Аднак за гэтымі падзеямі пільна сачыла Масква. У 1471 годзе войска Івана ІІІ нечакана прыйшло пад Ноўгарад і разбіла на рацэ Шалоні ноўгарадскае апалчэнне на чале з Змітрам Барэцкім. Баярам, настроеным на хаўрус з Вільняй, Іван ІІІ загадаў адсекчы галовы (у тым ліку і сыну Марфы Пасадніцы). Так Ноўгарад Вялікі стаў васалам Масквы. А ў 1478 годзе ў выніку другога ваеннага паходу Івана ІІІ рэспубліка была канчаткова зліквідаваная. Вечавы звон — сімвал яе свабоды і дэмакратыі — быў вывезены ў Маскву. Марфа Барэцкая была зняволеная і разам з унукам Васілём высланая ў Маскву, потым пастрыжаная ў манашкі.
За наступныя сто гадоў маскоўскага панавання гэты квітнелы некалі край быў ператвораны ў глухмень. Заняпаў гандаль, рамёствы. Найбольш дзейная і адукаваная частка грамадства — носьбіт дэмакратычных традыцый і самабытнай культуры — была знішчаная або дэпартаваная ўглыб Маскоўшчыны. Завяршыўся гэты разгром у часе Івана Жахлівага. Ноўгарадская зямля, такім чынам, сталася вялікаю пусткаю.
34. Што такое магдэбургскае права?
У часы Сярэднявечча беларускія гарады былі цэнтрамі рамяства, гандлю, культуры, адміністрацыі ды абарончымі збудаваннямі. У ХІV-ХVІ стагоддзях многія з іх атрымалі права на самакіраванне, гэтак званае магдэбургскае, або майдэборскае, права (ад назову нямецкага горада Магдэбург, які здаўна жыў паводле самакіравання).
Гэтае права надавалася гарадам праз прывілеі ад імя вялікага князя, дзе адзначаліся парадак фармавання органаў кіравання, правы і льготы, вызваленне ад феадальных павіннасцяў. Крыніцамі магдэбургскага права былі як нямецкія законы («Вайхбільд Магдэбурга», «Люстра саксаў»), так і мясцовае гарадское права, а па некаторых катэгорыях справаў — асноўны закон нашай дзяржавы, Статут Вялікага Княства Літоўскага.
Першымі ў Беларусі магдэбургскае права ўвялі Вільня (1387 год) і Берасце (1390 год). Пазней, у ХV-ХVІ стагоддзях, яго дасталі жыхары Горадні, Слуцка, Полацка, Менска, Новагародка, Слоніма, Магілева, Пінска ды інш.
Згодна з прывілеем на магдэбургскае права ў горадзе ствараліся органы самакіравання, незалежныя ад ваяводаў і старастаў. Гарадское кіраванне ўзначальваў войт, прызначаны вялікім князем. Разам з ім дзейнічала гарадская рада, што складалася з 12–20 месцічаў-радцаў. Дзейнасць рады ў фінансавай сферы кантралявалася выбарным органам з 12 месцічаў — мужоў паспалітых, або прысяглых. Існаваў уласны судовы орган па крымінальных справах — лава, куды ўваходзілі лаўнікі пад старшынствам войта. Штодзённымі справамі займаліся бурмістры, якія па сканчэнні паўнамоцтваў рабілі справаздачу перад радай, а пазней — на агульным сходзе месцічаў. Бурмістарскі суд, куды ўваходзілі бурмістры з радцамі, развязваў цывільныя справы. Гарадская рада і лава разам складалі магістрат.
Атрыманне горадам магдэбургскага права вылучала яго з мясцовай феадальна-адміністрацыйнай сістэмы, падпарадкоўваючы вялікаму князю. Статус ягоных жыхароў істотна падвышаўся: яны станавіліся вольнымі, набывалі права на зямельную ўласнасць, вызваляліся амаль ад усіх феадальных павіннасцяў — нарыхтоўкі сена, выдзялення фурманак і інш., якія неслі дагэтуль разам з сялянамі воласці, ад суда і ўлады дзяржаўных службовых асобаў. Дазвалялася рабіць у горадзе ратушу, мець крамы, мануфактуры, загадваць вагамі і мерамі, будаваць млыны, лазні і г.д. Прадугледжваліся і пэўныя гандлёвыя льготы. Так, мяшчане Вільні, Полацка і некаторых іншых гарадоў з магдэбургскім правам вызваляліся ад мыта на тэрыторыі ўсёй нашай дзяржавы. Гарады з магдэбургскім правам — Менск, Полацак, Магілеў адрозна ад звычайных гарадоў мелі права двойчы на год праводзіць міжнародныя кірмашы, прычым прыезджыя купцы (а яны, дарэчы, былі з усяе Эўропы) мусілі прадаваць тавар толькі оптам, ад чаго горад меў значную выгаду.
