Былы марскі капітан татарын Адам Якубоўскі родам з твайго Прыдзьвіньня на выдатнай беларускай мове апавядае, як аднойчы ў Кейптаўне сустрэўся зь мільянэрам на прозьвішча Шапіра і пасьля першага ж кілішку запытаўся ў суразмоўцы, ці ўмее той па-беларуску. Слугі-зулюсы зноў і зноў падавалі на тэрасу віскі зь лёдам, а белыя паны размаўлялі на незразумелай мове, у якой часта сустракалася дзіўнае слова «Шаркоўшчына», і гаспадар чамусьці плакаў, аднак загаду атруціць або зарэзаць госьця так і ня даў.
Дачка казанскіх татараў Эльміра бязь лішніх цырымоніяў уручае табе свой рэклямны праспэкт, адкуль вынікае, што, апрача опэрных арыяў і мурынскіх сьпірычуэлс, шчодра адораная Алагам гадаванка Казанскае кансэрваторыі гатовая да плённага супрацоўніцтва па дваццаці іншых пунктах, сярод якіх і загадкавы: «развлекательная и популярная программа».
Яшчэ адзін марак у адстаўцы пры канцы сустрэчы сардэчна дзякуе вам, выказваючы перакананьне, што такія маладыя й высокаадукаваныя маладзыя людзі, як ты і Дзіма Б., дапамогуць у сьціслыя тэрміны збудаваць «саюзную дзяржаву».
Супрацоўнік абласной адміністрацыі, ледзь пасьпеўшы набыць тваю кнігу «Адкуль наш род», ужо выказвае першую прэтэнзію: чаму эсэ пра «нехарошага» Язафата Кунцэвіча ёсьць, а вось аб праваслаўным Афанасію Філіповічу — ні слова? Ці не таму, што апошні супрацоўнічаў з маскавітамі і заклікаў цара распачаць вайну з Рэччу Паспалітай? Менавіта таму, адказваеш ты. Супрацоўнік, як выяўляецца, мае гістарычную адукацыю і лічыць недаравальным трымаць свае багатыя веды пры сабе.
Ты мусіш вытрымаць шквал сьвежых ідэяў і фактаў. У прыватнасьці, дазнаесься, што існуе агульнаруская прастора. Што яе ўтвараюць тры галіны адзінага рускага этнасу: велькаросы, маларосы і беларусы. Што ня ўсё так «чыста» з Тадэвушам Касьцюшкам. Што беларусы ня раз «устраивали массовую взаимную резню на религиозной почве». Што зусім няблага, што ў Расеі, адрозна ад Беларусі, не было эпохі Рэнэсансу, якая запаліла тысячы страшных вогнішчаў. Што ў Расеі ўлада пакарала сьмерцю толькі чатырох царкоўных раскольнікаў, а безьліч іншых загінулі, даведзеныя да масавых самаспаленьняў заходнімі эмісарамі.
Наастачу калега вырашае прасьвяціць цябе ў тым сэнсе, што сапраўднае прозьвішча Геркуса Мантаса — Манто, а летувісы самачынна, відаць, не параіўшыся з таварышамі з агульнарускай прасторы, дадалі свой канчатак. Ясна, што тут, як і з Касьцюшкам, ня ўсё чыста.
Ты не дыскутуеш, табе проста пацешна ўяўляць, што адказаў бы гэтаму зацятаму служку Кліё адзін вядомы ўсім уладальнік дыплёму пра гістарычную адукацыю.
Супрацоўнік нэрвуецца: «Вы хотите сказать, что Ваша Беларусь была в Европе, а потом пришла российская орда?» Ты пагаджаесься: «арда» — дакладнае слова.
Угнаеньні
Сёньня раніцай у цябе ўзьнікла было адчуваньне, што трапіў у нейкі сёмы абласны цэнтар Беларусі. Прыкладна такая самая архітэктура мікрараёнаў і выспы недаруйнаванага гістарычнага асяродзьдзя. Прыкладна такая ж колькасьць беларускамоўных. Гэткая ж беларуская гасьціннасьць тваіх гаспадароў…
Увечары ты ўжо канчаткова і ўсьцешана перакананы, што знаходзісься ў іншай краіне.
І рэч ня ў тым, што ў цябе дома такіх супэрмаркетаў яшчэ няма нават у сталіцы. І ня ў тым, што на выхадзе з гэтай цалкам эўрапейскай паводле маштабу ды асартымэнту крамы можна трапіць у калюжыну паўмэтровай глыбіні, бо дарогаў калінінградзкага кшталту ў вас няма, здаецца, ужо і ў райцэнтрах.
Рэч у тым, што дома любая, няхай і тройчы расейскамоўная аўдыторыя цябе выдатна разумее, і калі ты кажаш, што першае беларускае слова, якое зачаравала прывезенага ў Гомель расейскага хлопчыка Дзіму Бартосіка, было пачутае з радыёпрадуктара слова «ўгнаеньні», публіка імгненна адгукаецца ўсьмешкамі і настройвае сваё ўспрыманьне на адпаведную хвалю. А тут таму, хто цябе разумее, часу на ўсьмешку ды «настройку» проста бракуе: скубуць дапытлівыя суседзі, для якіх што «ўгнаеньні», што «fertilіzer», — аднолькавая тарабаршчына.
Наяўнасьць у шматстайных беларуска-расейскіх стасунках таямніцы «ўгнаеньняў» безумоўна суцяшае. І пакуль Дзіма Б. тлумачыць, што ўгнаеньні бываюць арганічныя і неарганічныя, ты аддаесься развагам пра тое, да якога з гэтых відаў належыць пахкі прадукт, што дзень пры дні выдаюць «на горá» ідэалягічныя транспартэры тваіх родных радыё і тэлебачаньня.
