны свайго сэрца. 

XVI

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code