“Не. Тут няма ніякай Лі-Лі”.
“Добры вечар, Раман. Гэта Максім Аркадзьевіч”.
Бацька Лі-Лі. Яна без цырымоній пазнаёміла нас у Тэатры моды, куды мяне запрасіла, а ён сам прыйшоў. Мы паглядзелі з ім, як Лі-Лі на сцэне вырабляецца, потым кавы папілі, паразумнічалі. Разумнічаў, праўда, ён адзін, прасвятляў мяне ў кітайскай філасофіі. Я слухаў нешта пра ісціну чань, якую можна спасцігнуць толькі па-за вобразамі і па-за гукамі, адпрэчыўшы іх, — і нічога не петрыў, выдаючы выгляд, быццам спасцігаю... Бацька Лі-Лі ўсяго на год за мяне старэйшы, але чамусьці так пайшло адразу, што ён называў мяне Раманам, а я яго — Максімам Аркадзьевічам. Не таму, зразумела, што ён быў на год старэйшым доктарам навук... Калі б ён спаў з маёй дачкой, дык, мусіць, я называў бы яго Максімам, а ён мяне — Раманам Канстанцінавічам. Толькі, каб спакойна ўявіць такое, мне, відаць, яшчэ шмат чаго спазнаваць давядзецца ў кітайскай філасофіі.
“Выбачайце, Максім Аркадзьевіч, не пазнаў... Лі-Лі бегае недзе, пазней пазваніце”.
“А з вамі я магу пагаварыць?”
“Калі ласка. Мы гаворым”.
“Не па тэлефоне. Можам мы сустрэцца?”
Размовы з мужыкамі філасофскага складу ў вечаровыя планы мае ніяк не ўваходзілі, асабліва пасля такога дня.
“Ну, не ведаю... Можа, заўтра?”
“Заўтра позна будзе”.
“Чаму позна?.. — Ён маўчаў, і я раптам спалохаўся. — З Лі-Лі што-небудзь?”
“Не, — сказаў ён праз паўзу, — не з Лі-Лі... А, зрэшты, і з ёй таксама... Тут агульнае...”
Агульнага трэба было чакаць — раней ці пазней... На ягоным месцы я даўно разабраўся б з агульным, без філасофіі. Тады няхай сабе і сёння, адно да аднаго...
“Добра, прыходзьце. Я дома, нікуды не збіраюся”.
“Я таксама не збіраюся... Лепш бы вы...”
Падобна было на тое, што з агульным вырашылі разабрацца сямейна. Я не стаў хаваць, што такія разборкі мне ні для чаго.
“А жонка?..”
“Я адзін”.
Ну, калі адзін...
“Гарэлку браць?”
“Я не п’ю. Хіба Лі-Лі вам не казала?..”
Лі-Лі мне казала, што ты не п’еш?.. Ды яна пра цябе і не заікнулася ніводнага разу!
Дактары філасофіі ў нас апошнім часам не ў вялікай пашане, таму пасяляюцца ў мікрараёнах, бліжэй да пралетарыяту, які па-ранейшаму шануецца. Філосафы пра пралетарыят толькі і думалі, пралетарскую рэвалюцыю з ім наладзілі, так што ўсё справядліва.
Максім Аркадзьевіч адчыніў перада мной дзверы звычайнай хрушчоўкі ў панэльным доме — і я ўбачыў за спінай ягонай страшыдла: чорнага-чорнага, вялізнага, у даўжыню не меншага за Лі-Лі, дога. Бацька Лі-Лі таксама быў не з маленькіх, пад столь, таму першае, пра што я падумаў — як яны ўсе такія тут месцяцца?.. Дог не выяўляў агрэсіі, не падаваў голас і не шчэрыўся, але гэтак нярадасна глядзеў вочы ў вочы, што парог я пераступіць асцярогся.
— Вы казалі, што адзін...
— Максім! — кінуў цераз плячо Максім Аркадзьевіч, і дог задам, бо ў катушку прыхожай не было яму як павярнуцца, адсунуўся налева ў калідорчык. — Заходзьце, ён за ўсё жыццё толькі аднойчы чалавека ўгрыз.
Значыць, не выключаўся і другі раз. Тое, што дога, як і гаспадара, звалі Максімам, небяспеку не адмяняла. У сем год мяне скусаў шалёны сабака, да заікання са страху дайшло, якое ведзьма Карэнчыха зашаптала, так што адносіны з чацвяраногімі сябрамі меў я своеасаблівыя — і сабакі чуццём сваім сабачым гэта адчувалі. Дартаньян нездарма мяне ў ложку з былой актрысай ледзь не парваў.
Калідорчык з прыхожай веў на кухню, двое прыадчыненых дзвярэй — адны ў спальню, а другія — у нечакана вялікі і амаль пусты пакой, з мэблі ў якім былі толькі нізенькі столік з трыма крэсламі ды канапа. Ну, яшчэ люстра, калі лічыць яе мэбляй.
Чагосьці тут, што абавязкова павінна было быць, не ставала, я адразу не ўцяміў, чаго, і толькі сеўшы ў крэсла каля голай сцяны, убачыў тое, чаго тут няма: кніжных паліц. Іх не было, наколькі я змог заўважыць, і ў спальні, ды не тое што кніжных паліц — нідзе ніводнай кнігі не віднелася. Якраз кнігамі, я чакаў, будзе завалены кабінет філосафа так, што не прайсці, як некалі ў хаце Крабіча.
— Кніг болей не чытаю, — сказаў Максім Аркадзьевіч, ставячы на столік кававарку. — З год ужо. Усе прачытаў.