Гаспадар і ўрад Вялікага Княства ўсяляк заахвочвалі гарады да самакіравання, бо былі непасрэдна зацікаўленыя ва ўмацаванні іх эканамічнага становішча: чым багацейшы быў горад, тым болей падаткаў ён уносіў у дзяржаўны скарб. Апрача таго, жыхары гарадоў з магдэбургіяй наўзамен дараваных палітычных і грамадзянскіх свабод ускладалі на сябе дадатковыя абавязкі, у прыватнасці рамантаваць і паднаўляць за свой кошт абарончыя ўмацаванні.
Магдэбургскае права праіснавала ў нас да канца ХVІІІ стагоддзя і было зліквідаванае пасля анексіі Беларусі Расейскай імперыяй.
35. Што такое шляхта?
Гэтак называўся вайсковы стан (саслоўе) у Беларусі з ХV стагоддзя. Слова шляхта паходзіць ад нямецкага Schlacht, што азначае «бітва». Папярэднікамі шляхты былі баяры — панцырныя, путныя, конныя. Беларускі баяр валодаў агнястрэльнай і халоднай зброяй, меў баявога каня і вайсковы рыштунак, каб у кожны момант па закліку князя выступіць у паспалітым рушанні ў «пагоню» і гнаць ворага з роднае зямлі. Багацейшы баяр (шляхціч) прыводзіў з сабою і збройную дружыну.
Шляхта нашая з ХVІ стагоддзя мела права на самакіраванне, выбірала соймы, суддзяў, трыбунал і кіраўніка дзяржавы — вялікага князя. Амаль усё ў нашай гісторыі, што мае дачыненне да вайсковых перамогаў, дыпламатычных поспехаў, навукі і культуры, літаратуры і асветніцтва, — звязана з імем шляхты. Паколькі ваяваць нашай дзяржаве даводзілася вельмі часта, колькасць шляхты ў нас да канца ХVІІІ стагоддзя дасягнула 12–13 % агульнага ліку насельніцтва.
Пасля захопу Беларусі царскай імперыяй пачалося мэтанакіраванае «расшляхочванне» нашага народа. Бо адбываліся бесперапынныя бунты, змовы і паўстанні супраць расейскага панавання, арганізатарамі і асноўнымі ўдзельнікамі якіх былі шляхцічы (Тадэвуш Касцюшка, Якуб Ясінскі, Стафан Грабоўскі, Тамаш Ваўжэцкі, Міхал Валовіч, Кастусь Каліноўскі, Валер Урублеўскі ды іншыя). Як вынік — масавыя высылкі, пазбаўленне «дворянства», суды і расправы. У 1831 годзе цар Мікалай І выдаў указ, паводле якога доказам шляхоцкага паходжання лічыліся толькі арыгіналы прывілеяў. У Беларусі, што сотні гадоў з канца ў канец гарэла ў полымі войнаў, зберагчы сямейныя архівы было, вядома ж, няпроста. Такім чынам на працягу ХІХ стагоддзя царскі ўрад «скараціў» колькасць нашае шляхты да пажаданых трох працэнтаў (каб было не болей, чым «дворян» у Расеі).
Тым не менш, гэты стан па-ранейшаму адыгрываў галоўную ролю ў грамадскім жыцці Беларусі. Амаль усе нашы выдатныя дзеячы культуры і навукі ХІХ стагоддзя (Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Іван Чэрскі, Францішак Багушэвіч, Бенядзікт Дыбоўскі ды шмат іншых) — з старажытнай беларускай шляхты. Ёю быў створаны і ажыццяўляўся адраджэнскі рух пачатку ХХ стагоддзя (Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Усевалад Ігнатоўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Янка Купала, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вацлаў Ластоўскі, Карусь Каганец, Аркадзь Смоліч, Францішак Аляхновіч, Уладзімір Самойла).
