Прыбыла камісія. "Ну, — супакойваюць, — у вас усё нармальна. Фон нармальны. Вось кіламетры чатыры адсюль, там жыць нельга, людзей будуць высяляць. А ў вас спакойна". З імі дазіметрыст, ён вазьмі ды ўключы скрынку, якая вісела ў яго на плячы, і доўгім гэтым шастом — па нашых ботах. I як скочыць убок, — міжвольная рэакцыя…
Вось тут пачынаецца самае цікавае для вас, як пісьменніка, асабліва. Як доўга, вы мяркуеце, мы ўспаміналі пра гэты момант? Сама больш некалькі дзён. Ну, не здольны наш чалавек думаць толькі пра сябе, пра ўласнае жыццё, быць замкнёнай такой сістэмай. Палітыкі нашы не здольныя думаць пра вартасць жыцця, але і сам чалавек таксама. Разумееце? Не гэтак мы злеплены. З іншага цеста. Вядома, мы ўсе там пілі і прытым моцна пілі. Да ночы цвярозых не заставалася. Пасля першых дзвюх чарак хтосьці засумуе, успомніць пра жонку, пра дзяцей, пра сваю працу раскажа. Начальства мацюгне. Але потым, пасля адной-дзвюх пляшак… Гаворкі толькі пра лёс краіны і пра ўладкаванне Сусвету. Спрэчкі пра Гарбачова і Лігачова. Пра Сталіна. Вялікая мы дзяржава ці не, адолеем ці не адолеем амерыканцаў? Восемдзесят шосты год… Чые самалёты лепшыя, а касмічныя караблі больш надзейныя? Ну, Чарнобыль выбухнуў, але наш чалавек першым вырваўся ў космас! Разумееце, да хрыпаты, да ранку. Пра тое, чаму ў нас няма дазіметраў і не даюць якіх-небудзь парашкоў на ўсялякі выпадак, чаму няма пральных машын, каб спяцоўкі штодня мыць, а не два разы ў месяц — гэта абмяркоўвалася ў апошнюю чаргу. Між іншым. Ну, гэтак мы, разумееце, скроены. Каб яго чорт узяў!
Гарэлка была даражэй за золата. Купіць немагчыма. У навакольных вёсках пілі ўсё: гарэлку, самагонку, ласьён, дабраліся да лакаў, аэразоляў… На стале — трохлітровы слоік з самагонам ці авоська з адэкалонам "Шыпр"… I гаворкібалантэсы. Сярод нас былі настаўнікі, інжынеры… Поўны інтэрнацыянал: рускія, беларусы, казахі, украінцы. Філасофскія гаворкі… Пра тое, што мы — нявольнікі матэрыялізму, а матэрыялізм абмяжоўвае нас рэчавым светам. Чарнобыль — выйсце ў бясконцасць. Я памятаю, як дыскутавалі пра лёс рускай культуры, пра яе схільнасць да трагічнага. Без ценю смерці нічога немагчыма зразумець. Толькі на грунце рускай культуры і можна будзе асэнсаваць катастрофу… Толькі яна да гэтага гатовая… Баяліся бомбы, атамнага грыба, а вунь што сталася… Ведаем, як палае дом ад сярнічкі ці снарада… Ну, а гэта ні на што было не падобна… Даходзілі чуткі, што агонь незямны, нават не агонь, а святло. Мігценне. Ззянне. Не сінеча, а блакіт. I не дым. Вучоныя раней сядзелі на месцы багоў, а цяпер — паўшыя анёлы. Дэманы! Чалавечая прырода як была, так і засталася для іх таямніцай. Я — рускі, з Браншчыны. У нас сядзіць, разумееце, стары на парозе, хата скасабочылася, неўзабаве абурыцца, а ён філасофствуе, свет перабудоўвае. А мы — пад самым рэактарам…
