У 1930-ыя гг. адбылася рэстаўрацыя комплексу былога базыльянскага манастыра, а таксама праведзены яго абмеры і фотафіксацыя. Актыўны ўдзел у гэтым прымалі Ф. Рушчыц, Я. Булгак, Ю. Клос, А. Ромер і іншыя. Па ўз'яднанні Заходняй Беларусі і БССР з канца 1939 па чэрвень 1941 г. у кляштарных мурах размяшчаўся сталінскі лагер, а пасля Другой сусветнай вайны — турма строгага рэжыму, якая знаходзіцца тут і ў наш час. Царква, часткова пашкоджаная ў вайну, у 1960-ыя гг. канчаткова згінула пад няўмольным катком атэістычнага варварства.
Два стагоддзі над люстрам возера Глыбокае ўзвышаўся рукатворны шэдэўр, што ўвасабляў духоўны свет нашых продкаў, іх разуменне прыгожага. Да таго ж ён нёс складаную семантыка-сімвалічную ідэю, якая аб'ядноўвала філасофска-рэлігійныя супярэчнасці з мастацкім светапоглядам таго часу.
Фатальная раз'яднанасць беларусаў па канфесійнаму прынцыпу толькі ў XVII–XVIII стст. з вялікімі цяжкасцямі была пераадолена стварэннем аб'яднанай грэка-каталіцкай царквы, што, безумоўна, аказала ўплыў на фармаванне беларускай культуры. У манументальным культавым дойлідстве гэты працэс адбіўся найбольш яскрава. Менавіта вуніяцкая архітэктура стала асновай для ўвасаблення мастацкіх прынцыпаў віленскага барока. Найбольш дасканалыя яго ўзоры ў Беларусі — Сафійскі сабор у Полацку, цэрквы ў Беразвеччы, Воршы, Барунах і інш. — вуніяцкія храмы. Іх архітэктоніка іманентна выпрацоўвалася на працягу XVII ст. на аснове ўсходніх і заходніх архітэктурных уплываў, традыцый беларускага абарончага дойлідства, літургічных патрабаванняў і сімволікі як каталіцкай, так і праваслаўнай галін хрысціянскага культу.
Петрапаўлаўская царква ў Беразвеччы, як і большасць помнікаў віленскага барока, уяўляла сабою трохнефавую базіліку з трансептам і дзвюхвежавым галоўным фасадам. Пры агульнай традыцыйнасці структуры архітэктурны вобраз збудавання смелы і наватарскі. Шырокі цэнтральны неф з паўкруглым алтарным завяршэннем пасярэдзіне перасякаецца роўным з ім па вышыні трансептам з таксама закругленымі тарцамі. Як вядома, план у выглядзе крыжа ў верхнім сячэнні базілікі (дома Бога), утвораны перасячэннем цэнтральнага нефа і трансепта, сімвалізуе распяцце. Таму ў беларускім культавым дойлідстве, на сутыкненні рознай канфесійнай сімволікі, вельмі істотнае значэнне мела форма гэтага крыжа — выцягнуты лацінскі ці роўнаканцовы грэчаскі. У беразвецкай царкве план у верхнім сячэнні (без алтарнай часткі) адпавядаў форме роўнаканцовага грэчаскага крыжа, чым аддавалася даніна вуніяцкаму паходжанню храма. У выніку гэтага, дзякуючы выцягнутай алтарнай частцы, стваралася нават уражанне, што ў вонкавай будове мас трансепт нетрадыцыйна ссунуты ў бок галоўнага фасада.
Перакрыжаваныя двухсхільныя дахі над цэнтральным нефам і трансептам на закругленых тарцах завяршаліся выпуклымі франтонамі з пластычным трохпялёсткавым абрысам, якія нагадвалі дыядэму. Фігурны барочны франтон на тарцы цэнтральнага нефа, процілеглым галоўнаму фасаду, упершыню ўжыты ва вуніяцкім Сафійскім саборы ў Полацку (1738–1750), але там ён быў плоскі і аддзяляў больш нізкую алтарную апсіду. У беразвецкай царкве тэма франтона распрацавана больш поўна і шматпланава. Тры франтоны-«дыядэмы» вянчаюць кожны сваю частку і, як карона, будынак у цэлым, адпаведна важнаму прынцыпу стылю барока — падпарадкаванню частак цэламу. Матыў гэты падтрымлівалі і фігурныя франтоны на тарцах манастырскіх будынкаў.