Беларуская шляхта спакон веку карысталася родавымі гербамі, якія былі прадметамі гонару, шанавання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне па мужчынскай лініі. Пасля Гарадзельскай вуніі 1413 года, на якой адбыўся абмен гербамі (гербавае пабрацімства) паміж шляхтай Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, геральдычная культура Беларусі ўлучылася ў агульнаэўрапейскае рэчышча гербавых традыцыяў і гербавага мастацтва. На пачатку ХХ стагоддзя беларуская шляхта мела ва ўжытку блізу 700 родавых гербаў, што аб'ядноўвалі некалькі тысяч родаў.
Шляхоцкі стан у Беларусі быў зліквідаваны бальшавікамі пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года. Былі апляваныя і аддадзеныя забыццю ўся яго слаўная гісторыя, традыцыі, арыгінальная культура, а таксама ўяўленні пра шляхоцкі гонар і шляхоцкую годнасць.
36. Чым адметнае княжанне Аляксандра?
Аляксандар з Ягайлавічаў (1461–1506) вызначаўся мяккім характарам, памяркоўнасцю, любіў музыку ды спевы. Вялікакняскі пасад ён заняў у 1492 годзе пасля смерці бацькі, вялікага князя Казіміра. Адразу ж з патрабавання ўрадоўцаў гаспадар мусіў выдаць прывілей, паводле якога абавязваўся весці дыпламатычныя зносіны з іншымі краінамі толькі пасля ўзгаднення з панамі-радай, сваёй воляй нічога не адмяняць, без згоды Рады не рабіць прызначэнняў на дзяржаўныя пасады ці змяшчэнняў з іх, распараджацца фінансамі толькі пад яе кантролем. Такім чынам, прывілей 1492 года істотна абмяжоўваў непадзельную ўладу манарха на карысць шляхты.
Пры Аляксандры для Вялікага Княства пачаліся цяжкія абарончыя войны. У 1492–1494 гадах Маскоўшчына заваявала Вяземскае княства, а таксама нашыя землі ў басейне верхняй Акі і Вугры. У 1500–1503 гадах Вялікае Княства страціла 70 воласцяў і 19 гарадоў, сярод якіх былі Чарнігаў, Гомель, Бранск, Старадуб, Мцэнск ды іншыя.
Вялікім князем Аляксандрам з дапамогай епіскапа смаленскага Язэпа Балгарыновіча, які заняў у 1500 годзе кафедру мітрапаліта, былі зробленыя спробы ўзнавіць у Княстве абвешчаную ў 1439 годзе на Фларэнційскім саборы царкоўную вунію, каб прадухіліць канфлікты на рэлігійнай глебе. Аднак гэтыя спробы не мелі поспеху.
Напрыканцы княжання Аляксандра, 5 жніўня 1506 года, войска Вялікага Княства на чале з Міхалам Глінскім разбіла крымскіх татараў пад Клецкам. Радасную вестку пра слаўную перамогу яшчэ паспелі перадаць вялікаму князю, які ўжо быў пры смерці.
37. Хто такі Кастусь Астрожскі?
Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460–1530) — адзін з сама славутых герояў беларускай гісторыі, вялікі абаронца Айчыны. Паходзіў з роду турава-пінскіх князёў, нашчадкі якіх з канца ХІV стагоддзя мелі галоўнай рэзідэнцыяй горад Астрог на Валыні. Вайсковую службу пачаў удзелам у барацьбе з крымскімі татарамі ды ў першай вайне Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага. Як найбольш таленавіты вайсковы кіраўнік ва ўзросце 37 гадоў атрымаў чын гетмана найвышэйшага — галоўнага начальніка над войскам дзяржавы — і неўзабаве здабыў эўрапейскую славу.
У змаганні з крымскімі татарамі і маскоўскімі заваёўнікамі Астрожскі не меў сабе роўных. Згодна з надпісам на ягоным надмагіллі, гетман 63 разы дамагаўся перамогі над імі. Асабліва слаўнай была перамога над амаль утрая большым маскоўскім войскам на рэчцы Крапіўне пад Воршай 8 верасня 1514 года.
Удалым манеўрам вывеўшы маскоўцаў пад знішчальны агонь артылерыі, К.Астрожскі вымусіў іх ратавацца ўцёкамі. Старадаўная песня так апісвае гэтую падзею:
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як з Воршы ўцякалі
Рэчку невялічку пракліналі: