I зноў адказаў гаспадар роўным халодным голасам:
— Дамашэўская карціна. Называецца "Лясун".
— Ты што, і ў лесуноў верыш?
— Калі гляджу на гэта — на хвіліну веру.
— Э-эх, шэрасць, — сказаў Шлык.
— Заціхні ты, Юстын, — абарваў яго Воўкаў, - не твая справа.
— А чыя справа? Ён тут будзе дурман распушчаць, цемрашальства, а я "маўчы".
Гаспадар на хвіліну знік у суседні пакой, потым вынес адтуль янотавую шубу і кажух і кінуў іх якраз ля даспехаў.
— Цягніце жэрабя, каму на чым. Ложкаў, на жаль, няма — выкінуў, бо месца не хапала.
Шуба дасталася Шлыку, кажух — Арсеню. Пакуль раскладалі посцілку, гаспадар стаяў над кватарантамі са свечкай.
- Я вас толькі папрашу курыць вельмі асцярожна і яшчэ… не страляць у пакоі… Быў у мяне тут адзін такі, Балабан па прозвішчу. Напіўся, п'яны, і самай лепшай маёй статуі руку адстрэліў.
- Гэта парушэнне рэвалюцыйнай законнасці, - сурова сказаў Воўкаў.
— Балабана гэтага тры дні таму кітайцы забілі, за здраду, — сказаў Шлык. — Варта было б дашукацца, чаго гэта адзін вораг рэвалюцыі ў другога кватараваў.
— Так мне ўжо шанцуе, — сумна і спакойна сказаў Маеўскі, - заўсёды ў мяне на кватэры ворагі рэвалюцыі.
Воўкаў толькі тут разглядзеў яго твар і постаць. Быў гэта волат з грубаватым, мужыцкім абліччам, вельмі сінімі невялікімі вачыма пад чорнымі густымі бровамі. Але скроні ў волата былі сівыя, але ў вачах залягла сто-ма, не тая стома, якую прагоніш добрым сном, а зацяжная, непасільная, гадамі сабраная.
— Вы адзін? — спытаў Арсень, седзячы на кажусе.
— Жонка ў вёсцы. Тут — голад… Спіце.
I ён фукнуў на свечку.
Шлык бурчэў, загортваючыся ў шубу. Паклаўся. Раптам сказаў:
— Дажывем з вашай мяккацеласцю. Зробяць з нас каклету пад флоцкім совусам.
— Трэба казаць "падліўкаю", — суха сказаў Арсень.
- Мы гімназій не канчалі.
— Мяне ў гімназіі нашай мове таксама не вучылі. Спі.
…Раніцай Арсеня разбудзіў гаспадар. Шлыка ў пакоі не было, ён пырхаў у далоні недзе на ганку, за акном. Воўкаў адчуваў сябе свежым, нават нага не балела Ён весела зірнуў у вочы гаспадару і зноў пабачыў той самы выраз.
— Вы што такі? Дрэнна адпачылі?
— Я стаміўся трымаць на плячах цяжар, які павінен несці цэлы народ. Я адзін, і нікому ўсё гэта не цікава.
- Самі адмежаваліся, — сказаў Арсень, нацягваючы боты. — Нашто вам было ваша багацце?
Маеўскі ўздыхнуў:
— Нам з жонкаю мала трэба. Вось за ўсё гэта, што вакол, я і ахвяраваў здароўем. Лесам гандляваў, толькі каб купляць іх, каб вызваляць з прагных рук, з рук невукаў, хціўцаў, гандляроў сумленнем.
Арсень заўважыў за спіною Маеўскага Юстына з ручніком на плячы, ружовага ад халоднай вады. Твар у Шлыка быў іранічны.