Архітэктура галоўнага фасада беразвецкай царквы заслугоўвае асобнага разгляду. Як адзначаў адзін з польскіх даследнікаў, гэты фасад «пульсуючым нярвовым рытмам выпукла-ўвагнутых акцэнтаў пераважае па мастацкай выразнасці традыцыйныя плоскія і шаблонныя схемы, якіх шмат было ў Цэнтральнай Эўропе аж да канца XVIII ст.». Сапраўды, роўных з ім па прыгажосці храмавых фасадаў знайсці цяжка.
Пластычная насычанасць і багатая святлоценявая мадэліроўка фасадаў помнікаў віленскага барока грунтавалася, як мы лічым, у вялікай ступені на кананічнай для вуніяцкіх храмаў арыентацыі галоўнага фасада на поўдзень. Галоўны паўднёвы фасад беразвецкай царквы быў вырашаны як хвалістая, струменістая, шматпланавая тэатральная куліса, што закрывала ад гледача агульную тэктоніку храма. Канструкцыйна структура фасада адпавядала плоскаму нартэксу, па шырыні роўнаму чацверыкам вежаў, сіметрычна размешчаных па баках. Надзвычайная маляўнічасць фасада, тонкая гульня святла і ценю на яго паверхні дасягалася даволі простымі, матэматычна разлічанымі сродкамі. Дэкаратыўныя вертыкальныя элементы — калоны і аб'ёмныя пілястры — разам з адпаведнымі гарызантальнымі часткамі ордэра — п'едэсталамі і антаблементамі — былі разгорнуты асямі пад вуглом 45 градусаў да рэальнай канструкцыйнай плоскасці фасада, што і надавала яму ілюзорную прасторавую выпукла-ўвогнутую будову. Дзякуючы гэтаму прыёму, пры сонечным асвятленні стваралася тонкая нюансіроўка ўласных і падаючых ценяў, што слізгалі па ўвагнутай паверхні, кантрасна падзялялі кожны вертыкальны элемент на дзве часткі, робячы яго больш вытанчаным.
Групоўка вертыкальных элементаў падпарадкавалася строгай люстэркавай сіметрыі. Цэнтральную частку, падкрэсленую парталам увахода і шэрагам праёмаў, вянчаў франтон-«дыядэма» з чатырма валютамі, размешчанымі ў розных плоскасцях. Трох'ярусныя вежы, што ўзбагачалі сілуэт будынка і ўладарылі над наваколлем, мелі тэлескапічную структуру. Ярусы скарачаліся ўгору па памерах, што аптычна надавала вежам асаблівую стройнасць і ўзнёсласць.
Як хвалі возера, беглі па фасаду гарызантальныя цягі карнізаў, нарастаючы рытм якіх граў не апошнюю ролю ў мастацкім вобразе помніка і надаваў яму адметны прапарцыянальны лад, непадобны, напрыклад, на прапарцыяпальны лад полацкага Сафійскага сабору. Першы пояс антаблемента, што падзяляе фасад на статычнае аснаванне і дынамічнае завяршэнне ў полацкім храме, праходзіць на ўзроўні карніза бакавых нефаў, а ў беразвецкім — на ўзроўні цэнтральнага, што прынцыпова мяняе яго структуру і агульнае мастацкае ўражанне. Зразумела, што нельга гаварыць аб «ідэальным падабенстве» гэтых збудаванняў. Аднак нельга і безумоўна адвяргаць думку, што іх агульным творцам быў віленскі архітэктар І.X. Глаўбіц (1700–1767), найвыдатнейшы майстра позняга барока, хаця пакуль што не выяўлены якія-небудзь дакументальныя матэрыялы, пацвярджаючыя яго ўдзел у будаўніцтве беразвецкай царквы.
Усе стылістычныя прыёмы віленскага барока, характэрныя для полацкай Сафіі, атрымалі ў Петрапаўлаўскай царкве далейшую распрацоўку.
Надзвычайная ўвага нададзена вытанчанаму малюнку франтонаў, завяршэнням вежаў, валют, капітэляў. Тут упершыню ўжыты на фасадзе ажурныя абрысы праёмаў, якія раней сустракаюцца толькі ў інтэр'еры Сафійскага сабора. Пры параўнанні арганізацыі ўнутранай прасторы гэтых храмаў А. Квітніцкая, якая першая аналізавала беразвецкую царкву ў расейскамоўным мастацтвазнаўстве, адзначала, што яе інтэр'ер меў «большую цэльнасць, больш дакладнае размеркаванне дэкаратыўных сродкаў і большую кампактнасць». Зусім маленькія бакавыя нефы кампазіцыйна падпарадкоўваліся кароткаму, але шырокаму цэнтральнаму нефу, які завяршаўся падобнай на тэатральную дэкарацыю мураванай алтарнай перагародкай. Яна складалася з двух ярусаў дынамічна згрупаваных калон, злучаных раскрапаваным антаблементам. Прастора алтара ў глыбіні вялікіх скразных праёмаў паміж калонамі здавалася бясконцай і бяздоннай.
