— Буду, калі не прагоніце... Мне ісці няма куды.
Таксама прысеўшы, з-за дзвярэй спыталі цішэй:
— Вы не бомж?.. Вы ж ішлі некуды?.. У вас ёсць дом?..
Дзверы былі тымі ж, што і раней, тонкімі, як з фанеры, нават ціхаму голасу не заміналі. Гаварыць праз іх можна было хоць да раніцы...
— Дом ёсць. А ісці няма куды.
— А-а, жонка выгнала... — працягнуў голас, у якім адразу з’явіліся ноткі, з якімі гаворыць баба, калі думае, што ўсё ведае пра мужыка. Гэта ўжо была не размова, я пачаў падымацца... Голас змяніўся амаль спалохана.
— Пачакайце!..
— Чаго?
— Я ведаю, пра што вы, выбачайце... У самой такое бывала... І я адчыніла б вам, але...
— Нічога... Я разумею.
— Ды вы не разумееце!.. Я замкнёная.
Я сеў, не падняўшыся.
— Адамкніцеся...
— Не магу... — ледзь не шэптым сказалі, але і шэпт быў чутны, за дзвярама. — З таго боку замкнёная, з вашага. І ключа няма... Муж з’ехаў на два дні і замкнуў мяне. Ён заўсёды, калі з’язджае, замыкае мяне і ключы забірае...
— Чаму?..
За дзвярыма зноў памаўчалі і ўздыхнулі.
— Бо лічыць, што я блядзь, і пайду гуляць...
Уздыхнулі даверліва, нават занадта даверліва... Тут ужо я памаўчаў, не знаходзячы, што сказаць... Голас гэты на бляцкі не быў падобны...
— Што вы маўчыце?..
— Не ведаю, што сказаць...
— Можа, вам спытаць хочацца?..
— Пра што?..
— Ну, блядзь я, ці не?..
— Не хочацца...
— Праўда?
— Праўда.
— А яму хочацца. І ён пытае і пытае... І замыкае... Вам колькі гадоў?..
— Сорак два.
— Як яму. А мне дваццаць...
Як Лі-Лі!.. Яму — як мне, а ёй — як Лі-Лі...