Нават дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель, вядомы ў Ліліпуціі як майстар круціцца і скакаць, не мог пераўзысці яго.
Потым імператару падалі доўгую палку. Ён узяў яе за адзін канец і пачаў хутка падымаць і апускаць.
Міністры падрыхтаваліся да спаборніцтва, якое было куды цяжэйшае, чым танцы на канаце. Як толькі палка апусціцца, трэба было паспець пераскочыць цераз яе, а як толькі яна падымецца, пралезці пад ёй на карачках.
Лепшыя скакуны і пралазы атрымлівалі ад імператара як узнагароду сінюю, чырвоную ці зялёную нітку, каб насіць яе вакол пояса.
Першы пралаза — Флімнап — атрымаў сінюю нітку, другі — Рэльдрэсель — чырвоную, а трэці — Скайрэш Балгалам — зялёную.
Гулівер глядзеў на ўсё гэта і дзіву даваўся: вось якія яны — прыдворныя звычаі ліліпуцкай імперыі.
12
Прыдворныя гульні і святы наладжваліся амаль кожны дзень, і ўсё роўна Гуліверу было вельмі сумна сядзець на ланцугу. Ён раз за разам падаваў прашэнні імператару, каб яго раскавалі і дазволілі вольна хадзіць па краіне.
Нарэшце імператар вырашыў задаволіць яго просьбу. Дарэмна адмірал Скайрэш Балгалам, самы злосны вораг Гулівера, настойваў, каб Куінбуса Флестрына пакаралі смерцю, а не вызвалялі.
Ліліпуція ў гэты час рыхтавалася да вайны, і ніхто не згадзіўся з Балгаламам. Усе спадзяваліся, што Чалавек-Гара абароніць Мільдэнда, калі на горад нападуць ворагі.
На тайнай нарадзе прачыталі прашэнні Гулівера і вырашылі адпусціць яго на волю, калі ён паклянецца выконваць усе правілы, якія будуць яму аб'яўлены.
Правілы гэтыя былі запісаны самымі вялікімі літарамі на доўгім скрутку пергаменту. Угары яго быў імператарскі герб, а ўнізе вялікая дзяржаўная пячатка Ліліпуціі.
Вось што было напісана паміж гербам і пячаткай:
«Мы, Гальбаста Мамарэн Эўлем, Гердайла Шэфін Молі Олі Гой, наймагутнейшы імператар вялікай Ліліпуціі, надзея і страх Сусвету,
самы мудры, самы дужы і самы высокі з усіх цароў свету, чые ногі ўпіраюцца ў сэрца зямлі, а галава дастае да сонца,
чый позірк прымушае дрыжаць усіх зямных цароў,
прыгожы, як вясна, добры, як лета, шчодры, як восень, і грозны, як зіма,
сваёй высокасцю загадваем вызваліць Чалавека-Гару з ланцугоў, калі ён дасць нам клятву выконваць усё, што мы ад яго патрабуем, — а іменна:
па-першае, Чалавек-Гара не мае права выязджаць за межы Ліліпуціі, пакуль не атрымае ад нас дазвол з нашым уласнаручным подпісам і вялікай пячаткай;
па-другое, ён не павінен заходзіць у нашу сталіцу, не папярэдзіўшы аб тым гарадскія ўлады, а папярэдзіўшы, павінен дзве гадзіны чакаць ля галоўных варот, каб усе жыхары паспелі схавацца ў дамы;
па-трэцяе, яму дазваляецца гуляць толькі па вялікіх дарогах і забараняецца таптаць лясы, лугі і палі;
па-чацвёртае, у час прагулак ён павінен уважліва глядзець сабе пад ногі, каб не раздушыць каго-небудзь з нашых шаноўных падданых, а таксама іх коней з карэтамі і калёсамі, іх кароў, авечак, і сабак;
па-пятае, яму строга забараняецца браць у рукі і саджаць да сябе ў кішэні жыхароў нашай вялікай Ліліпуціі без іх на тое згоды і дазволу;
па-шостае, калі нашай імператарскай вялікасці патрэбна будзе паслаць куды-небудзь тэрміновую вестку ці загад, Чалавек-Гара абавязваецца даставіць нашага ганца разам з яго канём і пакетам да ўказанага месца і прынесці назад цэлым і здаровым;
па-сёмае, ён абяцае быць нашым саюзнікам у выпадку вайны з варожай нам выспай Блефуску і павінен зрабіць усё для таго, каб знішчыць непрыяцельскі флот, які пагражае нашым берагам;
па-восьмае, Чалавек-Гара павінен у вольны час дапамагаць нашым падданым на ўсіх будаўнічых і іншых работах: падымаць самыя цяжкія камяні пры збудаванні сцяны. галоўнага парку, капаць глыбокія калодзежы і равы, карчаваць лес і пратоптваць дарогі;
па-дзевятае, мы даручаем Чалавеку-Гары змераць крокамі ўсю нашу імперыю ўдоўж і ўпоперак, і, падлічыўшы колькасць крокаў, далажыць аб гэтым нам ці нашаму дзяржаўнаму сакратару. Даручэнне наша павінна быць выканана на працягу двух месяцаў.
Калі Чалавек-Гара клянецца свята і няўхільна выконваць усё, што мы патрабуем ад яго, мы абяцаем дараваць яму волю, апранаць і карміць за кошт дзяржаўнай казны, а таксама даць яму права бачыць нашу высокую асобу ў дні святаў і ўрачыстасцяў.
Дадзена ў горадзе Мільдэнда, у палацы Бельфабараку, у дванаццаты дзень дзевяноста першага месяца нашага слаўнага царствавання.
Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфін Молі Олі Гой, імператар Ліліпуціі».