Скульптурная пластычнасць архітэктуры храма спалучалася з канструкцыйнай логікай, дасканалым выкарыстаннем прыёмаў аптычнай карэкціроўкі мастацкага вобраза. «Правераная алгебрай гармонія» помніка, безумоўна, больш адпавядае эстэтычнай канцэпцыі барока, а не ракако — стылю атэктанічнага, пераважна інтэр'ернага, заснаванага на маскіроўцы рэальнай канструкцыі сродкамі дробнага мудрагелістага асіметрычнага дэкору ў выглядзе завіткоў і ракавін. Да таго ж эпоха барока прыпала ў розных краінах на завяршальны перыяд складвання нацый, што ў выніку надало яго стылістыцы самабытныя нацыянальныя формы. І ў дадзеным выпадку мы бачым не рымскае, не паўночнаітальянскае, не цэнтральнаэўрапейскае ці якое іншае барока, а менавіта віленскае, з мясцовымі асаблівасцямі ў архітэктоніцы збудавання. Падмена на падставе павярхоўнага фармальнага аналізу, прыватных і палітычных амбіцый шэрагу даследнікаў тэрміна «віленскае барока» тэрмінам «ракако» — гэта падмена сацыяльна-абгрунтаванай з'явы ў нацыянальным дойлідстве наднацыянальнай салоннай манерай дэкорума, якая хутка вычарпала сябе нават на сваёй радзіме, у Францыі. Памылковасць гэтых спроб яскрава абвяргае загублены шэдэўр віленскага барока.
Пад рушчыцавымі аблокамі
З вёскай Багданава былога Ашмянскага павета Віленскай губерні (зараз Валожынскі раён Менскай вобласці) цесна звязаны жыццё і творчасць вялікага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца. Тут ён нарадзіўся, тут пахаваны на вясковых могілках. Не раз пакідаў ён родныя мясціны, але заўсёды вяртаўся да іх, таму што яны былі крыніцай яго творчасці. У Багданаве напісаны найбольш вядомыя палотны мастака: «Зямля» (1898), «Стары млын» (1898), «Балада» (1899), «Пустка» (1901), «Эмігранты» (1902) і інш. Сябра Рушчыца і яго біёграф Ян Булгак нават сфатаграфаваў нябёсы над Багданавым, каб паказаць, дзе нарадзіліся тыя імклівыя, віхурыстыя аблокі, якія мастак часта маляваў на сваіх палотнах.
Карціна «Ля касцёла» (1898), якая экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, таксама напісана ў Багданаве. Гэтае цудоўнае палатно насычана водарам ранняй вясны, сагрэтай зямлі, адталых дахаў і дрэў. Кампазіцыя яго вельмі простая: злева — касцёльная брама са званіцай, з правага боку — фасад мясцовага касцёла, перад ім укленчаныя беларускія сяляне, а над усім — трывожныя Рушчыцавы аблокі і пранізлівая веснавая сінь. Некалі, разглядаючы ў музеі карціну Ф. Рушчыца, мне захацелася даведацца: які помнік увасоблены на ёй — да такой ступені ўразіў ён беларускім каларытам. Потым з'явіліся дадатковыя звесткі аб ім і роздум аб яго месцы ў айчыннай архітэктуры.
Касцёл Міхаіла Архангела — выдатны ўзор беларускага драўлянага дойлідства другой паловы XVII ст. Ён быў пабудаваны па фундацыі Пятра Паца, старосты жмудскага, тагачаснага ўладальніка двара ў Багданаве, і асвячоны ў 1690 г.
