— Ха! — сказаў Піне, вельмі задаволены. — У такім выпадку давай пазбавім гэтага крывапіўца Траба яго здабычы. Мы знойдзем яму другога хлопца, які створаны для таго, каб стаць пекарам.
— Але, мсье…
— Я дам табе рэкамендацыю ў Касмічны каледж і ўзамен прашу ў цябе толькі аднаго.
У Жуля заняло дух.
— О пане палкоўнік! Чаго ж?
— Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!
Ён сядзеў у сябе ў кабіне, вочы ў яго запалі і пачырванелі ад стомы, а «Прывід» імкліва праразаў прастору. За дваццаць напружаных, пакутлівых гадоў ён збудаваў цэлую лесвіцу і прыступка за прыступкай падняўся да чына капітана. Цяпер ён славіўся як адзін з сама дасведчаных, спрактыкаваных камандзіраў касмічнай службы. І ўсё гэта непарушна грунтавалася на адной запаведзі, якая падтрымлівала яго ў сама цяжкія хвіліны: «Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!»
Яго маці і палкоўнік Піне даўно памерлі, але да апошняй сваёй часіны яны ім ганарыліся: ён жа стаў капітанам.
Ён быў штурманам, другім пілотам, потым першым, і месца яго было на носе карабля, як ён заўсёды марыў, і ён сапраўды акунаўся ў неабсяжны зорны свет, які гэтак любіў. Мерна чаргаваліся гадзіны, што былі адведзены на сон, адпачынак і работу, і, калі ён працаваў, яго ўвесь час перапаўняла неаслабнае захапленне перад тым, што яму даводзілася бачыць, назіраць, вывучаць.
А цяпер ён прамяняў усё гэта на добраахвотнае зняволенне ў нетрах карабля, і навокал ужо нічога не было — адны толькі цьмяныя сцены са сплаву тытану ды завалены паперамі стол.
У любую хвіліну работы, у любую хвіліну адпачынку, а нярэдка і перарываючы сон ён адказваў на пытанні, прымаў рашэнні, рабіў запісы ў спецыяльных кнігах, запаўняў тысячы дзелавых бланкаў. Як кажуць, спрэс адна пісаніна…
Праз гадзіну пасля вячэры:
— Прашу прабачэння, капітан. Гэты таўстун з Дзюсельдорфа зноў напіўся да зялёных чорцікаў. Выцяў сцюарда, які спрабаваў яго ўціхамірыць. Прашу дазволу замкнуць яго на гаўптвахце.
— Дазваляю.
Або сярод неспакойнага чуйнага сну хтосьці рашуча трасе яго за плячо:
— Прашу прабачэння, капітан. У дзесятай і адзінаццатай дзюзах раскалолася пракладка. Прашу дазволу адключыць энергію на дзве гадзіны, пакуль будзе праводзіцца рамонт.
— Дазваляю. Няхай дзяжурны штурман паведаміць мне пра каардынаты, як толькі здолее весці далей палёт.
Праз дзве гадзіны зноў тармосяць за плячо:
— Прашу дараваць за турботы, капітан. Рамонт закончаны. Вось нашы каардынаты.
Пытанні.
Запаўненне бланкаў.
Просьбы, даклады, запатрабаванні, здарэнні, рашэнні, адказы, распараджэнні, загады. Ні хвіліны спакою.
І зноў паперы.
— Прашу прабачэння, капітан. Двое пасажыраў, Уільям Арчэр і Мэрыён Уайт, хочуць пажаніцца і аформіць шлюб. Калі вам будзе зручна правесці абрад.
— Медыцынскі агляд прайшлі?
— Прайшлі, капітан.
— Пярсцёнак у жаніха ёсць?
— Няма, капітан.
— Даведайцеся дакладны памер і выдайце яму пярсцёнак з карабельных запасаў па звычайнай цане — дваццаць даляраў.
— А калі будзе абрад, капітан?