Да нас заляталі газетныя рэпарцёры. Здымалі. Сюжэты надуманыя. Здымаюць акно пустой хаты, кладуць перад ім скрыпку… I называюць — чарнобыльская сімфонія. А там нічога не трэба было прыдумляць. Хацелася зберагчы ў памяці ўсё: раструшчаны трактарам глобус у школьным двары, счарнелую памытую бялізну, якая вісіць ужо каторы месяц на балконе, пакінутыя брацкія магілы… Трава на іх упоравень з гіпсавымі салдатамі-помнікамі, а на гіпсавых аўтаматах — птушыныя гнёзды. Дзверы ў хаце выбіты, ужо яе абшнарылі марадзёры, а фіранкі на вокнах зашморгнены. Людзі з'ехалі, засталіся жыць іх фатаграфіі ў хатах. Бы іх душы. Не было нічога няважнага, дробязнага. Усё хацелася запомніць дакладна і падрабязна: часіну дня, калі гэта ўбачыў, колер неба, свае адчуванні. Разумееце? Чалавек пакінуў гэтыя мясціны назаўсёды. Мы — першыя людзі, што перажылі гэтае "назаўсёды". Няможна выпусціць з-пад увагі ніводнай дробязі… Твары старых сялян, падобныя на абразы… Ім меней за ўсё зразумела тое, што здарылася. Яны ніколі не пакідалі свой двор, сваю зямлю. Паяўляліся на свет, кахаліся, здабывалі хлеб надзённы ў поце твару свайго, прадаўжалі род… Дачэкваліся ўнукаў… I пражыўшы жыццё, пакідалі гэтую зямлю, адыходзячы ў яе, робячыся ёю. Беларуская хата! Гэта для нас, гараджан, дом — машына для жыцця. А для іх— цэлы свет. Космас. Едзеш праз пустыя вёскі… I гэтак хочацца напаткаць чалавека… Разрабаваная царква… Мы зайшлі: пахла воскам. Захацелася памаліцца…
Я хацеў усё гэта запомніць. Я пачаў фатаграфаваць… Гэта — мая гісторыя…
Нядаўна пахаваў сябра, з якім быў там. Ён памёр ад раку крыві. Памінкі. Па славянскім звычаі выпілі, закусілі, разумееце. I пачаліся гаворкі, да поўначы. Спачатку пра яго, пра адышоўшага. А потым? А потым зноў пра лёс краіны і пра ўладкаванне Сусвету. Выйдуць рускія войскі з Чачні ці не выйдуць? Пачнецца другая каўказская вайна ці яна ўжо йдзе? Якія шанцы ў Жырыноўскага стаць прэзідэнтам? Якія ў Ельцына? Пра англійскую карону і прынцэсу Дыяну. Пра рускую манархію. Пра Чарнобыль. Цяпер ужо розныя здагадкі… Адназ іх, што іншапланецяне ведалі аб катастрофе і дапамаглі нам, другая — гэта быў касмічны эксперымент, і праз нейкі час пачнуць нараджацца дзеці з геніяльнымі здольнасцямі. А можа, беларусы знікнуць, як некалі зніклі іншыя народы: скіфы, хазары, сарматы, кімерыйцы, хуастэкі? Мы — метафізікі… Жывём не на зямлі, а ў марах, у гаворках. Да будзённага жыцця нам трэба нешта дадаць, каб яго зразумець. Нават побач са смерцю…"
Віктар Латун, фатограф
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
"Мая дачка нядаўна сказала: "Мама, калі я нараджу калеку, я ўсё роўна буду яго любіць". Уявіце сабе?! Яна вучыцца ў дзесятым класе, у яе ўжо такія думкі. Яе сяброўкі… Яны ўсе пра гэта думаюць… У нашых знаёмых нарадзіўся хлопчык… Чакалі яго, першынец. Прыгожая маладая пара. А ў хлопчыка рот да вушэй, а вушак няма… Я не хаджу да іх, не наведваюся, як раней, не магу, а дачка не-не ды і забяжыць. Ёй хочацца туды, яна ці то прыглядваецца, ці то прымерваецца…