З вонкавага выгляду вельмі сціплы касцёл паходзіў на звычайную сялянскую хату. Характар пакрыцця надаваў пабудове тэктанічную цэласнасць і маналітнасць форм. Нізкія бакоўкі сакрысцій былі накрыты агульным дахам з асноўным зрубам і роўным з ім па вышыні, але больш вузкім алтарным прырубам. У месцы злучэння зрубаў пры пераходзе да больш вузкага аб'ёму выкарыстаны распаўсюджаны на той час па ўсёй Беларусі прыём трохкутных навісяў гонтавага даху з вальмамі над алтаром. Галоўны фасад завяршаўся барочным франтонам пругкага шматлопасцевага абрысу. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Архітэктурнае вырашэнне будынка ўражвае лаканізмам і выразнасцю мастацкіх сродкаў.
Багданаўскі касцёл сінтэзаваў шматлікія традыцыйныя рысы беларускага драўлянага дойлідства. І ў гэтым сплаве з народным дойлідствам увасоблены тыя высокія мастацкія вартасці помніка, якія так прыцягвалі Ф. Рушчыца. Ён не аднойчы звяртаўся да тэмы мясцовага касцёла. У яго эскізніку ёсць лісты, дзе касцёл і брама намаляваны з іншага боку і з іншым настроем. Мастак шчыра захапляўся сапраўднай прыгажосцю сваіх родных спадчынных куточкаў Беларусі.
З'яўляючыся старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці ў Вільні, Рушчыц актыўна праводзіў рэстаўрацыю выдатных помнікаў віленскага барока. Побач з імі ён аднавіў сціплы драўляны касцёл у Багданаве. На жаль, у час Другой сусветнай вайны помнік згарэў. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. на яго месцы быў пабудаваны новы драўляны касцёл, які толькі нагадвае папярэдніка. Яго вонкавы выгляд вядомы з прац Ф. Рушчыца, фотаздымкаў А. Ромера, Ю. Клоса і іншых сябраў віленскага Таварыства аматараў навукі.
Са спадчыны Дастаеўскіх
6 кастрычніка 1506 г. пінскі князь Фёдар Яраслававіч выдаў грамату Даніле Іванавічу Ірцішчу на вечнае валоданне некалькімі дварамі ў розных вёсках і сяле Дастоева Пінскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (цяпер Іванаўскі раён Берасцейскай вобласці). Яго сын Іван Данілавіч меў ужо прозвішча Ірцішч-Дастаеўскі, а яго ўнук Сцяпан Іванавіч — проста Дастаеўскі.
Дачка вялікага расейскага пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага, Любоў Фёдараўна, ва ўспамінах адзначала, што яе продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Менскай губерні, дзе каля Пінска мелі маёнтак Дастоева. 19 жніўня 1965 г. унук пісьменніка А. Ф. Дастаеўскі пісаў у Іванаўскі раён: «В учебно-педагогическом издательстве «Просвещение» подготавливается для учителей и учащихся альбом «Ф. М. Достоевский в документах, портретах и иллюстрациях». Фамилия писателя Ф. М. Достоевского берет свое начало от названия «Достоево» — одного из старинных населенных пунктов Вашего района, где его предки воеводствовали несколько столетий назад. В упомянутом альбоме будет дана карта-схема, которая должна служить путеврдным указателем на случай, если группа или отдельные лица пожелают посетить населенный пункт, фамильно связанный с именем великого русского писателя».
Калі пісаліся гэтыя радкі, галоўнай мастацкай адметнасцю Дастоева была драўляная Ільінская царква. Выразная па сілуэту пабудова арганічна злівалася з наваколлем, лугам з вуллямі, скразной лістотай старых дубоў, якія ўкрывалі яе сваімі каронамі.
У ліпені 1970 г. царкву ў Дастоеве як помнік драўлянага народнага дойлідства вывучала экспедыцыя Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР з мэтай уключэння яе ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Але пасля абмераў і фотафіксацыі царква была зруйнавана трактарамі па загаду мясцовага сельскага савета. Гэты акт вандалізму вельмі ўразіў акадэміка Дз. С.Ліхачова. Аб чым ён і напісаў у сваіх «Заметках о прекрасном», спрыяў публікацыі матэрыялаў пра загінуўшы помнік са спадчыны Дастаеўскага ў рэдагуемым ім усесаюзным выданні.
Першая вядомая царква ў Дастоеве пабудавана была каля 1788 г., але хутка згарэла ў час навальніцы. Будаўніцтва царквы фундаваў у 1798 г. шляхціц Гедройц. Апісанне царквы, зробленае каля 1870 г., сведчыць, што яна «зданием деревянная, имеет вид прямоугольника, с двумя глухими куполами, гонтовою крышею, одною входною дверью и одним рядом окон, не снабженных железными решетками, снаружи не окрашена. Внутренняя площадь имеет вместимости около 25 кв. сажен; потолок подшит досками, пол деревянный; стены не покрашены… Ризница помещается в шкафу, в алтаре… Колокольня устроена на фронтоне церкви». Ужо ў гэты час пабудова была «очень ветха».
