Бондар падбірае матэрыял — калодкі, палены і дошкі, што ў вялікім запасе ляжыць у яго хаце.
З ім побач клапоціцца і Аўдоцця.
А чым далей, тым работа вымагае больш кемлівасці, больш адказнасці, становіцца цяжэй і мудрэй і, разам з гэтым, усё прыямней.
Аўдоцця без тлумачэння разумее.
Ім абодвум кружыць галовы вялікае здарэнне: пані пажадала мець у сваёй гаспадарцы хвалёную работу «залатых рук» Данілы.
Во хто яго ўрэшце зразумее і ацэніць!
А гэта ўжо не мужыцкага роду асоба, а з таго гатунку людзей, што ўсё ведаюць…
Даніла ззяў. Памаладзеў. Парухавеў. Тое, да чаго ён рваўся ўсё жыццё, само насустрач ідзе. Во каму ён пакажа свой таемны скарб — пані, вялікай пані, з вялікага двара! Дзеля гэтага варта была безупынная праца дзесяткаў год, пры якой ён рваўся кудысьці, каб адкрыць людзям свой уласны новы свет.
Шчырая радасць грэла і Аўдоццю.
Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі, арэшнік на абручы з сваіх лепшых запасаў?
Ці ж можна апавядаць аб тым, як ён пераглядаў, перамацваў рукамі, пробаваў на язык палены, дошкі і звычайныя кавалкі дрэва, як ён іх сушыў, як з імі няньчыўся, каб стварыць з іх новае хараство, каб у іх душу пераліць.
Ці ж можна казаць аб тым, як ён бачыў мастацкім вокам старога майстра ў нямых кавалках дрэва гаварлівыя, пявучыя, вабныя сваёй зграбнасцю і грацыяй начоўкі, вядзёркі і лыжкі?
Ці ж можна адмаляваць пры гэтым жывую ігру яго твара, выразныя рухі яго цела, як ён усё разважаў і туды і сюды, і ў добры і ў кепскі бок, нібы закладваў фундамент вялікаму гораду?
Даніла гарэў на сваім уласным агні. Даніла лез усё вышэй і вышэй па невідочнай лесвіцы.
IV
І расла яго творчасць, нібы казка, што прыняла раптам формы праўдзівасці.
Гэта былі не вёдры, не начоўкі, не лыжкі, а дзіўны сон пекных форм. Гэта былі ажыццёўленыя мары Данілавага сэрца. Гэта было тое, дзеля чаго варта і жыць, і пакутваць…
Звычайнае, простае вока бачыла б у гэтых пасудзінах звычайныя і простыя рэчы. Звычайнае вока лічыла б дзяцінствам урачыстае свята Данілавага сэрца. Звычайнае вока часта глядзіць на золата і думае, што гэта камень. Звычайнае вока не захапляецца парывамі вялікай душы, не блішчыць агнём шчырага падзякавання вялікаму майстру.
У пані з двара незвычайнае вока. Яна ўгледзіць дарагі скарб там, дзе ён папраўдзе ёсць.
Так, прынамсі, думаў Даніла, а з ім, разумеецца, і яго жонка Аўдоцця, калі яны на малых саначках везлі ў двор пані бялюткія, як малако, як пена марская, гучныя, як шкло, пасудзіны. Яны былі зграбныя, лёгкія, як бы жывыя: вось-вось у паветра ўзнімуцца. Вось-вось зайграюць, як скрыпкі. Пад яркім зімовым сонцам яны пераліваліся рознымі колерамі, нібы крыштальныя.
Штохвіліну Даніла і Аўдоцця спыняліся і здзьмухвалі снежныя пылінкі з новых пасудзін. Кожную пасудзіну Даніла пробаваў рукамі на звон. Яна выдавала свой асабісты голас. Лёгка было падабраць з іх новы, па-свойму цікавы, музычны інструмент, на якім можна было б іграць шчырыя, чулыя песні шчырага і чулага сэрца бондара Данілы…
Нашто тут патрэбны струны, ноты, пышныя абставіны багатых салонаў, калі ўсё прыгожае відаць і ў прастаце і шчырасці?
Захацеў чалавек, і сам сабе ўладзіў свята-гульню. І сонца на яго тады па-новаму глядзіць, і камень, і дрэва яму песні пяюць.
Даніла туліў да грудзей пасудзіну і любаваўся:
— Якое моцнае вядро! як камень, як жалеза: хоць ты гарматы па ім вазі! Вунь, бач, жонка, як я стану на гэтае вядро нагамі, і ліха яго не возьме.
Даніла паставіў на снег вядро і намерыўся наступіць на яго нагою.
— Што ты робіш? — крыкнула спалоханая Аўдоцця.
— Я не баюся — стану, — бо моцнае! — заартачыўся Даніла.
— Няможна… — у роспачы застагнала Аўдоцця.
— А вось папрабую! — настойваў Даніла.