З апошнім ты хацеў бы паспрачацца. А рэчы ў гэтай сэнтэнцыі замяніў бы на ўспаміны, якія любое тваё падарожжа вызваляе сваімі вятрамі ад попелу забыцьця, каб зацягнуць цябе ў вір, дзе вастрэюць адчуваньні, бліскаюць новыя сюжэты і мроіцца, што паваротка дарогі можа стаца пераменаю самога лёсу...
Не пасьпявае аўтобус спыніцца на першым вужгарадзкім сьветлафоры, як ты апынаесься ў зацішнай кавярні зь відам на замак. Яго амаль затуляюць крутыя плечы таксіста, зь якім цябе, маладога беларускага літаратара, знаёмяць, захоўваючы ўсе правілы кансьпірацыі. Бо насамрэч гэта не таксіст, а біскуп забароненай і загнанай у падпольле Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы.
«Таксіст» настолькі таленавіта ўжыўся ў афіцыйную ролю, што табе не адразу ўдаецца настроіцца на ўспрыманьне яго праўдзівае іпастасі. Дапамагае маладое віно, што ўладыка п’е зь ня меншай за цябе асалодай і ўсё больш нагадвае рэдактара тваёй першай, яшчэ нявыдадзенай тады кніжкі, Міхася Стральцова, які ўжо ня п’е нічога мацнейшага за колу, але зь якім гэтаксама цікава маўчаць, адчуваючы ўдзячнасьць за давераную якраз табе мужчынскую таямніцу, магчыма, апошнюю ў ягоным жыцьці, дзе лік ідзе ўжо на месяцы...
Берагава
На скрыжаваньні вока схоплівае паказальнік на Берагава. Ты заплюшчваеш вочы і праз хвілю ідзеш старадаўнімі вулачкамі закарпацкага гарадка, што насамрэч завецца, калі не памыляесься, Бэрэгсас, бо ён не ўкраінскі, а спрэс вугорскі: абліччам і моваю жыхароў, архітэктурай, шыльдамі, утульным — на чалавечы рост — помнікам Шандару Пэтэфі на маленькім пляцы, дзе калісьці спыняўся аўтар «Нацыянальнай песьні» і «Віцязя Янаша».
Гадоў дваццаць таму цябе зноў і зноў прыводзілі сюды твае авантурныя шляхі — ня так дзеля маладога віна, садавіны і клімату, якія табе рэкамэндавалі дактары, як дзеля выразнай несавецкасьці гэтае багаславёнай мясьціны, што заўсёды надавала фізычнай і душэўнай трывушчасьці да наступнага прыезду.
Паблізу пляцыку з помнікам Пэтэфі ў добрыя старыя часы Габсбургаў і пазьней знаходзілася вельмі прыстойная, паводле водгукаў яшчэ жывых наведнікаў, установа з густоўным чырвоным ліхтаром на ўваходзе, якую язык не паварочваўся назваць ні выляжальняй, ні бардэлем, ні нават публічным домам. У часы твайго юнацтва там, на жаль, месьціўся ўжо райаддзел міліцыі, дзе працаваў твой гаспадар Шандар, або Шоні бачы — дзядзька Шоні, прыгарадны дом якога быў канцавым пунктам закарпацкіх вандровак.
Тады яшчэ жыў Шандараў бацька, Шоні-старэйшы, які сустрэў цябе варожа, а потым палюбіў за тое, што ты, як і ён, не гаварыў па-расейску, але пры тым неяк разумеў ягоную ўкраінска-вугорскую трасянку. Ён загадаў сыну нічога для цябе не шкадаваць, дазволіўшы табе самому спускацца ў віньніцу.
Шоні-бацька таксама нагадваў Міхася Стральцова, бо любіў шматмерна й шматзначна маўчаць, выцадзіўшы перад гэтым шклянку віна, празь якую спачатку абавязкова трэба было зірнуць на сонца, што радасна купалася ў рубінавым хмелі. Віно рабіла Шоневы вочы яснымі і празрыстымі, і ён углядаўся ў мінулае, калі пад парослай шыпшынаю і ажынамі гарой сустракаўся з сваёй Ёланкай, калі, рыхтуючыся да вясельля, употай ад бацькоў і каханай наведваў з мэтаю набыцьця неабходнага досьведу дом з чырвоным ліхтаром, а потым быў прызваны ў вугорскую армію й гераічна ваяваў кулямётчыкам пад Сталінградам, за што атрымаў два мэдалі.
Ты пазіраў на ласкавае восеньскае сонца праз сваю шклянку і ўспамінаў свайго бацьку, які таксама атрымаў за Сталінград два баявыя мэдалі, і думаў, што каб ён дажыў да гэтых дзён, дык не адмовіўся б выпіць з Шоні за тое, што яны не застрэлілі адно аднаго там, на чужых для абодвух волскіх берагах, а тады з смакам закусіў бы вэнджаным вугорскім салам з папрыкай.
Шоні-малодшы раз-пораз прыносіў зь віньніцы запацелую карафку, а ты марыў пра свае будучыя кнігі ды іхніх чытачоў і асабліва чытачак; пра сустрэчу з Уладзімерам Караткевічам, які нядаўна прыслаў табе ліст, адгукнуўшыся на тваё другое ў жыцьці надрукаванае апавяданьне, па якім ты назавеш першы зборнік; пра тое, што калі-небудзь цябе ўсё ж выпусьцяць за межы СССР і ты зьезьдзіш у Кракаў, а можа, і ў зусім недалёкі адсюль Будапэшт.
Тым часам за Цісаю сядала сонца, і прыходзіў глухаваты сусед Пішта, яшчэ адзін кулямётчык і герой Сталінградзкай бітвы, які ўпарта меў цябе за расейца і ніколі не сказаў табе ніводнага слова па-ўкраінску ці хоць на якой вусьцішнай трасянцы. Вы зь ім так і размаўлялі: ён — па-вугорску, а ты — па-беларуску, але калі аднаго разу засталіся за сталом сам-насам, ты ні з пушчы ні з поля вырашыў пазнаёміць былога кулямётчыка зь беларускай паэзіяй і прадэклямаваў Караткевічавага «Сьнегіра». Гэта была геніяльная ідэя, бо Пішта адразу паверыў, што ты — не расеец, і прынес табе на дарогу трохлітровую біклагу мускатнага віна.
З кожным тваім прыездам Шоні-старэйшы гаварыў усё меней, а потым і зусім замураваў сябе ў празрыстым склепе маўчаньня — адно слухаў сынавы размовы з табой ды паказваў вачыма, каб не забывалі наліць і яму. Бывала, ты трошкі палохаўся бясконцага Шоневага маўчаньня, спрабаваў адстаронена паслухаць самога сябе й думаў: а раптам стары проста зразумеў, што людзі гавораць не таму, што маюць нешта сказаць, а таму, што Госпад аднойчы расслабіўся і надзяліў іх гэтай здольнасьцю...
Трансыльванія
Прахапіўшыся, ты ня кінеш позірку ў вакно, каб паводле надзейнай бабулінай парады сьцерці з памяці нісянеціцу сьненьня, бо хочаш, каб сёньняшні сон праявіўся ва ўсёй сваёй выразнасьці й шматфарбнасьці.
Ты стаяў перад дзіўным дрэвам: адны ягоныя галіны шамацелі густой лістотаю, на другіх сьпелі слуцкія бэры, на трэціх красавалі кветкі-«завушніцы», або, як іх яшчэ называюць, «разьбітае сэрца», вунь на той галіне сьпявалі птушкі, на гэтай уладкаваўся цэлы партызанскі атрад і пара рыцараў у поўным рыштунку, а на тую выйшлі шчыльнымі радамі й расьселіся, зьвесіўшы ногі ды хвасты, збольшага знаёмыя істоты, напэўна — дамавікі, лесавікі й хохлікі... Некаторыя галіны толькі пачыналі распускацца ці запаўняцца рознымі дзівоснымі стварэньнямі, а некаторыя — былі непрыкаяна голыя й самотна зыбаліся пад ветрам. Ты стаяў перад дрэвам, нейкі голас падказваў табе, што гэта — дрэва беларускага прыгожага пісьменства, і ўжо там, у сьне, ты прасякаўся глыбокай асабістай адказнасьцю за росквіт роднае літаратуры, за яе месцамі непрытульна голае вецьце, за неасвоеныя жанры, формы ды тэмы...
«Пракруціўшы» сон, ты нарэшце дазваляеш сабе вызірнуць у вакно і высьвятляеш, што аўтобус коціцца па Трансыльваніі, або, па-нашаму, Залесьсі, дзе калісьці княжыў Іштван Батары, а па-нашаму Сьцяпан Батура, што ад 1575 году быў вялікім князем тваіх продкаў-ліцьвінаў.
