Я ў ету руку ўзяла хлопца, а ў ету — дзеўку і пайшла. I заходжу ў суседні двор.
А дзеці ж пабачылі ўжо бітых, дык яны:
— Мамка наша родная, спасі нашу жызнь, дзень нас дзе.
Кажу:
— Дзеткі мае, жыта малое, ні быльніку нідзе няма яшчэ, дзе ж я вас, дзеткі, схаваю.
Позняя ж такая вясна была. Яно не парасло яшчэ нідзе нічога. I кажу:
— Я не магу вас, дзеткі, схаваць… Як сумееце, так і спратайцесь.
А жана таго суседа просіцца ў свайго:
— Уцякайма! Уцякайма! Сенечка, уцякайма! А ён гавора:
— Не, нікуды не пайдзеш, — і ўверчвае рабёнка, платок вязаны бальшы, а на нас кажа: — А вы выйдзіце.
Ну, як «выйдзіце» — можа, і нас пабілі б там разам з імі — ну, як «выйдзіце», мы і пайшлі. За гэтых двое дзяцей і пайшла. Разламіла гэткі высокі частакол, пералезла з дзецьмі, цераз адзін двор выйшла на вуліцу. Там стаіць жэншчына.
— Цётачка, — кажу, — нашых бацькоў пабілі, а куды ж мы дзенемся?
А яна кажа… Ваабшчэ, нарвалася на самастаяцельную жэншчыну. Яна кажа:
— Знаеце што, пабяжымо ў лес, я пабягу па сваіх сыноў, і пабяжым у лес.
— Ну, — кажу, — пабяжым.
Я яшчэ ў двор зайшла, яшчэ зайшла, заходжу ў гэты двор — гоняць мяне з гэтага двара:
— Ідзі, ідзі ад нас!
Уродзе гэта іх паб'юць за маіх дзяцей. Я кажу:
— Мне ўжо далына некуда ісці. Я ўжо нікуды не пайду. Я ўжо астаюся ў вас.
Яны выскачылі, паглядзелі, а ў іхняга дзядзькі — цераз вуліцу так жыў — восьмера душ сям'і… I там етыя дзетачкі і матка выйшла і селі на агародзе сваім і вот так ручачкамі прасіліся, парасстаўлялі, а ён іх вот так падрад страляе, страляе — усіх пастраляў… Дык хазяйка пабачыла гэта, ускочыла ў двор і гавора:
— Ну, уцякайма цяпер, цётка!
Яна гнала мяне, а гэта бачыць, што робіцца, дык і яны: «Уцякайма!» Сабраліся, вышлі. Дык і тая жэншчына, што па сыноў пабегла, ідзе, і дачка мая большая бяжыць. А там вада была такая, яміна бальшая, дык яна, мая дачка з яе сынам, упалі ў гэтую яму ды давай тапіцца, а яна стаіць ды кажа:
— Не тапіцеся, дзеткі мае, не тапіцеся!
А немец як пастраляў тую сям'ю, давай па іх біць. Яны тады з вады тае ды да нас, дзе я. I мы ўсе — уцякаць.
Пытанне: — Яны самі тапіліся, хацелі ўтапіцца?
— Самі ўжо ўтапіцца, са страху, дзеці гэта нашы, а маці: «Не тапіцеся, дзетачкі мае, кажа, вылазьце». Дык немцы сталі, гэтае, страчыць, адтуль… Ну, мы папрашчаліся ўжо тутка на дварэ, яны са сваімі і я са сваімі, мы прашчалісь, бо нас жа ўжо паб'юць. Ужо з естай стараны машына, і ўперадзі часавыя стаяць на апушцы лесу.
Пытанне: — Ачутно, што ўсюды страляюць?
— Страля-я-юць! Па ўсіх пасёлках стральба ідзе…»
Забіваюць. Сям'ю за сям'ёй. Хату за хатай. Машына працуе, машына, кожны шурупчык якой — таксама быццам бы людзі. Ідуць па вуліцы двухногія, прыглядаюцца, каб не прапусціць хату, «душу» — старанна працуюць. Аб нечым жа паміж сабой размаўляюць на чалавечай мове, і ў кожнага ў чарапной каробцы 10 млрд. клетак мазгавога рэчыва. Усе «законныя» дзесяць мільярдаў.
«…Прыходзяць у хату, — сведчыць, успамінае Ганна Мікітаўна Сініца, — а ў нас так былі дзве хаты і адны дзверы вот так сюдой выходзяць, і тут печка. Дык як мама ля печкі бралася ўжо нам снедаць даваць, стаяла, і яны ўвайшлі толькі — іх тры ішло к нам, — і так адзін з вінтоўкі выстраліў. Выстраліў у яе. А я стаяла во так — за дзвярыма ў другую палавіну, — ім не было як мяне ўбіць, дык яны як у яе выстралілі, а яна перайшла яшчэ ў тую хату і цераз парог упала. Толькі: «Дзеткі!..» Як яна ўжо ўпала, я тады закрычала і ўзляцела на печ. Ужо ж дзецца негдзе. Я на печ, і етыя за мной — браціха з дзевачкай, і суседняя дзеўка, і сястра мая. I я павалілася паўз сценку так во, а тады паўз мяне сястра, а етыя ўжо так — на нас паляцелі. Пулі разрыўныя былі — сталі ля печкі во так, сталі і стралялі. Прама на печ стралялі. Адзін — з краваці. Ну што — пастралялі, пастралялі, тады буфет у нас гэты быў. Яны ўсё па століках лазілі. Што ўжо яны шукалі, я не знаю.