MoreKnig.org

Читать книгу «У снягах драмае вясна» онлайн.


Шрифт:

Засмяяўся і дабавіў:

- Ну, я жартую, безумоўна. Проста пасядзець хачу. Аж дзіўна неяк... "пасядзець". Забегаўся я, браце, зусім. Камсамольцы мае з'едлівыя, утрапёныя, свалачныя, накшталт цябе. Лезуць паўсюль, усё ім давай, усё ім рабі...

А потым зноў была Алёнка. Любая, яна так непакоілася. Берасневіч ведаў, што ніколі, ніколі не забудзе яе рук, яе сумных вачэй, рухаў, якімі яна папраўляла яму падушку. Ён мог і сам паправіць, але лепей усё ж яна.

Адышлі і экзамены, якія Берасневіч здаў на "выдатна", хоць давялося папацець з Холадавым (прычапіцца яму ніяк не ўдалося), прыйшло лета, цёплае, добрае, з частымі сляпымі дажджамі. Берасневіч затрымаўся ў горадзе амаль на цэлы тыдзень, пакуль Алёнка не паехала на Чорнае мора.

Прасіла пісаць і, на ўсякі выпадак, напісаць адзін ліст на універсітэт, бо, можа, ёй давядзецца на які тыдзень зрабіць перапынак, прыехаць ад сваякоў у горад па справах. Прапанавала і яму ехаць з ёю, але яму было трошкі сорамна - адмовіўся.

На вакзале, перад развітаннем, яны стаялі пад адным плашчом. Лёгкі дожджык шумеў па асфальце, блішчэлі мокрыя вагоны. Аб'явілі адпраўку.

Уладзіслаў абняў яе, прыціснуў да грудзей, адчуваў усю, такую маленькую, навекі сваю.

I, цалуючы яе вочы, толькі і сказаў, як быццам заклінаючы:

- Кахай, чуеш? Кахай мяне. А я ніколі, ніколі не пакіну кахаць цябе.

Цягнік рушыў, набіраючы хуткасць. І доўга-доўга бачыў Берасневіч яе руку, што махала яму ў акне зялёнага вагона. Праз гадзіну паехаў і ён, адчуваючы, што з радасцю саскочыў бы з вагона і пабег за ёю.

Чакала восень. Чакала шчасце. І ніколі ён так не чакаў гэтай восені, як зараз. Праз напаўзакрытыя павекі ён бачыў палі, шырокую раку і вялізную яскравую вясёлку, што павісла над адыходзячай хмарай у тым баку, куды імчаў цягнік. 

XIV

Ліст гэты не дайшоў да адрасата, бо Алёнка не прыехала ў горад, і не вярнуўся да Берасневіча. Універсітэт і летам наведвалі некаторыя студэнты. Можа, Маркіч, які жыў пад горадам, узяў яго, каб пераслаць Алёнцы, а пасля забыўся на яго, можа, яшчэ што здарылася?

Наступны ліст Берасневіч паслаў ужо на адрас сваякоў Алёнкі.

XV

І стала восень. Верасень жаўціў дзе-нідзе лісце на бярозах, а каштаны на цэнтральных вуліцах горада, дзе было шмат машын, зусім пажоўклі.

Павуцінне з малюпасенькімі павучкамі, - "пража маткі боскай", як яго яшчэ і дагэтуль называюць у глухіх кутках Беларусі, - залятала нават у горад, ляцела сівымі ніцямі ў паветры, чаплялася за рамы, за галіны дрэў, за клумбы, дзе дагаралі незгасальным агнём чырвоныя вяргіні.

З каштанаў падалі зялёныя калючыя шары, разбіваліся аб асфальт, і з мясістай абалонкі выглядаў вільготны карычневы плод. Дзеці падбіралі іх і рабілі каралі. Нават дарослым хацелася часам, калі ніхто не бачыў, прыкласці халодны карычневы шарык да вока ці да шчакі. А закаханыя, калі знаходзілі два каштаны ў адной калючай бомбе, бралі іх сабе "на шчасце".

Над ракою пачынаў ужо віцца туман, і, як неапалімыя купіны, гарэлі на ўлессях прыгарадных лясоў асінкі, як быццам жадалі сказаць людзям, што пакуль яны гараць і грэюць неба - няма чаго баяцца ранішнікаў і халадоў: асіна заўсёды чырванее першай, калі яшчэ цёпла. Яна - зябкае дрэва і нават летам дрыжыць пад цёплым ветрам.

Берасневіч прыехаў у горад раней за іншых студэнтаў, і для яго з Алёнкаю пачалася другая вясна. Увосень пачуцці робяцца больш вытанчанымі, яны прасякнутыя як быццам сумам адыходзячай вясны і памірання жоўтых лісцяў. Іншы раз здаецца, што поруч з табою не каханая, якую ты ведаеш да апошняга жэста, а любімая сястра, з якой добра, радасна, прытульна і трохі спакойна жыць на зямлі.

Так было і з імі. Пачуццё як быццам драмала, захаванае, каб зноў вырвацца на волю, калі прыйдзе час. І толькі калі-нікалі ўладна казала: "Я тут. Я прыйду. Сцеражыцеся".

Спачатку Берасневічу нават стала жудасна ад гэтай раптоўнай перамены. Яны, - а ён у першую чаргу, - столькі разоў уяўлялі сабе дзень сустрэчы, што, калі ён прыйшоў, - не абышлося без расчаравання. Яна сустрэла яго трошкі халаднавата (дарэчы, і маці яе была ў кватэры), ён разгубіўся. У пакоі была і Алёнчына сяброўка, яна пачала задзірацца з Берасневічам, ён адказаў ёй дзёрзкасцю. Пайшоў быў ад іх з такою злосцю на сэрцы, што да твару было пайсці і скокнуць з высокай званіцы куды-небудзь на брук. Пасля злосці надышла чарга адчаю.

Сядзеў ля ракі, над адхонам, на тым месцы, дзе ўпершыню пацалаваўся з ёю, і часам, пры сваім розуме і цвёрдай памяці, сур'ёзна і вельмі балюча торгаў сябе за валасы. Не хацелася жыць, брыдка было глядзець на спакойную гладкую раку, на агеньчыкі слабодкі за ёй, на алею, якая была падобная на тунель. У што было верыць, калі нават яна?..

І ён таксама добры! Ёлупень, баўдур. Ляпнуў гэтай сяброўцы такое, што варта яму проста надзець на шыю торбу з каменнямі і спусціць у вір на самым глыбокім месцы.

Сядзеў так з гадзіну, калі раптам падняў галаву і пабачыў дзявочую постаць ля магутнага каравага дуба непадалёку. І гэта постаць рушыла да яго, падышла і спытала Алёнчыным голасам:

- Гэта ты?

Не памятаючы сябе, схапіў яе за рукі, пасадзіў поруч і спытаў:

- Нашто ты тут? Мучыць мяне прыйшла? Што я табе зрабiў?

Алёнка нейкім абыякавым тонам сказала:

- Я вельмі баялася за цябе, калі ты пабег. Мяне нельга было затрымаць, але калі я выйшла, ты ўжо знік. Мяне нешта вяло менавіта сюды, я ведала, што ты тут.

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code