Але Сабіна Аляксандраўна чамусьці згубіла ўсю цікавасць да Берасневіча, якую яна дагэтуль, таксама невядома чаму, выказвала. Відаць, што толькі з далікатнасці яна паставіла апошняе пытанне:
- Што ж пасля універсітэта?
- Не ведаю.
Але тут сунуў свае тры грошы Янка:
- Яго мяркуюць пакінуць пры кафедры.
- Ян! - з дакорам сказаў Уладзiслаў.
Але Янку нялёгка было спыніць.
- Што ж, для аспiрантуры ў яго галава добрая.
Вочы маці раптам пацяплелі, хоць гэтага амаль нельга было заўважыць (і на самай справе, не заўважыў ніхто).
- Ну сядайце, сядайце ж поруч. Вы курыце? Курыце. Бадай што, і я з вамі закуру.
У тонкай смуглай руцэ яе з'явілася пахітоска, паплыў сіняваты дымок.
- Вы адкуль родам?
Берасневіч адказаў.
- Так, добра ведаю, - задумліва сказала яна. - Ціхі гарадок. Цудоўныя саматужнікі калісьці жылі. Даўно я адарвалася ад сапраўднай, правінцыяльнай Беларусі, ад радзімы. А часам так і цягне туды, асабліва калі горад абрыдне. А Грына вы любіце? Вельмі? Я так і ведала. У вас вочы такія. Я была з гэтым пісьменнікам добра знаёмая. Надзвычайнай душэўнай прыгажосці быў чалавек.
- Прабачце, - нясмела спытаў Берасневіч. - Мне здаецца, што я вас бачыў недзе, толькі... не ў жыцці.
- О, акультныя размовы. Дзе ж вы маглі мяне бачыць?
- Мне здаецца... мне здаецца, што на экране. Быў нейкi яшчэ нямы фiльм, на лекцыi ў iнстытуце кiнематаграфii.
Сабіна Аляксандраўна засмяялася.
- Гэта справы дзён мінулых. Я і сапраўды была калісьці артысткай. Але паслухайце і вы камплімент. Мне таксама здалося, што я недзе вас бачыла... год трыццаць таму.
- О не, - сказаў Берасневіч. - На жаль, я не мог завязаць такога прыемнага знаёмства ў тыя дні. Мне дваццаць два гады.
- Я ведаю. Вы проста трошкі падобны на Ясеніна.
- Калі б вы нават жадалі зрабіць мне камплімент, дык лепшага не маглі б прыдумаць.
- Вы і яго любіце? Ён жа, здаецца, зараз не вельмі...
- Гэта часова, - сказаў Уладзіслаў.
- Ну што ж, тым лепш. Вось Алёнка таксама любіць яго.
Маці проста зачаравала Берасневіча ў наступныя пятнаццаць хвілін размовы. Ён адчуваў, што нават Алёнка перад ёю не больш як дзіця. Гэта была сапраўды жанчына, сапраўды багіня. Шмат бачыла, шмат перажыла. Да Алёнчыных рысаў трэба было дабавіць яшчэ вытанчанасць і нейкую асаблівую натхнёнасць - і тады атрымалася б яе маці.
Берасневіч таму падсвядома зрабіў вельмі ўдалы дыпламатычны ход. Ён падумаў і ціха вымавіў:
- Я не ведаю, ці будзе Алёнка мець ваш выраз у вачах. Але лепшага я ёй не пажадаю.
- Алёнка наша адзіная, - упершыню з сумам і цеплынёй сказала Сабіна Аляксандраўна. - Яна яшчэ будзе, вядома, мяняцца. Але такі выраз мець крый яе божа. Былі ў маім жыцці вялікія пакуты. І ў вачах застаўся след, якога я ёй ніколі не пажадаю. Не, у яе будзе іншае жыццё, шчаслівае, лёгкае. На шчасце, яна мне верыць і, здаецца, любіць больш за ўсё на свеце.
І прыбавіла пасля маўчання: