— Кт-кт-кт-кт-кт! — чуваць з адной хаткі.
— Кдах-кдах-кдах-кдах! — адказвае нехта з суседняй хаткі.
Дзве рукі адчыняюць двое дзвярэй.
З адной хаткі выскаквае стройны певень.
З другой — высоўваецца плаўна, як пава, павольная і паважная курыца.
Як старыя знаёмыя яны вітаюцца і падыходзяць бліжэй да рэчкі.
Певень ганаровы, надзьмуты, як кароль, ірвануў уверх чырвона-крывавы грэбень, распусціў веерам залацісты хвост і сунуў уздоўж берага.
Курыца ідзе за ім следам з апушчанай галоўкай, нібы вінаватая, грэшная і сарамяжлівая.
Певень мае чым ганарыцца: пер'і адліваюцца ў розныя колеры — на крыллях агняцветныя кружалкі, на шыі і грудзях мігаціцца цёмна-сіні панцыр, сталёвая дзюба, моцная, як дзіда, ногі апранутыя ў залатыя нагавіцы, хвост — вязка брыльянцістых абручоў.
Курыца апранута па-простаму, па-хатняму — у пярэстую цнатлівую спадніцу ў белых гарошках.
— Кт-кт-кт-кт! — чуваць розныя ноткі гаспадара-пеўня.
— Кдах-кдах-кдах-кдах! — апраўдваецца курыца.
Пачынаецца інтымная гутарка-бяседа святочнай парачкі. Гутарка льецца на розныя лады і галасы. Ад гучнага гоману яна пераходзіць у кволы таемны шэпт.
Пераплятаюцца цвёрдыя з мяккімі слоўцамі, гнеўныя з запалоханымі ноткамі зліваюцца ў адно.
— Кт-кт-кт…
— Кдах-кдах-кдах…
Курыца садзіцца, млявая, на пульхны снег і змаўкае. Певень круціцца вакол яе карагодам, апускае крыллі, нібы крадучыся, ідзе бліжэй да сваёй гаспадынькі і сыпле ва ўсе бакі салодкім дробным басавым квахтаннем…
Раптам вясёлы рогат раздаецца з адчыненых дзвярэй абедзвюх хатак, рогат-смех кідаецца адзін на адзін у шчырай гучнасці.
Паказваюцца два твары — адзін круглы, поўны, масянжовы, з маленькімі цёмна-сінімі зажмуранымі вачыма, з светла-русай рэдкай бародкай; другі — абросшы цёмна-сівай густой барадой да самых вачэй, якія блішчаць з цыганскай хітрыкай.
Гэта — два суседы, два рыбакі, Міхалка і Меер.
— Дзень добры!
— Дзень добры!
— Што скажаш, Міхалка, на маю курыцу?
— Што скажаш, Меер, на майго пеўня?
— Твой певень не на жарт прыстаў да маёй курыцы.
— Чаго добрага, яйкі трэфныя будуць, есці не захочаш.
— Ну, ну, не жартуй!
Міхалка і Меер — два рыбакі. Шмат гадоў яны тут жывуць разам. Міхалка ловіць рыбу, частку аддае ў двор, за што пан яго вызваляе ад прыгоннай работы, а частку бярэ ў яго Меер і прадае ў блізкім мястэчку. З гэтага яны жывуць. Адзінота зблізіла іх жыццё-быццё, нягледзячы на тое, што адзін «гой», а другі «жыд». Яны зблізіліся да таго, што часам самі забываюць, хто яны, не памятаюць, што ёсць і «гоі» і «жыды». Але як пачуюць, што між іх няма ніякай розніцы, што яны толькі «людзі», тады абодва палохаюцца…
Меер упадае ў задумёнасць і пачынае перабіраць пальцамі густую бараду.
Міхалка цярэбіць патыліцу і шчыра непакоіцца.