Маглі б з'ехаць адсюль, але падумалі мы з мужам і адмовіліся. Баімся. Мы ўсе тут — чарнобыльцы. Не палохаемся адно аднаго, калі хто частуе яблыкамі ці агуркамі са свайго саду і гарода, бяром і ямо, не хаваем сарамліва ў кішэню, сумачку, каб пасля выкінуць. Мы — з адной памяццю… З аднолькавым лёсам… А ўсюды, у любым іншым месцы мы — чужыя. Пракажоныя. Усе прывыклі да слоў: "чарнобыльцы", "чарнобыльскія дзеці", "чарнобыльскія перасяленцы"… Але вы нічога пра нас не ведаеце. Вы баіцеся нас… Напэўна, калі б нас не выпускалі адсюль, паставілі міліцэйскія кардоны, многія б з вас супакоіліся. (Запыняецца.) Не даказвайце адваротнае. Не пераконвайце. Я гэта перажыла… У першыя дні… Ухапіла дачку і рынулася ў Мінск да сястры… Мая родная сястра нас не пусціла ў хату, бо ў яе было малое дзіця, карміла грудзьмі. Уявіце сабе? I мы начавалі на вакзале. Вар'яцкія думкі прыходзілі ў галаву… Куды нам уцякаць? Можа, лепш рукі на сябе налажыць, каб не мэнчыцца… Гэта ж першыя дні… Усе ўяўлялі сабе нейкія страшэнныя хваробы. Неймаверныя. А я ж урач. Можна толькі здагадвацца, што рабілася з іншымі… Я гляджу на нашых дзяцей: куды б яны ні паехалі, яны адчуваюць сябе чужымі сярод сваіх равеснікаў… У піянерскім лагеры, дзе мая дачка адзін год адпачывала, да яе баяліся дакрануцца: "Чарнобыльскі вожык. Светлячок. Яна ў цемені свеціцца". Клікалі ўвечары на двор, каб праверыць — свеціцца ці не свеціцца…
Вось кажуць — вайна… Ваеннае пакаленне… Параўноўваюць… Ваеннае пакаленне? Ды яно ж шчаслівае! У іх была перамога. Яны перамаглі! Гэта дало ім магутную энергію жыцця, калі карыстацца сённяшнімі тэрмінамі, мацнейшую ўстаноўку на выжыванне. Яны нічога не баяліся. Хацелі жыць, вучыцца, нараджаць дзяцей. А мы? Мы ўсяго баімся… Баімся за дзяцей… За ўнукаў, якіх яшчэ няма… Іх няма, а нам ужо страшна… Людзі меней усміхаюцца, не спяваюць, як раней спявалі на святы. Не толькі ландшафт мяняецца, калі замест палёў зноў падымаюцца лясы, хмызнякі, але і нацыянальны характар. Ува ўсіх дэпрэсія… Адчуванне асуджанасці. Чарнобыль — метафара. Сімвал. I наш быт, лад мыслення…
Іншым разам думаю, што лепей бы вы пра нас не пісалі. Тады б нас менш баяліся. Не гавораць жа ў хаце хворага на рак пра ягоную страшную хваробу. А ў камеры пажыццёвага зняволення ніхто не ўспамінае пра тэрмін…"
Надзея Апанасаўна Буракова, жыхарка гарадскога пасёлка Хойнікі
Маналог пра нямога салдата
"У самую зону я не паеду, а раней мяне вабіла… Калі буду гэта бачыць, думаць пра гэта, я захварэю і памру. Памятаеце, быў фільм "Ідзі і глядзі". Я не змагла яго даглядзець, я страціла прытомнасць. Там забівалі карову. У яе зрэнка на ўвесь экран. Як забівалі людзей, я ўжо не бачыла… Не!! Мастацтва — гэта любоў, абсалютна ў гэтым пераканана! Не хачу ўключаць тэлевізар, чытаць сённяшнія газеты. Там забіваюць, забіваюць… У Чачні, Босніі… Трачу розум, у мяне псуецца зрок. Банальнасць жаху… Сённяшнія жахі на экране страшнейшыя за ўчарашнія. Інакш ужо не страшна. Мы перайшлі рысу…
Учора еду ў тралейбусе. Сцэнка: хлопчык не ўступіў месца старому. Той яго павучае:
— Будзеш стары, табе таксама не ўступяць.
