- Ну вядома ж, не можа. Куды там! - чуліся галасы.
Ян паглядзеў на голага суддзю:
- Мёртвы-такі, напэўна. Ану, хлопцы, прынясіце з той пушчы чаго-небудзь.
Прынеслі некалькі вязак вялізнай старой крапівы.
- Не можа ж, людзі, шляхціц згадзіцца, каб яго без посцілкі, на голай зямлі, лупцавалі. Як вы думаеце?
- Не можа. Не можа, - разважліва загулі галасы.
Пачалі шмагаць. Мёртвае цела пачало ад шыі да пятак узнімацца белымі пухірамі.
Яноўскі закрыў вочы. Яго пачало трэсці. Спуджаныя Аглая пацягнула яго за браму. Але Міхал раптам выпрастаўся. Белы як смерць, ён расштурхаў людзей, ненатуральна прама падышоў да суддзі і плюнуў у яго бок:
- Здраднік ты. Праклён на цябе.
І таксама цвёрда пакрочыў да частаколу.
- Мёртвы, напэўна, - збянтэжана сказаў Ян. - Выцягніце яго, хлопцы, на бераг. Не варта аб яго рукі пэцкаць. Стой... Яшчэ слова. Калі ты, падла, паспрабуеш яшчэ хоць пальцам дзевак зачапіць, як ты гэта сёння паспрабаваў, - з пекла дастанем. Цягніце.
Міхал не чуў усяго гэтага. Ледзь дыхаючы, ён дацягнуўся да рэчкі і там, за хмызамі, упаў на гарачы пясок. Аглая села ля яго.
Не бачыць. Не чуць. Памерці тут і не бачыць, як зламалася ўсё жыццё, вера, смеласць, шчасце.
- Свінні! Ах, якія паршывыя свінні! - стагнаў ён, упіваючыся кіпцямі ў далоні.
А Аглая сядзела поруч і гладзіла яго па галаве, як малога:
- Ну не трэба, не трэба. Гаротны ты мой, няшчасны.
- Цяжка мне, цяжка мне, Аглаечка. Што мне рабіць? З кім жыць зараз?
- З людзьмі, - сказала яна.
- Нашто ты ратавала мяне?
Яна змаўчала, і тут Міхал усхапіўся на калені.
- А сапраўды, чаму? - спытаў ён. - Я ж пан, я вораг ваш...
І ўбачыў яе вочы. Сум трапятаў у іх, радасць, яшчэ нешта незразумелае, але, галоўнае, - гонар. Такі сціплы, але цвёрды гонар, якога яму яшчэ яму не даводзілася бачыць. Зломлены, з раздаўленай душою, ён не мог больш.
Ён здаўся. Ён пацягнуўся да яе, упаў перад ёю, абхапіў рукамі стан, прыпаў галавою да ўлоння:
- Ратуй мяне, родная. Ратуй мяне ад мяне самога, ад іх. Яны страшныя, яны агідныя.
Яна схілілася над ім, прыціснула буяную галаву бліжэй да ўлоння.
- Суцешся, суцешся. Засні. Засні.
VII
Ён прачнуўся, калі месяц пачаў спускацца ў рачныя воды. Сітнягі ледзь шапацелі пад напорам плыні, крычаў вадзяны бугай.
Ад палаца слаба даляталі спевы, не парушаючыя цішыні. Ён прачнуўся, адчуў, што галава яго ўсё яшчэ ляжыць на каленях дзяўчыны, якія слаба пагойдваюцца, бы ў такт нячутнай калыханцы. Значыць, яна так і не зварухнулася ўвесь гэты час. І ён ляжаў, выпрастаўшыся, жадаючы, каб гэта цягнулася яшчэ і яшчэ. Месяц заліваў люстра ракі. Блакіт.
Дзе ён? Што з ім? Дзіўныя сілы ў душы. Быццам зніклі разам са сном цені дзён былых. Усё проста на зямлі, усё ясна.