У час нашага абследавання, амаль праз 100 гадоў, помнік істотна адрозніваўся ад прыведзенага вышэй апісання. Да асноўнага зруба з паўночнага боку прымыкаў уваходны аб'ём (бабінец) з чацверыком званіцы на другім ярусе, а з паўднёвага захаду да алтара далучалася рызніца з шматкутным планам. Царква была пабудавана як вуніяцкая і арыентавана алтаром на поўдзень. Верагодна, што ў канцы XIX — пачатку XX ст. царква часткова перабудоўвалася і паднаўлялася. Гэтую думку пацвярджаюць пэўныя канструктыўныя і стылёвыя неадпаведнасці паміж часткамі будынка, але ж архітэктурны вобраз помніка ў выніку перабудовы не страціў гарманічнага адзінства. Уваходны зруб быў выкананы з брусоў больш тонкіх за асноўны, а чацвярык званіцы над ім і рызніца зроблены каркаснымі і абшыты дошкамі. Карніз бабінца меў меншы вынас і не адпавядаў па вышыні асноўнаму. Акрамя таго, формы званіцы, накрытай пакатым чатырохсхільным шатром, больш спрошчаны ў параўнанні з вытанчанымі завяршэннямі асноўнага простакутнага зруба. Ён меў трохгранную алтарную частку і высокі вальмавы дах, а ў месцах злучэння вальмаў з вільчаком узвышаліся галоўкі з крыжамі.
Цікавай асаблівасцю архітэктурнага вырашэння Ільінскай царквы было даволі значнае звужэнне ўгору чацверыка і васьмерыка ў аснаванні галовак, што стварае ілюзію большай вытанчанасці і стромкасці вянчаючых мас збудавання. Тут мясцовымі дойлідамі ўжыты прыёмы аптычнай карэкціроўкі архітэктурных форм, што характэрна мастацтву барока. З той жа мэтай шыйка адной з галовак выканана ў выглядзе васьмерыка «сармацкага» тыпу, які стварае больш кантраснае размеркаванне святла і ценю ў параўнанні з традыцыйным васьмерыком. Узмацненню маляўнічага пачатку служыў таксама канструктыўна-дэкаратыўны прыём вертыкальнай ашалёўкі дошкамі з нашчыльнікамі, уласцівы драўлянаму культаваму дойлідству Беларусі XVII–XVIII стст. Зрубы рубіліся спосабам, агульным для ўсіх славянскіх земляў, - гарызантальнымі вянкамі з бярвенняў, акантаваных на дзве ці чатыры грані (брусоў), а пасля асадкі абшываліся вертыкальна пастаўленымі дошкамі. Шчыліны паміж дошкамі змяншаліся і закрываліся нашчыльнікамі, пры гэтым стваралася рэльефная паверхня фасадаў. У залежнасці ад часу асвятленне мяняла глыбіню рэльефа. Адвольны рух святла ствараў кантрасты паміж асветленымі і цёмнымі ўчасткамі сцяны ці выліваўся ў зіхаценні адных толькі светлых таноў. Дождж вертыкалей ашалёўкі прыгожа спалучаўся са срэбрам гонтавага пакрыцця даху. Такі характар ашалёўкі з'яўляўся адначасова канструкцыйным і выразным дэкаратыўным прыёмам.
Ільінская царква ў Дастоеве як архітэктурны помнік увабрала ў сябе творчыя дасягненні беларускага драўлянага дойлідства XVII–XVIII стст., эстэтычныя прынцыпы стылю барока, своеасабліва трактаваныя ў дрэве, гармонію з роднай прыродай. І таму, што храм са спадчыны Дастаеўскіх — гэта двайная ахвяра.
Цвяток радзімы
Аднойчы пасля лекцыі па гісторыі беларускай архітэктуры да мяне падышоў адзін з слухачоў і запытаў: «А вы ведаеце наш касцёл, у Цімкавічах?» І гонар, і захапленне былі ў яго пытанні. Так, я ведала гэты цудоўны помнік нацыянальнага драўлянага дойлідства. Тады, у канцы 1970-ых гг., ён быў яшчэ жывой плоццю і рэальнасцю нашага быцця. І я падзяляла захапленне гэтага чалавека.