— Хто-хто, а вы-та павінны разумець: мішэні на полі бою нам не патрэбны.
Ён паклаў гадзіннік на край стала і сам сеў побач. Маркін з нейкім незразумелым запалам выпаліў:
— А гэтыя, што асталіся, не мішэні?
— Тое будзе залежаць ад нас.
— Ад нас! Ось паглядзім, як яны заўтра паднімуцца. Ці не прыйдзецца абцасам у зад штурхаць.
— Вельмі нават магчыма. Заўтра, магчыма, і не паднімуцца. Прыйдзецца паднімаць. А праз тыдзень паднімуцца. Праз месяц ужо ўзнагароджваць будзем.
Маркін надзеў у рукавы паўшубак.
— Калі будзе каго, — цішэй зазначыў ён і дастаў з кішэні сшытак. — Баявое распараджэнне з палка. На атаку.
Камбат узяў сшытак, напалову спісаны знаёмым пісарскім почыркам. Дастаў з сумкі карту. Маркін пасядзеў і, пазяхнуўшы, адкінуўся ў кут на салому.
Наверсе зрабілася ціха-ціха…
7
Баявое распараджэнне не шмат дадавала да таго, што было і без яго вядома. Валошын хутка прабег вачмі дзве старонкі рукапіснага тэксту, даўжэй затрымаўся на карце. Спакваля яму стала зразумела, што абхватны ма-неўр, які прадпісваў камандзір палка, наўрад ці атрымаецца. Для абхвату такой вышыні, як гэта, спатрэбіўся б не адзін батальён і не адна артбатарэя, якая прызначана яго падтрымліваць. Зноў жа суседні за балотам пагорак! На выгляд — гэта была малапрыкметная сярод хмызняку гарбінка, ледзьве азначаная на карце дзвюма гарызанталямі, да таго ж знаходзілася яна далёка за флангам, на суседнім, невядома чыім участку. Але ў выпадку іменна гэтага абхватнага манеўра гарбінка апыналася амаль што ў тыле баявога парадку батальёна, і гэта ўжо насцярожвала. А раптам там — немцы?
Невясёлыя думкі камбата перапыніў рэзкі ўнутраны трэск тэлефона. Чарнаручанка з ахрыплай паспешлівасцю прабуркаў свае пазыўныя'і зняў з галавы трубку.
— Вас, таварыш камбат.
У шораху і трэску памех буяў злы нервовы голас камандзіра палка.
— Зноў у вас тое самае! Зноў фокусы, сюрпрызы! Калі гэта скончыцца, Валошын?
— Што вы маеце на ўвазе?
— Чаму вярнулі «карандашоў»? Вы што — не атрымалі загад на «сабантуй»?
— Атрымаў, таварыш дзесяты, — знарок спакойна адка-заў камбат.
— Дык у чым жа справа?
— Я вярнуў хворых.
— Што? Хворых? — Гунько знарочыста зарагатаў злым здзеклівым смехам. — Хто табе сказаў, што яны хворыя? Ці не яны самі?
— Ну вядома. У мяне ж доктара няма.
— Слухай, ты… вы там нармальны ці не? Калі вы будзеце такі легкаверны, дык у вас заўтра ў хазяйстве нікога не застанецца.
— Застануцца, таварыш дзесяты. А тыя, што на санчасць глядзяць, мне не патрэбны.
— Як гэта — не патрэбны? Вы разумееце, што вы гаворыце? З кім вы тады будзеце выконваць баявую задачу? Вы прасілі папаўненне. Я вам даў максімум. За кошт іншых, можна сказаць. А вы адмаўляецеся. Я проста не ведаю, як гэта разумець?
Валошын самотна ўздыхнуў, яму зноў станавілася сумна і агоркла ад гэтай бязглуздае спрэчкі.
— Таварыш дзесяты! Вось і аддайце іх тым, каго вы абдзялілі. Мне хопіць.
— Хопіць?
— Да, хопіць.