— Ён зрабіў гэта. Вялікую, страшную, магутную… бедную дзяржаву. Пудзіла ўсіх народаў, а перш за ўсё — свайго. Каменная пачвара, жалезнае пудзіла на гліняных нагах. Бо ногі — гэта народ. І калі-небудзь тыя ногі спатыкнуцца… Вось і прыйдзе час страшнага гневу[27].
— Добра, — ужо амаль крычаў распалены супраціўленнем Гунсунь. — Раіш слухаць варвараў, якія горшыя ад нас. Вучыцца ад іх — усё адно, што набрацца вошай. Апора толькі на ўласную сілу — вось наш гонар!
І раптам, нібы ўсведаміўшы нешта, супакоіўся:
— Ты ўсё лаеш. А што прапанаваў бы ты?
Твар філосафа крывіўся ад болю, але ён помніў, што галоўнае ў вучоным — вытрымка і спакой. І ён як мага больш вытрымана сказаў:
— У сутнасці гэта амаль сістэма цзін цян. Мэн-цзы ў сім-тым быў мудры. Разумееш, схільнасць чалавечай прыроды да дабра, як імкненне вады ўніз. Таму павінна быць добрай і краіна. Без правіцеля нельга, але і ён павінен быць чалавекам і не глядзець на падданага, як разбойнік на ахвяру, не бачыць ва ўсім зла, не душыць праўды простага чалавека, прымушаць без жорсткасці і толькі ў самым крайнім выпадку. Усім даць роўна па сто му зямлі, адмовіцца ад ваенных авантур, ад урадавага самаўладства над балотамі і азёрамі.
— Але ж балоты і азёры — гэта соль і жалеза, — з раздражненнем на бесталковасць філосафа ўсклікнуў Гунсунь. — Яны павінны належаць дзяржаве!
— Што ж, тады "чорнавалосым"[28] гінуць?
— Чаму?
— А што, хіба не кожны памрэ без солі, хіба не кожны памрэ без жалезнага сярпа і плуга? Тады ўжо хай царства возьме самаўладнае права на паветра і ваду…
Купец маўчаў.
— …ну і яшчэ клапаціцца аб удовах, сіротах, бяздомных.
— Гэта ад Мэн-цзы. А што ж ад цябе?
— Ёсць адно сонца. Але нельга, каб быў адзін кіраўнік, адна вера. Трэба, каб усе былі калі не мудрыя, то адукаваныя, выхаваныя і сумленныя… Вось. І вось чаму — вораг нам сістэма "фацзя". Да смерці.
Абодва змоўклі. Бледная жоўтая стужка на ўсходзе даўно ўжо налілася святлом. Праз нейкую гадзіну павінна было пачаць днець.
Купец устаў, паправіў пад плашчом меч.
— Спадзяюся, ты ачуняеш, — сказаў ён. — Ты здорава пагрузнуў, але цікава было пагаварыць з табою. Я ніколі такога не чуў.
— Не змывай фарбы, — цiха сказаў Жун Лун. — Воiны цябе ўжо ведаюць. Гэта будзе як дакумент.
— Дзякуй. Бывай.
Вочы філосафа глядзелі пранізліва. Пасля ён заплюшчыў іх. Купец рушыў. І раптам вучоны з незвычайнай, халоднай яснасцю сказаў:
— Бывай, Гунсунь Ян, або… Вэй Ян.
— Што?! — Купец спыніўся, і на твары ў яго быў непадробны жах.
— Бывай, Шан Ян… Так, Гунсунь Ян і Вэй Ян па родных імёнах. Шан Ян па імю, якое даў Сяо-гун, прызначаўшы табе зямлю Шан.
Нават пад коркай было відаць, як збялеў твар вялікага правіцеля. Твар дрыжэў кожным мускулам, і мука, як перхаць, абсыпалася на бараду і халат.
— Ты ведаў?
— Ну, так. Мне трэба было ведаць усіх вас у твар, каб данесці гэтыя твары вярхоўнаму духу, каб той не памыліўся, калі трэба будзе караць. І я рад, што мне пашанцавала хоць перад смерцю, хоць раз убачыць цябе… Па тых самых нябесных меркаваннях… А пра цябе я проста здагадаўся. Яшчэ калі ты хацеў хапаць меч і сячы за мае словы аб быках ля храма… І яшчэ калі крыкнула птушка, несучы звестку аб чыёйсьці смерці. Гэта ж быў дух твайго дабрадзея Сяо-гуна, Шан Ян… І пасля, калі ты пачуў песню і так узганарыўся імем, а тут мяне і стукнула, як перуном, і я звязаў два імя… Але галоўнае, я здагадаўся па схаванай жывёльнай злосці, з якой ты спрачаўся са мною, адстойваючы сваю хлусню. Што было да яе нейкаму купцу? Ты ж іх таксама пакрыўдзіў.
Бязгучна засмяяўся:
— Гэты воін дурны, як чапля. Іначай ён убачыў бы пад грубым халатам твой абутак. І як цяжка тапырыцца твой халат — і значыць, пад ім кальчуга, я як тапырыцца паяс — і значыць, у ім грошы, і як тапырыцца ад мяча плашч. О-хо-хо.
Шан Ян пайшоў, але раптам спыніўся, бязмерна ўражаны, бо гэты чалавек больш за ўсіх ненавідзеў яго, меў на гэта права і ўсё ж…
— То чаму ж ты тады…
[27] Імператар Цінь Шы-хуан завяршыў аб'яднанне Кітая, спаліў усе кнігі, закапаў жыўцом у зямлю 460 вядучых вучоных і г. д. Але ўсяго праз некалькі год, у 207 г. да н. э., царства Цінь, разлічанае на "10 000 пакаленняў", абурылася пад ударам магутнейшага народнага паўстання, назаўсёды.
[28] Простаму народу.