— А я ніколі старым не буду, — адказвае хлопчык.
— Чаму?
— Мы ўсе неўзабаве памром.
Вакол гаворкі пра смерць. Дзеці думаюць пра смерць. Але ж гэта тое, над чым у канцы жыцця задумваюцца, а не ў пачатку.
Я бачу свет у сцэнках… Вуліца для мяне — тэатр, дом — тэатр. Ніколі не запамінаю падзею цалкам. А ў дэталях, жэстах…
Усё пераблыталася ў маёй памяці, перамяшалася. Ці то з кіно, з газет… Ці то я гэта дзесьці бачыла, чула, падгледзела?
Бачу: брыдзе па ўтравелай вясковай вуліцы звар'яцелая ліса.
Ціхая, ласкавая. Як дзіця… Лашчыцца да здзічэлых катоў, курэй…
Ціха. I раптам сярод гэтай цішыні дзіўная чалавечая гаворка: "Гоша харошы. Гоша харошы". Гайдаецца на старой яблыні саржавелая клетка з адчыненымі дзверцамі. Хатні папугай сам з сабою размаўляе.
Навошта я гэта збіраю, назапашваю? Я ніколі не пастаўлю спектакль пра Чарнобыль, як не паставіла ніводнага спектакля пра вайну. У мяне ніколі не будзе на сцэне мёртвага чалавека. Нават мёртвага вожыка ці птушкі. У лесе падышла да сасны, нешта белае… Думала: грыбы, а гэта мёртвыя вераб'і грудкамі ўверх. Там, у зоне… Я не разумею — смерць. Я перад ёю спыняюся, каб не звар'яцець. Вайну трэба паказваць гэтак страшна, каб чалавека званітавала. Каб ён захварэў… Гэта не відовішча…
У тыя першыя дні… Яшчэ не было паказана ніводнага здымка, а я сабе ўжо ўяўляла: абрынутыя перакрыцці, разбураныя сцены, дым, бітае шкло. Кудысьці вывозяць прыціхлых дзяцей. Чароды машын. Дарослыя плачуць, а дзеці не. Яшчэ ніводнай фатаграфіі не надрукавалі… Напэўна, калі распытаць людзей, іншага вобраза апакаліпсісу ў нас няма: выбух, пажар, трупы, паніка. Як тое, што я памятаю з дзяцінства… (Замаўкае.) Але пра гэта пасля… Асобна… Здарылася нешта іншае… Гэта іншы страх… Яго не чуваць, не відаць, ні паху, ні колеру, а фізічна і псіхічна мы мяняемся. Мяняецца формула крыві, мяняецца генетычны код, мяняецца ландшафт… I што б мы ні думалі,ні рабілі… Вось я раніцою ўстаю, п'ю гарбату… Іду на рэпетыцыю… Да студэнтаў… А гэта нада мною вісіць. Як знак. Як пытанне. Мне няма з чым гэта параўнаць. З дзяцінства я памятаю штосьці зусім непадобнае…
Я бачыла ўсяго толькі адзін добры фільм пра вайну. Забыла назву. Фільм пра нямога салдата. Ён маўчаў увесь фільм. Вёз цяжарную немку, цяжарную ад рускага салдата. I нарадзілася дзіця, яно нарадзілася ў дарозе, на калёсах. Ён яго падняў на руках і трымае, і дзіця пісае на ягоны аўтамат… Мужчына смяецца… Гэта ў яго як мова, гэты ягоны смех. Ён глядзіць на дзіця, на свой аўтамат і смяецца… Канец фільма.
У фільме няма рускіх, няма немцаў. Ёсць пачвара — вайна. Але цяпер, пасля Чарнобыля, усё змянілася. I гэта таксама. Змяніўся свет, ён цяпер не выдае вечным, якім быў яшчэ нядаўна. Зямля стала маленькая. Мы пазбавіліся несмяротнасці, — вось што з намі здарылася. А па тэлевізары я бачу, як штодня забіваюць. Страляюць. Сёння страляюць людзі без несмяротнасці… Адзін чалавек забівае другога чалавека… Пасля Чарнобыля…