Ваня зь піларамы
Гэта быў зьбіральны назоў. «Ванямі зь піларамы» твой тата менаваў навалач, што спаўзлася ў Полацак з усяго Савецкага Саюзу. Калі ты вучыўся ў першай клясе, улады зноў зачынілі адноўлены за немцамі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр, і «ваняў» сялілі ў былых кельлях.
У манастырскім саборы «вані» нарабілі перабоек і трымалі сьвіней ды трусоў. Сабор сьмярдзеў, рохкаў, пішчэў. Калі гаспадары кідалі згаладалым трусам абярэмак вецьця, тыя ўсчыналі такі жудасны вэрхал, што здаваліся ня мірнымі траваяднымі, а гіенамі ды каётамі. А сьвіньні ўяўляліся вам, навакольнай блазноце, наагул пачварамі, гатовымі ўмомант схрумстаць ня толькі цябе, малога беларускага (дзякуючы тав. Панамарэнку) хлопчыка Вову, але і самога дзядзьку Калістрата, што прыехаў зь Сібіры, дзе нястомна мачыў зьвяроў і людзей.
Ды насамрэч сьвіньні ў «ваняў зь піларамы» вырасталі зусім дробныя. «Сёньня звалілі, а заўтра зьелі», — казаў твой тата. Затое дзеці ў іх гадаваліся спраўныя: учэпістыя й злыя, як ваўчаняты, яны пачыналі з суседзкіх садоў, потым нешта кралі на гарадзкім рынку, траплялі на ўлік у міліцыю і поўным ходам рыхтаваліся трапіць на нейкую абжытую дзядзькам Калістратам «зону»…
Сьветлыя згадкі дзяцінства апаноўваюць цябе ў цёплым і ўтульным купэ цягніка «Калінінград—Гомель», дзе грэе нават індывідуальны пакунак зь бялізнай, на якім напісана: «Беларуская чыгунка». За шклом зьяўляюцца і адплываюць у невараць гарадкі з убогімі хрушчобамі й сьпічакамі гатычных кірхаў або вырастаюць у зьдзірванелых палях сьляпыя панэльныя шматпавярховікі, пад якімі хаваюцца ад амэрыканскіх спадарожнікаў армейскія камандныя пункты.
Ты пяшчотна разьвітваесься зь Верай Б. і Сьветай Б. Ты думаеш: яны — найлепшае з таго, што можа даць цывілізацыі гэтая тэрыторыя, якая не нарадзіла ніводнага, хоць крыху вядомага расейскага пісьменьніка ці мастака, і нават мясцовы бэстсэлер — гістарычны даведнік «Дорогами Ульмеригии. Путешествие по прусским землям» — напісаў маскоўскі гісторык.
Учора ты чуў, што раней ці пазьней сюды абавязкова вернуцца спрадвечныя гаспадары — немцы. (А хто ў такім разе прусы?) Яшчэ цябе пераконвалі, што празь нейкія дзесяць гадоў тут будзе незалежная Балтыйская рэспубліка.
Тваю душу мала абыходзяць праблемы гэтай тэрыторыі, як і ейнае мэтраполіі, асуджанай, як і любая імпэрыя, на канвульсіі й канчатковы развал. Ты хочаш, каб празь нейкія дзесяць гадоў там, дзе ты жывеш, была незалежная Беларусь. Але і прыхільнік вяртаньня немцаў, і балтыйскі незалежнік, і абласны чыноўнік, што бароніць тут агульнарускую прастору, — усе разам мірна сядзелі з табой за адным сталом, чакаючы адказу. І ты пранікся і даў ім адну параду.
Магчыма, яны нават скарыстаюцца зь яе і сапраўды прачытаюць апавяданьне Рэя Брэдбэры «Былі яны смуглыя і залатавокія» — пра тое, як зямныя перасяленцы атабарыліся на берагах марсіянскіх каналаў і што з гэтага атрымалася.
Ці бываюць чарвівыя мандарыны
Каталёнскі дзёньнік
Каталёнія, хоць у ейных жыхароў гішпанскае грамадзянства, — зусім не Гішпанія. І рэч не ў аўтаноміі зь яе атрыбутамі (усё адно гэта не дзяржаўнасьць, і тут каталёнцы могуць табе адно пазайздросьціць). Рэч у тым, што каталёнцы — не гішпанцы. Яны, усе шэсьць мільёнаў (тут твая чарга для зайздрасьці) пачуваюцца каталёнцамі з калыскі, у якой ужо чуюць сваю мову, да надмагільля, дзе пакідаюць на гэтай мове апошнія зьвесткі пра сябе, падкрэсьліваючы, што ў раі, чыстцы і пекле таксама застануцца каталёнцамі.
Адрозна ад баскаў каталёнцы не ўзрываюць бомбаў. У іх стаўка на іншую, больш магутную зброю.
Напрыклад, каталёнцы ставяць помнікі ня толькі паэтам і палітыкам, але і свайму нацыянальнаму танцу — сардане.
У кнігарні ты адразу апынаесься ў вялізным аддзеле літаратуры на каталёнскай мове, дзе знойдзеш усё — ад Дзюма й Стывэна Кінга да апошніх раманаў Мішэля Ўэльбэка й сэксуальных энцыкляпэдыяў. Толькі потым вока заўважыць значна сьціплейшы куток з кнігамі па-кастыльску.