— У самы акурат, — сказаў Валошын. — Толькі рамана і не хапае. Чуў, у шэсць трыццаць атака?
Іваноў з прытоеным уздыхам адклаў кніжку, і добрае ажыўленне ўраз знікла з яго бялявага твару.
— Чуў, як жа. Толькі што званіла маё начальства. Папярэджвала.
Ён спусціў з нараў ногі і пачаў нацягваць на трафейныя ваўняныя шкарпэткі хромавыя боты. Ардынарац прыглушыў фыркат лямпы і паставіў на зямлю кафейнік.
— А як са снарадамі? — запытаў Валошын.
— Амаль ніяк. Распарадзіліся пазычыць у суседзяў. Паслаў хлопцаў, павінны прывезці штук сорак. Значыць, усяго будзе па дваццаць на гаўбіцу.
— Так, для маральнай падтрымкі,— нявесела зазначыў Валошын.
— Для маральнай, ага. Зноў жа, я не магу расстраляць усе за адзін раз. Мне ж трэба і на выпадак чаго. Для самаабароны.
— Само сабой…
Тым часам Мацяйчук наліў з кафейніка дзве эмалірава-ныя кварты, адставіў у кут трыногу, Іваноў замест стала пасунуў на нарах квадратную дошку планшэта ў чахле, на якую паставіў каву. Пасля ардынарац выцягнуў з рэчмяшка некалькі рудых абкрышаных сухароў.
— Давай кейфанём, — з гасціннасцю запрасіў Іваноў.— Знаеш, люблю маленькія прыемнасці, якія можна сабе дазволіць.
— Ды ўжо ж, толькі і суцяшэння. А ў нас і гэтага няма. Пяхота! Не тое што вы — арыстакраты вайны: пярына, кава, ППЖ яшчэ. Поўны камфорт!
— ППЖ не трымаем, сам ведаеш. А іншае чаму не мець? Была б цяга.
— I цягі хапае. Аўтамашыны, трактары. А ў мяне вунь сем кляч на батальён. Перш чым якую засядлаць, трэба падумаць, куды паклажу дзяваць.
— Затое ў цябе Джым! — выпаліў Іваноў.
— Быў. Няма ўжо Джыма.
— Што? Падстрэлілі?
— Генерал забраў. Папаўся на вочы.
— Э, сам вінаваты! Дзівак! Хіба можна такога пса генералам паказваць? Прасіў, мне не аддаў. Ну і во…
Кава была агняна-гарачая і патыхала бензінньгм чадам. Валошын з'еў пару сухароў, угрэўся, яму тут па-хатняму стала добра і сцішана са старым субяседнікам. Калі б толькі не заўтрашні клопат, які цяжкім каменем ляжаў на душы, ні на хвіліну не даючы пра яго забыцца.
— Яшчэ наліць? — запытаў Іваноў.— Мацяйчук!
— Не, дзякуй. Я, знаеш, болей чай люблю. Слухай, а ў цябе траншэя прыстрэлена?
— Рэпер ёсць, — сказаў Іваноў.— За гэта можаш не баяцца. Дакладнасць гарантуецца.
— Знаеш, не бахай зашмат упачатку. Упачатку я ўжо як-небудзь і без таго. Мне пасля трэба. Там, на гары. Як зачэпімся.
— З дарагой бы душой. Але ж начальства запатрабуе. Яму ж, сам ведаеш, галоўнае, у пачатку каб грукату болей. Каб залп быў.
— Залп, да. А мне не залп трэба. Мне б хоць па пары снарадаў на кулямёт. Яны ж, ведаеш, маюць звычай з таго свету вяртацца. Здаецца, ты яго ўжо разбіў, два пападанні было, а ён праз пяць хвілін зноў страляе.
— Замяняемасць нумароў, што ж ты хочаш! — казаў Іваноў, беручыся за другую кварту кавы. — Агнявая падрыхтоўка.
— Падрыхтовачка яшчэ тая, гэта я ведаю. Пад Звонавам мае ўзялі ў палон іхняга снайпера. Два крыжы на кіцелі, можаш уявіпь, колькі настраляў нашага брата. I ўсяго месячныя курсы скончыў. Пытаюся, як вучыліся? Проста, кажа. Кожны дзень шэсць гадзін агнявой падрыхтоўкі на палігоне. Во практыка! А ў нас?
— А ў нас чорт ведае чаго толькі няма ў праграмах. Вунь артылерыстаў вучаць. I ПХЗ, і абавязкова страявая. Быццам на фронце — парады.
— Нягожа хваліць ворага, але так, — пагадзіўся Валошын. Ён ужо ведаў у характары Іванова ягоную рысу да самакрытычнасці ў адносінах ці артылерыі, ці нашых парадкаў, ці нават самога сябе і прывык да яе. Яна не калола іх вайсковага гонару і толькі сведчыла пра назіральнасць сябра і яго смеласць, ні на кога не зважаючы, выказаць праўду. Валошын жа так выказацца мог толькі ў крайнім выпадку.