Камбат прамаўчаў. Гэтая просьба прагучала для яго некалькі неспадзявана, і камбат хоць і адчуваў яе логіку, але не хацеў адразу рашаць. Ардынарац з Гутмана быў неблагі, старанны і недурны, і хоць цяпер ён бы прыгадзіўся на пасаду ўзводнага ў любой роце, але за якіх пару гадзін да атакі Валошын адпускаць яго не хацеў. У баі надзейны ардынарац значыў не менш, чым начальнік штаба.
— Пра гэта пасля, — сказаў ён, падумаўшы. — Вось возьмем вышыню, пасля.
Гутман ціхенька ўздыхнуў:
— Яшчэ як возьмем.
— Сумняваешся?
— Ды я нічога. Чаго мне сумнявацца?
Яны ўжо набліжаліся да фланга дзевятай, як ззаду пачуўся глухі стукат ног, і капітан спыніўся.
— Таварыш камбат!
— Я. Што такое?
У цемры да іх падбег разведчык Прыгуноў.
— Таварыш камбат! Камандзір палка да тэлефона заве. Робячы выгляд, што прыслухоўваецца да ўжо амаль
супакоенай вышыні, Валошын паўхвіліны счакаў, перама-гаючы звыклае адчуванне прыкрасці — гэты няўрочны выклік камандзіра палка не абяцаў нічога, апроч непрыемнасці. Але дзецца не было куды, ад начальства не схаваешся, і ён распарадзіўся:
— Гутман, ідзіце да Кізевіча і даведайцеся, як з разведкай бугра. Я буду чакаць вынікаў разведкі.
13
На КП ніхто ўжо не спаў, разведчыкаў не было ніводнага, Чарнаручанка з пакрыўджаным выглядам прадзімаў трубку, правяраў сувязь і,як толькі ў зямлянку ўлез камандзір батальёна, паведаміў яму ўстрывожаным голасам:
— Камандзір палка там лаюцца…
— Панятнае дзела, будзе лаяцца, — спакойна сказаў Валошын і, не павярнуўшыся да тэлефаніста, запытаўся ў Маркіна, які пераматваў на назе анучу. — Як са сняданкам? Узнавалі?
— Сняданак гатовы. Прыгуноў ужо пайшоў…
— Прыгуноў паспее. А ротам паведамілі?
— Роты ўжо ведаюць.
— Трэба як найхутчэй накарміць роты. Ідзіце і прасачыце, каб усё ў тэмпе. Без цяганіны.
Як заўжды, Маркін моўчкі падняўся і выйшаў, а камандзір батальёна апусціўся калгі тэлефона.
— Выклікайце дзесятага.
Пакуль Чарнаручанка круціў ручку, Валошын амаль з нянавісцю пазіраў на гэты жаўтаскуры апарат, з якога на ягоную галаву сыпалася палавіна ўсіх непрыемнасцей, якія толькі магчымы на фронце. Часам ён нават прагнуў, каб гэтая сувязь з камандзірам палка парвалася хоць бы на пару гадзін, ён бы ўздыхнуў вальней. Але часцей выходзіла так, што рвалася яна ўмомант, які найменш для таго гадзіўся, калі ён сапраўды пазарэз меў у ёй патрэбу, а ў іншы час працавала ўвогуле спраўна, і камандзір палка ў кожны пажаданы для сябе момант мог выклікаць яго для даклада, дачы ўказанняў, а часцей за ўсё для разносу.
— Што там зноў у вас? Зноў светамаскіроўка? — незадаволена пачаў Гунько, калі ён далажыў пра сябе.
— Не, не светамаскіроўка. На нейтралцы засціглі разведчыкаў.
— Чыіх разведчыкаў?
— Маіх, вядома.
— Ну і што?
— Адзін паранены.