— Жыву адна, бо не магу, каб хто крыкнуў, каб стукнуў.
Не можа. Але не можа і без людзей, а таму і не сядзіцца ёй у ціхай хатцы.
«…Я як стану расказваць, дык уся калачуся…» (Смяецца.)
Нечаканы той смех бянтэжыць, нават, здаецца, палохае яе самую. Чорная маршчыністая рука, згорнутая ў кулачок, старэчыя вусны ўсміхаюцца. I кулак той і губы дрыжаць, як у малога дзіцяці. Што вось-вось закрычыць ад болю, ад крыўды…
«…дык уся калачуся…»
У Літвічах немцы прыехалі маладзёж браць у Германію, а партызаны падпаўзлі і сталі там іх ужо біць… А яны зноў у нядзелю раненька прыехалі ў Літвічы. А ўжо тады прыехалі к нам у дванаццаць часоў. Тады ўжо загадалі яны… У нас быў Жаваранак, стараста, мясцовы. Як партызаны падойдуць, дык ён збіраў ім, што нада, а як немцы падойдуць, дык ён і немцам таксама. Ну, яны загадалі старасту гэтаму, каб сабраў яйца… Ну, людзі ж баяцца моцна… Я тожа адна была з дзвюма дзевачкамі сваімі, дык тожа баялася. Я і з хаты не пайшла. Моцна іх, гэтых немцаў, баялася. (Смяецца.)
Яны хадзілі там па хатах. I к нам прыходзілі. Мае былі дзяўчаты невялікія. На гэтым месцы брат мой дваюрадны жыў, дык я пайшла к яму. Пытаюся, што будзе, можа, у Германію будуць браць. Дзяўчаты мае… Адной ужо шаснаццаць было. Дык ён кажа:
— Нас не будуць браць нікога. Тут з нашага Засоўя няма нікога ні ў партызанах, ні ў паліцыі, нідзе…
Ну, я пашла дамоў і лягла з гэтымі сваімі дзяўчаткамі спаць. Назаўтра я адну пабудзіла. Выпусціць карову. А там, дзе мая цётка жыла, я сеяла бульбу, там быў мой прыўсадзебны ўчастак. Там быў на ўчастку паграбок такі выкапан і будачка, зямлёй абсыпаная. Дык я кажу дочцы, каб ішла к карове, а я пабягу картошкі вазьму. Узяла пасудзінку нейкую… (Смяецца.) Ажно яны стаяць там, ля цёткі маёй, пяць чалавек. Адна жанчына падышла к ім, папыталася нешта. А я потым падышла да яе і ціханька кажу:
— Вікця, што яны табе сказалі?
— Я, — кажа яна, — пыталася, ці можна выгнаць карову ў поле, дык яны сказалі, што толькі на выган.
Я тады скоранька ўзяла ды бегам, ды бегам каля іх. А яны мне нічога не сказалі. Прышла я к цётцы ў хату. Дык яна кажа, што, можа, паб'юць, бо ў Літвічах людзей білі, хлопчык адзін казаў. Гэта ўжо сродсцвеннік яе. На печы ляжыць, з Літвіч прыбег. Уцёк. Ён і карову вёў сюды. Дык і карову забілі. Тады, як сталі там біць людзей. Я тады скоранька ў той паграбок — нагарну картошкі і пабягу к дзяцём. Адну ж пабудзіла, а другая спіць…
Толькі я стала вылазіць… А быў мой брат дваюрадны, у цёткі жыў: там у іх голад быў на Украіне, дык ён сюды пераехаў. Дык ён ідзе і кажа па-хахлацку:
— Аміля, што-та там страляюць. Дык я кажу:
— Лезь сюды, схавайся…
Там у яе пограбе перагародка такая. Ён туды ў гэты катушок залез, а я гэтак во прысела. Паграбок глыбокі, а ў мяне кажух быў доўгі. Але босая я. Дык я во так прысела і сяджу. Ля дзверцаў сяджу. Ціханька. Тады віжу я, што суседняя жэншчына нешта гаманіць. Прыадчыніла я дзверцы і кажу яму:
— Гайдучыха, мусіць, просіцца, каб у Германію…
У яе было адзінаццаць душ сям'і, а яе гоняць у хату біць…
Я сяджу каля дзверцаў, а ён тамака, у катусе. I кашляе. Дык я кажу:
— Не кашляй, сядзі ціханька.
А як ты ў зямлі сядзіш, дык у хаце такі глухі выстрал. Чую — у цёткі маей два разы выстралілі… А ён усё на мяне:
— Глядзі, што там робіцца.
Бачу — два немцы ідуць з гары — Жаваранак там жыў, дык мы ўсё звалі Жаваранкава гара. З гары той ідуць сюды. Калі ў цёткі выстралілі два разы, дык тады я чую — дух-дух — ідуць па двары. Адзін падышоў, дзверцы гэтыя адчыніў. Я яго і цяпер віжу…»
I зноў пасміхаецца старая жанчына, закрываючыся маленькім, як у дзіцяці, але чорным ад старасці кулаком. Быццам няёмка ёй за ўсё, што з ёю было. I за ўсіх. За тое, што так недарэчна хавалася, так поўзала і нічога не разумела, а незнаёмыя людзі, што аднекуль прыехалі, бегалі, шукалі яе, каб забіць…
«Няхай бы ён мяне забіў…
Дзяржыць ён вінтоўку ў руках, а я гэтак сяджу. Паглядзеў на мяне, а я на яго… Дык ён прычыніў гэтыя дзверцы і пайшоў.
А я ўсё сяджу. А той хлопец усё:
— Глядзі, што робіцца!
Дык я адчыню, паслухаю, пагляджу… А потым бачу, што ўжо крайняя хата гарыць, дык і кажу:
— Ай, браток, ужо ж гэта немцы людзей б'юць, ужо Сцяпана Грамовіча хата гарыць.