Румынія
Магчыма, пад уплывам сёньняшняга сонечнага зацьменьня гаспадар прыдарожнай кавярні спрабуе даць табе рэшту з даляраў нямецкімі маркамі, паважна пераконваючы, што ў Румыніі курс 1:1.
Фурманкі тваё вока сустракае на шашы не нашмат радзей за аўтамабілі. Роўнасьць статусу гэтых транспартных сродкаў падкрэсьліваюць нумары дзяржаўнай рэгістрацыі ў адных і ў другіх. Часам парнай запрэжкай кіруе падобны да «крутога» хлопец у белай кашулі з гальштукам.
Прыбіральняў усьцяж аўтастрады не прадугледжана, таму экалягічны прыпынак робіцца пасярод палетку кукурузы. Кіроўцы аглядаюць блізкія далягляды з загадкавай усьмешкаю. Неўзабаве высьвятляецца, што ў папярэднюю паездку румынская паліцыя зрабіла якраз у гэтым месцы засаду і двум грамадзянам РБ, засьпетым «на гарачым», давялося пад пагрозаю арышту і вязьніцы выкласьці па 100$.
Каля гораду Канстанцы згадваеш, як у школе праходзілі паўстаньне на браняносцы «Пацёмкіне» і на кантрольнай твой аднаклясьнік Коля напісаў: значэньне паўстаньня ў тым, што маракі здаліся румынскім уладам. Цалкам верагодна, што менавіта нашчадкі рэвалюцыйных расейскіх матросаў робяць засады ў кукурузе.
Палкоўнік-ІІІ
Позна ўначы твой аўтобус доўга стаіць на румынска-баўгарскай мяжы. Палкоўнік колькі хвілінаў нэрвова тупае каля дзьвярэй, затым з спрынтэрскай хуткасьцю бяжыць да шлягбаўма, апярэджвае баўгарскіх памежнікаў, што запозьнена кідаюцца напярэймы, і зь пераможным крыкам «Ніхт шысэн!» хаваецца за дзьвярыма будынку зь літарамі WC.
Баўгарскія братушкі не адкрываюць агню, што дазваляе вернутаму пад канвоем у Румынію Палкоўніку пагардліва заўважыць: «Хіба гэта мяжа?» і даць афарыстычную дэфініцыю: «Мяжа — гэта там, дзе страляюць».
Нэсэбар
У антычнасьці гэты баўгарскі горад на высьпе быў грэцкім і зваўся Мэсамбрыяй. Грэцкім ён заставаўся яшчэ і ў 1920-я гады. Стары гаспадар дому, дзе ты жывеш, — грэк Артадоксіс, або, скарочана, Доксі, што ў перакладзе значыць праваслаўны.
Доксі добра памятае, як Народная Рэспубліка Баўгарыя хацела ўступіць у Савецкі Саюз. Ты прапануеш выпіць за тое, што ідэя ляснулася. Вы седзіцё на аздобленай белым мармурам тэрасе двухпавярховага дому. Пад вамі, на суседнім падворку, — рэстарацыя, куды заваблівае публіку велічэзны чыюк-ара. Кажуць, яго завуць Тодарам Жыўкавым. Абачлівы Доксі не пацьвярджае, але і не абвяргае інфармацыі.
Чыюк выгуквае нейкія камуністычныя лёзунгі. Ад мора, да якога сотня крокаў, брыдуць амаль увабдымку аднолькава стамлёныя доўгім сьпякотным днём цыган і яго мядзьведзь. На мініятурным пляцы, акупаваным столікамі навакольных рэстаранаў, цыган прысмоктваецца да такога самага зялёнага гусака «Асьлінае крыві», як той, што стаіць на мармуровай стальніцы перад табой. Мядзьведзю таксама хочацца віна, і ён спрабуе адабраць у гаспадара пляшку.
Унізе гучна лаюцца матам п’яныя расейцы. Іх не пускаюць у рэстарацыю да Жыўкава, і гарачыя навасібірскія хлопцы абяцаюць вые...ць усіх афіцыянтак, а за адным разам і афіцыянтаў. Мядзьведзя пагрозы пакуль што не датычаць, але ён палахліва цісьнецца да гаспадаровых ног.
Доксі хваліць тваю «белавескую». Табе хочацца наліць мядзьведзю і выпіць зь ім за тое, што Баўгарыя ня стала шаснаццатай рэспублікай-сястрой.
Цэцы*
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
* Памяншальная форма жаночага імя Цьвятана.
Творчая лябараторыя
З адзеньня на ёй была толькі цыгарэта.
Ты напішаш апавяданьне, якое будзе пачынацца з гэтага сказу.
Нэсэбар-ІІ
Уваход на пляж новага мацерыковага Нэсэбру больш за ўсё нагадвае філіял гарадзкога сьметніку. Але затое — поўная адсутнасьць расейскае папсы, якая ў Беларусі апанавала падобныя мясьціны, як кароста некалі здаровую скуру.
У цябе ўваччу праявіцца ліпеньская Нарач зь цеплаходам-рэстаранам, дзе зямля, вада і паветра ўжо дазваньня атручаныя песенькамі пра дзевачак, «которые хотят», пра забойцаў-камбатаў, параноікаў-есавулаў і пра тое, што «всем девчонкам хочется». Можа, якраз тут і трэба шукаць прычыну экалягічнае катастрофы, у выніку якой цьвіце нарачанская вада, а вугорычы сотнямі выкідаюцца на бераг, выбіраючы не інтэграцыю, а сьмерць?
Любі сваё
Баўгаркі ўсіх узростаў запякаюцца на сонцы бязь верхняй часткі купальніка. Да экспазыцыі грудак, грудзей і грудзішчаў ты прызвычаісься надзіва хутка, а раніцой прыйдзеш да высновы, што нашыя малочна-белыя ўсё адно лепшыя за іхнія шакалядавыя.
Тапелец
Недалёка ад цябе з мора выцягнуць маладога тапельца. Наваліс меў рацыю, калі пісаў, што сьмерць — блакітнага колеру.
Ты пакуль што ня хочаш патануць і наагул зьбіраесься яшчэ крыху пажыць, але з багавіньня памяці падступна вылузваецца эпітафія, якую аднойчы прыдумаў сабе Фолкнэр: «Пісаў кнігі і памёр».