Сымон ішоў за апошнім возам снапоў. Ён заўважыў погляд старой, запрыкмеціў, што пад прамоклай наскрозь вопраткай у яе нешта за пазухай тырчыць. Ён адчуў вялікі смутак Зоські.
Нястрыманая злосць закіпела ў яго сэрцы.
Ён падскочыў да цівуна, які ехаў конна побач з вазамі.
Пад самыя вушы каню Сымон завыў па-воўчаму.
Разляглося навокал сумнае выццё, працяглае, страшнае…
Конь спудзіўся, застрыгаў вушамі, захроп, панёсся і скінуў цівуна ў глыбокую канаву.
Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк.
6. Падарунак па-панску
Пад вечар у той жа дзень Сымон сядзеў у Зоські ў хаце.
Застрэленая панам цівуном варона ляжала ў куце пад абразамі.
— Няхай Пан Бог бачыць, як паны і панскія прыслужнікі крыўдзяць бедных людзей, — сказала старая маці Зоські. — А калі не заступіцца, дык буду сабе шукаць іншага, мужыцкага бога. А гэтага (яна паказала рукой на абразы) панам пакіну!
Зморшчаная, нізенькая бабулька прагаварыла апошнія словы са злосцю.
— Я ўжо пану цівуну адплаціў за варону, — сказаў Сымон, і вочы яго весела заблішчэлі. — Вось вазьму ды зраблюся мужыцкім богам!
— Не грашы… — спалохалася старая. — Пакуль што мужыцкаму богу ад панскага дастанецца.
— За мяне, маці, няма чаго баяцца. Выкручуся з бяды. А пан цівун, пэўна, ногі выкруціў, як з каня зваліўся.
Старая засмяялася, усхапілася і сказала:
— А божачка, чаго я радуюся чужой бядзе?
— Такой бядзе грэх не радавацца, — заўважыў Сымон.
— Зарабіў ты, Сымонка, яечню за гэта!
Старая зараз жа пачала раскладаць агонь на прыпечку, каб спячы яечню.
На дварэ паўзлі змрокі. Яны наліваліся ценямі ў шызыя цэбры паветра. Праз маленькія шыбіны змрокі ўрываліся ў хату і запоўнілі яе цямрыстай ватай. Лезлі ва ўсе шчыліны.
Агоньчык на прыпечку палаў. Жоўтыя языкі спаміж дзвюх цаглін лізалі патэльню, на якой скварылася сала.
Сымон з Зосяй сядзелі моўчкі, прытуліліся адзін да аднаго на тапчане пры стале. У іх ужо было вырашана ў каляды прасіць у пана дазвол на вяселле.
А вось раптам уздрыгануліся.
Яны пачулі тупат ног, хлюпат па лужынах каля хаты. Хутка скрыпнулі дзверы, і, сагнуўшыся, каб галавой не ўдарыцца аб верхні касяк дзвярэй, увайшоў высокі малады хлопец.
Гэта быў Макар, адзін з панскіх гайдукоў.
— Добры вечар! — буркнуў ён у хату.
— Добры вечар! — адказала адна толькі старая заўпалым голасам.
Сымон пабляднеў.
— Ці не данюхаўся панскі гіцаль, што я тут. Мабыць, мяне шукаюць, — падумаў ён. — А можа, так прыйшоў — да Зосі?