Недзе тут, сярод зялёных спадзістых пагоркаў, прыйшоў на сьвет Батураў супернік, а затым сябар і хаўрусьнік Каспар Бэкеш, што праславіўся як ваявода, адбіваючы ў Інфлянцкую вайну ў маскоўцаў Полацак, а яшчэ болей — як мысьляр, што не вызнаваў аніякай рэлігіі, у выніку чаго пасьля ягонае сьмерці ў Горадні ні касьцёл, ні царква не далі дазволу хаваць вялікакняскага паплечніка на сваіх могілках. Прадбачачы гэткую нявыкрутку, Бэкеш загадзя паклапаціўся пра эпітафію («...не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд...»), зь якой яго й пахавалі на стромым беразе рэчкі Вільні ў вашай тагачаснай сталіцы.
Яшчэ больш складаныя стасункі з Богам меў народжаны ў Трансыльваніі твой вясёлы румынскі аднайменьнік Улад Дракула, згадка пра якога адразу робіць больш акрэсьленым твой намер азеляніць у айчыннай літаратуры якую-небудзь голую галіну.
Ты напішаш мастацкі твор пра беларускіх вампіраў. Менавіта пра беларускіх — нацыянальна-арыентаваных, сьвядомых прыхільнікаў дзяржаўнага сувэрэнітэту Бацькаўшчыны, якія, у прыватнасьці, адназначна супраць увядзеньня ў якасьці валюты расейскага рубля. Гэта ўжо другое пакаленьне незалежнікаў. Яны вырасьлі ў беларускіх сем’ях і таму маюць адметныя імёны — Рагнеда, Усяслаў, Франак, магчыма, Караліна...
Героі знаходяць адзін аднаго яшчэ ў студэнцкія гады. Ствараюць і рэгіструюць суполку ТБМ, а затым, па меры сталеньня, і БНФ. Акуратна сплачваюць складкі, падтрымліваюць беларускую прэсу, бяруць удзел у акцыях. Адна з гераіняў працуе на станцыі пераліваньня крыві, яе сябар — у навукова-дасьледчым інстытуце гематалёгіі. Якраз яму шчасьціць зрабіць адкрыцьцё: іхні ўкус, аказваецца, ня толькі перадае своеасаблівую бацылу вампірызму (якую, зрэшты, нескладана заблякаваць, каб папуляцыя не набыла пагрозьлівых для ўласнага існаваньня памераў). Адначасова ўкус прышчапляе, так бы мовіць, паддосьледным беларускую нацыянальную сьвядомасьць. Адкрыцьцё пераварочвае даволі аднастайнае існаваньне суполкі, што разумее, які неацэнны даробак можа ўнесьці ў сьвятую справу вяртаньня роднае краіны ў Эўропу. Пасьля чарговае акцыі апазыцыі грацыёзная супрацоўніца станцыі пераліваньня крыві выбірае першы аб’ект — бамбізу-палкоўніка, што кіраваў жорсткім разгонам дэманстрантаў, і заваблівае яго ў ціхі менскі дворык, дзе ў альтанцы чакае ўся дружная суполка. Астатняе — справа тэхнікі...
Вужыцы
На трэці дзень дарогі ты прачынаесься ў сэрбскім горадзе Вужыцы. Выбіраючыся з гатэльнага нумару, падобнага да бункеру, уражана прыкідваеш, наколькі шырока разьлегся славянскі сьвет. Ты сумняесься, радавацца з гэтае прычыны ці засмучацца, бо тут, як і дзе-небудзь у братнім Тамбове, карміць гасьцей сьняданкам у гатэлях яшчэ не зазвычаена. Але кава ў знойдзенай кавярні сапраўдная, а пададзеныя да яе «палачынкі» — ня што іншае, як апетыя некалі Сыракомлем родныя налісьнікі. Ты разьнявольваесься, цікавісься тутэйшым чырвоненькім і ані не прадчуваеш, што чакае цябе на апошнім кавалку шляху па гэтай неабдымнай Славяншчыне, пакуль яе неўтаймоўнага поступу ня спыніць Адрыятычнае мора.
