- Ну вось бачыце, як мы з вамі шчыра разгаварыліся. Чамусьці мне з вамі лёгка... А цяпер не буду вас затрымліваць. Чуеце, там пачалі танцаваць.
Усхваляваны яе апошнiмi словамi, Берасневiч не зразумеў, што гэта была простая ветлiвасць, якая нi да чаго не абавязвала. Ён быў у захапленнi.
І далей ён ужо амаль нічога не памятаў. Ён быў ля Алёнкі, глядзеў на Алёнку, сядзеў ля Алёнкі, размаўляў з Алёнкай. Ён нават хадзіў з ёю на кухню дапамагаць, спрытна рабіў тое, што загадвала.
Перашкаджаў толькі Маркіч, які таксама круціўся поруч, з тым самым сонным выразам у вачах. Ён быццам не разумеў, што перашкаджае.
Алёнка танцавала з Берасневічам мала.
- Savoir vivre забараняе. Гэта мне маці калісьці так казала.
Берасневіч не разумеў, што за важны такі пурыц гэты Savoir vivre, што ён можа забараніць танцаваць кожны танец з тым, з кім хочаш, але спрачацца не стаў. У перапынках ён, карыстаючыся тым, што людзі тут сядзелі зразумелыя, перамяшаў усю кампанію так, што груп ужо не было. Звёў студэнта-матэматыка і студэнта-біёлага. З першым расфантазіраваўся на тэму, якім бы быў свет, каб існавала толькі два вымярэнні і як у гэтым свеце галантны чалавек мог бы ўступіць дарогу дзяўчыне (вырашылі, што трэба было б пакласціся ёй пад ногі жывым мастом і пасля, калі яна пройдзе, стаць на галаву і чароўна пасміхнуцца да яе ў спіну). Біёлагу, ціхаму худому хлопчыку, казаў пра розныя таямніцы афрыканскай фауны: пра керыта, пра агогве і змяю Лаў.
Словам, усім стала лёгка і проста, і Алёнка дзякавала яму за гэта прамяністым позіркам. І так добра даў Берасневіч кожнаму магчымасць праявіць сябе, што ўсе выявіліся таленавітымі, у кожнага быў свой "канёк".
А пасля сядзелі за сталом. Нейкі невядомы дабрадзей пасадзіў Берасневіча поруч з ёю. Гэта быў акіян раскошы: адчуваць яе, сядзець поруч, падаваць талерку.
Адзін з тостаў сказаў Янка. Ён чамусьці паглядзеў на змрочнага Маркіча і падняўся:
- Аднойчы адбыўся звярыны сход на тэму: "Што такое шчасце і ў чым мэта жыцця?" Спыталі ў малпы, яна адказала, што шчасце ў самаўдасканальванні; спыталі ў коршака, і ён адказаў, што шчасце ў справядлівасці; спыталі ў блыхі, і яна сказала, што шчасце ў тым, каб любіць усіх людзей; спыталі ў крата і атрымалі адказ, што шчасце ў бясконцых пошуках ісціны; спыталі ў ільва, які сядзеў у клетцы, і ён сказаў, што шчасце ў сіле, а мэта жыцця - быць мацнейшым за ўсіх.
А калі спыталі ў чалавека, ён адказаў, што шчасце ў тым, каб самаўдасканальвацца, але не пахадзіць у гэтым добрым імкненні на малпу; быць справядлівым, але не так, як коршак, які дзярэ справядліва ўсіх; любіць усіх, але не так, як блыха; шукаць ісціну, але не так, як сляпы крот; быць моцным, але не ў клетцы. Карацей кажучы, шчасце ў тым, каб быць заўсёды чалавекам. І мэта таксама. Я дабаўлю да гэтага, што калі-нікалі шчасце ў тым, каб не бачыць вакол сябе змрочных твараў. Хай наша агульнае свята будзе сапраўдным святам. Я п'ю за тое, каб не было змрочных вачэй.
І ён выпіў. Маркіч таксама выпіў і вонкава павесялеў.
І наогул усё атрымалася вельмі добра. Бацька выпіў чарку і адразу ахмялеў: распавядаў старыя анекдоты, паказваў надзвычайныя фокусы. Гэта быў чароўны, добры чалавек.
І Берасневіч так любіў усіх, так радасна яму было, што ўсе яны - людзі, што надыходзіць вясна, што поруч Алёнка, што ў сэрцы бяздонная крыніца дабрыні. Нічога не было ў свеце лепшага за гэты вечар, за ціхую музыку, за Алёнку. А ён жа нават не ведаў, хто ён для яе. Зусім магчыма, што проста знаёмы Жэнькі, і не больш.
Многа спявалі. Спяваў біёлаг маленькім, але прыемным галаском народныя песні, спяваў юнак з кансерваторыі "Старога капрала", спявалі дуэтам Жэнька і Янка жартаўлівыя серэнады на гонар маладой гаспадыні, спявалі з надрывам, з утрыраваным "іспанскім" каларытам. Спявала і сама Алёнка.
У яе быў голас рэдкі і прыгожы, сапрана такой чысціні і якасці, што здавалася, кветкі-званочкі звіняць недзе на лугах пад ветрам. Яна спявала даволі многа, але лепшае, што запомніў Берасневіч, быў "Маналог Чыо-Чыо-сан". Спявала яна яго па-руску, і голас звінеў, скардзіўся, плакаў, чакаў. Гэта была больш чым песня, хоць жыцця, перажывання не так многа было ў выкананні Алёнкі, - яна ж не зведала такога ў жыцці. Былі ў яе толькі маладосць і чысціня:
І пад уражаннем ад гэтай песні Берасневіч з Янкам пайшлі дадому ў дзве гадзіны ночы. У перадпакоі, сярод паліто, ён узяў руку Алёнкі ў сваю і сказаў (чамусьці нейкая вільгаць была на веях):
- Дзякуй вам.
- За што?
- За ўсё дзякуй. Дзякуй за тое, што ёсць такі голас, што ёсць вы.
...Берасневіч і Янка доўгі час ішлі па пустых гарадскіх вуліцах. Вецер прыносіў аднекуль салодкі водар пупышак, крокі гулка аддаваліся па асфальце і паміралі ў цішыні. І толькі калі падыходзілі да свайго завулка, Янка раптам сказаў з незразумелай злосцю:
- Культура! Па-французску размаўляюць.
- Ты хаця б не лаяў тых, чый хлеб еў, - абурыўся Берасневіч.
- Я не таму. Яны добрыя, мілыя людзі, але я за цябе хварэю. Ты думаеш, я сляпы? А ты тут загінеш, я табе кажу. Не з тым рылам ты сюды ўвайшоў. І ты мне проста скажы: "Я не хачу, каб яе сям'ю лаялі". Веру. Але за цябе баюся.
- Янка, - узмаліўся Берасневіч, - пакінь, н етрэба, не псуй майго настрою!
Янка паглядзеў на яго роспачны твар і памякчэў:
- Я жартую. Я проста жартую, дружа. Я гэта таму, што ты студэнт, грашовых знакаў не маеш, портак добрых таксама, - куды табе пра каханне думаць. Вось я верш прыдумаў пад Ясеніна, на якога ты "падобны", дарэчы. Хочаш, прысвячу яго табе?
І ён заспяваў на матыў "Ты меня не любишь, не жалеешь":
Дык вось, хлопча. Зараз хочаш ты або не хочаш, а ў аспірантуру ідзі. Гэта я табе праўду кажу. Абавязкова! Іначай будзе табе непатрэбнае гора.