Берасневіч сабраўся з думкамі і пачаў гаварыць:
- Энгельс у сваёй рабоце "Прынцыпы камунізма"...
- Чакайце, - перарваў Холадаў, - гэта работа ёсць у спіску, які я вам даваў?
- Даруйце, - разгублена сказаў Берасневіч, - але ж думка Энгельса з найбольшай яснасцю выказана менавіта тут. Я чытаў гэту работу, і я думаю...
- Не трэба залішне думаць. З Энгельсам усё адно вам не зраўнавацца.
- Я і не раўнуюся, - пакрыўдзіўся Берасневіч. - Гэта было б глупствам. Але чытаць яго работы звыш праграмы...
- Менавіта, менавіта... Але чытаць тыя яго работы, якія прадугледжаныя праграмай для філолагаў толькі пры здачы экзаменаў на кандыдацкі мінімум, - гэтага ад вас ніхто не патрабуе.
Невялічкі шматочак паперы апынуўся пад рукою Берасневіча: "Скажы, што памыліўся. Капасевіч".
Берасневіч адсунуў яго ўбок і ціха сказаў Холадаву:
- Ніхто не патрабуе, але ніхто і не забараняе. За тое, што хочаш глыбей ведаць марксізм, як я думаю, не лаяць трэба, а...
- Ну добра, - супакоіўся раптам Холадаў, адчуваючы, як бачна, што перагнуў палку. - Далей, мой юны дружа.
- Энгельс лічыў, што пабудова сацыялізма ў адной, асобна ўзятай краіне немагчыма. Гэта была, з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі, памылка, але памылка, абумоўленая агульным узроўнем ведаў таго часу. Ленін, які...
Берасневіч не адразу зразумеў, што здарылася ў аўдыторыі. Студэнты, гледзячы на твар Холадава, адразу прыціхлі.
Стала чуць, як на акне білася з натужлівым гудзеннем муха, імкнучыся вылецець з пакоя. Твар у Холадава стаў чырвоным, вусны крывіліся. Рукі раптам сціснуліся і зламалі аловак.
- Што-о-о!!??!!
- Я не разумею, у чым справа?
- Памылка ??!!?? - выціснуў Холадаў з глоткі. - У Энгельса памылка! І хто яго, бясхібнага чалавека, думае крытыкаваць?!
Берасневіч стрымліваўся як мог.
- Прабачце, таварыш лектар, можа, я і памыліўся ў слове. Мы не ведаем, вядома, усяго, што ведаюць выкладчыкі. Таму мы і сядзім тут, на студэнцкіх лавах, а не за сталом выкладчыка. Растлумачце нам, і яшчэ раз прашу дараваць мне.
- Хіба ў Энгельса маглі быць памылкі!!! - не слухаў Холадаў.
- І яшчэ раз даруйце. Але я сказаў "памылка з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі". Калі б рэвалюцыя адбылася ў той час, калі Энгельс пісаў сваю работу, калі яшчэ не было развітога імперыялізму, тады...
Але гэта было ўжо занадта для Холадава. Не слухаючы слоў Берасневіча, не жадаючы іх слухаць, ён грымнуў з уласцівай яму грубасцю:
- Ч-чорт! У вас што на рамёнах сядзіць, галава альбо... Выходзіць, Энгельс быў дагматык.
Берасневіч адчуваў, што злосць так і кіпіць у яго сэрцы. "I што ён да мяне прычапіўся, прывязка", - падумаў ён. А голасна сказаў:
- Не, але я думаю, што ён пратэставаў бы, калі б быў жывы, супраць тых, што жадаюць зрабіць з яго дагматыка. Гэта быў геній, але гэта быў перш за ўсё Чалавек.
Холадаў, як быццам не жадаючы разумець яго, зноў крыкнуў:
- Значыцца, ён дагматык?
- Не перакручвайце маіх слоў, - не вытрымаў Берасневіч. - Іхні сэнс для ўсіх зусім ясны. А калі для некаторых і не зусім ясны, дык у гэтым ім трэба вінаваціць не мяне, а некаторыя ўласныя асаблівасці.
- Хто вас вучыў так размаўляць!!!
- Вы толькі што ледзь не назвалі мяне дурнем, уласна кажучы, назвалі. Я больш стрыманы. А вучыў мяне Маркевіч. Ён быў, між іншым, выдатны выкладчык і, як усякі сапраўдны камуніст, вельмі памяркоўны чалавек. Ён ведаў, што мы вучымся, што мы не можам ведаць усяго, і не крычаў, а імкнуўся нам усё растлумачыць.