Ужо праз гадзіну ты адчуваеш пэрыядычныя прылівы адрэналіну, разам зь якімі з глыбіняў стаўніка пагрозьлівымі хвалямі падымаецца кава з налісьнікамі. Аўтобус нават не паўзе, а караскаецца па сэрпантыне. Леваруч — стромая сьцяна вышынёю на паўкілямэтра, справа — такой самай глыбіні кювэт, дно якога сям-там разнастаяць цацачныя парэшткі прыкладна такіх, як твой, аўтобусаў. Суцэльныя скалы, да якіх лепіцца вузенькая шаша, час ад часу ажыўляюць гранітныя й мармуровыя пліты — помнікі тым, хто ўжо прыехаў. Цалкам адпавядаюць мэмарыяльным знакам і нязвыклыя дарожныя — тлустыя кропкі ў трохкутніках.
Чамусьці менавіта гэтыя кропкі, якія ты ўспрымаеш найперш як знаёмыя й блізкія табе знакі пунктуацыі, утаймоўваюць шторм у страўніку і настройваюць цябе на філязофскі лад. Ты думаеш, што ўсе вы, ня толькі пасажыры аўтобусу, а наагул усе, яшчэ жывыя — разам з сваімі перамогамі і паразамі, каханьнямі і здрадамі, марамі пра іншую Беларусь і марамі зваліць куды-небудзь ад яе падалей — усе вы навечна, як мушкі ў бурштыне, закутыя ў гэтым стагодзьдзі. Пэўнасьць надае бадзёрасьці й аптымізму. Яшчэ больш натхняе, што першыя лічбы таго году, які будзе стаяць на вашых надмагільлях пасьля працяжніка, таксама ўжо вядомыя — 2 і 0. Іншая рэч, што табе ані ня хочацца раптоўнае сьмерці — ні за пісьмовым сталом, ні пад коўдраю ва ўласнай спальні.
Ты згодны з тым, хто вынайшаў панятак ars mariendi — мастацтва паміраць. Ты лічыш, што шчасьлівы той творца, які мае магчымасьць дарэшты выканаць прафэсійны абавязак, стварыўшы сюжэт уласнага сыходу, гэтае неардынарнае падзеі, што здараецца толькі раз у жыцьці, і таму мае падставы лічыцца ў пэўным сэнсе сьвятам. Гэта не азначае да канца трываць пакуты. Можна, напрыклад, памерці ў дзень нараджэньня, як зрабіў Валент Ваньковіч, або ўчыніць нешта яшчэ больш арыгінальнае, такое, каб па табе ня толькі заплакалі, але і засьмяяліся, усьвядоміўшы, што і да сьмерці, як да ўсяго на сьвеце, трэба ставіцца з гумарам, і што найлепей ушанаваць памяць нябожчыкаў можна адно паўнатою ўласнага жыцьця.
Адамчык
На вышыні тысячы мэтраў на роўнем мора ты амаль з асалодаю чытаеш дзёньнік Вячаслава Адамчыка. Табе робіцца нечакана ўтульна з гэтай, такой беларускай душой, зь яе ўзьлётамі і незьнішчальнымі комплексамі, з замілаванасьцю дрэвамі й птушкамі ды ўспышкамі інфэрнальнае нялюбасьці да людзей, з вусьцішным прадчуваньнем хуткага скону, зь фізычным болем і непараўнальна страшнейшым болем душы, якой перакрываюць неабходнае для жыцьця беларускае паветра...
Усьлед за Адамчыкам ты гатовы падпісацца пад партрэтам аднаго зь сяброў Рады Саюзу пісьменьнікаў, самазадаволенага вепрука, зь якім лёс зьвёў цябе ў выдавецтве «Мастацкая літаратуры». Ты, яшчэ ня звольнены «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы», рэдагаваў том паэтычнай анталёгіі. Вяпрук быў укладальнікам, і ты злавіў яго на тым, што ён ня толькі не адчувае паэзіі, але і панапісваў пад капірку біяграфічныя даведкі, якія ты прымусіў яго перарабіць, дадаўшы хоць каліва творчасьці, за што ён, парохкваючы ў сваім дзяржаўным катуху, ціха помсьціўся табе ўсё наступнае дзесяцігодзьдзе.
Апошнія два гады ты жыў, па сутнасьці, у адным з Адамчыкам двары і штомесяц ставіў свой подпіс побач зь ягоным, атрымліваючы на пошце выпісаную да запатрабаваньня «Иностранную литературу». Але ў вас зь Вячаславам Уладзімеравічам былі розныя сьцежкі, і ты толькі раз пагаварыў зь ім, падзякаваўшы за апавяданьне «Леанарда», дзе савецкія партызаны-расейцы па наводцы вартаўніка-беларуса ўпяцёх гвалцяць, а пытым забіваюць штыхамі беларускую настаўніцу.