І не толькі ён. Ля дзвярэй на балконе сядзела худзенькая дзяўчына, і вочы яе былі вялікімі ад здзіўлення.
"Добра яшчэ, што не вылаяўся", - падумаў Берасневіч і пачырванеў.
- Знаёмцеся, - зухвала сказаў Жэнька. - Вось гэты чалавек - а зваць яго Уладзіслаў Берасневіч - адбярэ лаўры ў Шахматава, Булахоўскага альбо ў Петраркі (ён сам яшчэ не ведае, у каго). А гэта Алёнка. Мы дружым з дзяцінства, і яна фліртуе з гэтай… ну як яе… Мельпаменай, Кліо, Мегерай… ну, той самай асобай, што заведуе спевамі. Карацей кажучы, вы паразмаўляйце тут хвілін пятнаццаць, а я тым часам дачытаю канспект.
І ён зноў лёг на жывот.
Але Берасневіч амаль не чуў яго слоў. Алёнка падала яму цёплую маленькую далонь, якая патанула ў яго руцэ, і зноў села. Ён толькі і паспеў пабачыць пушыстыя валасы над чыстым ілбом, міндалевідныя сінія вочы, маленькі прамы нос, трошкі велікаватую ніжнюю губку, тонкую, дзіцячую яшчэ, шыю, агульны выраз чагосьці дзіцячага, нясмелага і, разам з тым, хітрага.
Гарачая хваля пракацілася ў яго грудзях.
"Якая цудоўная дзяўчына! Дзе гэта я яе бачыў? - урыўкам думкі падумаў ён. - Ага, у мастака Сарта ёсць карціна "Мадонна з гарпіямі". Непадобная, і ўсё ж надзіва агульны з ёю твар".
Ён першы пасмяяўся б гадзіну таму над тым, хто сказаў бы яму, што гэта можа зваліцца так нечакана. Ён не любіў сантыментаў.
Зрэшты, ён зусім не ведае яе, яна назвала толькі імя, і, можа, яна… Але раздумваць не было часу. Неверагодна, але яму спачатку стала радасна, а пасля ён неяк падсвядома і толькі на хвіліну зразумеў, што, здаецца, ён загінуў, прапаў, памёр і гэтай дзяўчыне толькі і застаецца, што кінуць жменю зямлі на яго труну.
Ён быў яшчэ вельмі наіўны і, адпаведна ўзросту, улюблівы, але гэта было чымсьці адметным. Можа, пачаткам Сапраўднага?
Берасневіч, трошкі прыгаломшаны, сеў нападалёку ад яе і змоўкнуў, як заўсёды поруч з тымі, хто яму падабаўся. Неяк адразу стала ясна, што ў яго даўно не прасаваны гарнітур, што няма куды падзець рукі і зусім, зусім няма пра што размаўляць. І ён пачаў хутка круціць у пальцах нейкую забаўку, якую ўзяў са століка.
Раптам пачуў яе голас:
- Скажыце, гаспадарам заўсёды трэба хаваць ад вас рэчы, якія могуць пабіцца?
У кутках яе рота была гумарыстычная складка, але Берасневіч не заўважыў гэтага.
- Н-не заўсёды, - збянтэжана буркнуў ён.
- Гэта добра. А чаму вы такі чырвоны? Вам горача?
І тут Берасневіча прарвала:
- Не, мне проста сорамна за тых, якія незнаёмым людзям робяць заўвагі.
Ён адразу ж спудзіўся сваіх слоў, але тут сябра крутануўся на канапе так, што заенчылі спружыны, і, трыумфуючы, крыкнуў:
- Што, Алёнка, з'ела? Я табе казаў, што калі з гэтым хлопцам не пакінеш свайго тону, то атрымаеш феферу. Пераканалася?
І раптам усе зарагаталі. Лядок растапіўся.
- Прабачце, я не думала вас абразіць. Я толькі зберагала маёмасць яго бацькоў.
- Я таксама не думаў вас абражаць. Але вы напомнілі мне майго сябра. Ён заўсёды кажа ўголас тое, пра што звычайна думаюць нішком. Напрыклад, выступае на сцэне яго сябра і пасля, за кулісамі, кажа яму: "Ох, як жа я асароміўся, як дрэнна спяваў!". Звычайна чакае чалавек, што яго суцешаць, скажуць: "Нічога, нічога". А той яму адказвае: "Так, браце, сапраўды абпэцкаўся ты. Так дрэнна спяваў, шо я нават і ад цябе не чакаў такога". Называецца, суцешыў. Ён атаясамлівае такія паводзіны з "камсамольскай адвертасцю".
Зноў засмяяліся. А пасля Алёнка сказала, што дастане білеты на канцэрт Гілельса цераз некалькі дзён і будзе вельмі суцешана, калі Жэнька прывядзе да філармоніі свой "цень".
Жэнька кінуўся цававаць ёй жартам рукі, а Берасневіч, які за гэты час прывык да яе, са здзіўленнем адчуў, што гэта яму не вельмі прыемна. Затое пасля ён быў суцешаны, калі яна працягнула яму, Берасневічу, руку і з нейкай асаблівай, не бачанай яшчэ дагэтуль Берасневічам, усмешкай сказала:
- Я спадзяюся, мы будзем сябрамі. Толькі не лайце мяне так жахліва.
Ён паглядзеў у яе вочы і зноў адчуў тую ж гарачую хвалю замілавання.
- І калі вы не будзеце рабіць мне заўвагі за дрэнныя паводзіны?
Як міла пасур'ёзнелі вочы.
- Мне здаецца, я не буду больш рабіць вам заўваг. Абавязкова прыходзьце.