Марта. Дзьверы я ўчора сьціркай працірала. На вачох хіба ў цябе павучыньне.
Пупкін (грозна). Марта! Ты йзноў!?
Марта. Ну, добра!.. буду ўжо казаць «пан». Бачыш, якой фанабэрыі набраўся!
Пупкін. Марта! зразумей-жа ты ў канцы канцоў, што гэтак ня можа быць далей. Ты, чорт ведае, як са мной гаворыш, без ніякае пашаны! Я буду міністрм, тут будуць бываць розныя важныя фігуры, а ты ўсё: «Філімон ды Філімон, ты ды ты»!.. Дк ведай-жа, што, калі я цябе дагэтуль яшчэ не прагнаў, дык толькі з літасьці, бо мог-бы іншую кухарку знайсьці, каб хацеў.
Марта. Што?! з літасьці? Вось як! (Іронічна). Дык, значыцца, як першы раз тады ўночы ў кухню прыйшоў, дык можа таксама з літасьці?.. А што пасьля было?.. «Мартачка ды Маратчка!» — гэта таксама з літасьці?.. А калі прысягаў, што ажэнішся — гэта таксама з літасьці?.. (праз сьлёзы). О, бедная я, нешчасьлівая!.. (выцірае нос фартухом).
Пупкін. Ціха! ня пішчы! Не магу я жаніцца, бо даў сабе слова, што буду цяпер жыць, як манах
Марта. Як манах?… Я ведаю!.. А гэтую ціпачку — Любачку пашто з вёскі прывёз? Можа дзеля таго, каб манахам жыць? у манастыр ісьці?
Пупкін. Ты з глузду зьехала, ці што? Што гэта такое ўрэшце! Абрыдла ўжо мне усё гэта!.. Зьбірай свае манаткі і вон адгэтуль! Каб нагі тваей тут ня было! Чуеш! Зараз вон!
Марта. Вось падзяка! Вось за тое, што я яго дабро сьцерагла, за тое, што я яму свайго дзявоцтва ня пашкадавала, за тое, што я яму плечы тарпатынай расьцірала, на жывот кампрэсы ставіла — за тое цяпер вон! Ну, пачакай-жаж! Я табе гэтага не дарую, як Бог табе не даруе! Я папрашу, каб у газэтах аб гэтым напісалі… Ох, я нешчасьлівая!.. (са сьлязьмі выходзіць у кухню).
Зьява 9
Пупкін (адзін).
Пупкін. Ну!.. Ажно галава разбалелася ад гутаркі гэтэй бабы. Што рабіць з гэтай ведзьмай? Адчапіцца ад яе ня так лёгка. У, праклятая!.. Трэба, мусіць, пайсьці прагуляцца крыху, можа галава асьвяжэе, як падыхаю сьвежым пачетрам. (Апранаецца і кліча): Марта! зачыні за мною дзьверы! (Выходзіць).
Зьява 10
Марта (адна).
Марта (ўваходзіць, зачыняе дзьверы за Пупкіным). Эх, ты! ты! Ніякае ўдзячнасьці! Каб ня я, што-бы з цябе было?.. Я й сарочку памыю, я й абед звару, я й прыгалублю, — а цяпер вось што: вон пайшла, непатрэбна, бо раптам зрабіуся вялікі пан… Падумаеш!.. (ідзе ў кухню).
Зьява 11
На сцэне нікога няма. Пасьля чуваць за вакном сэрэнаду з акомпанімэнтам гітары. Уваходзіць Люба, сядае ля вакна, апірае галаву на руцэ і слухае пяяньне.
Люба (пасьля сэрэнады пляскае далонямі). Ах, як хораша! яшчэ!
Раптам на балькон падае канец вяроўкі, ўмацованай угары.
Люба (ўскочыўшы, са страхам). Ах што, што вы робіце!.. Ах, Божа мой! што яму прыйшло ў галаву! Ах, што з гэтага будзе!..
Зьява 12
Люба і Мікола.
Мікола (спускаецца па вяроўцы згары на балькон). Выбачайце, панна Люба, што першы свой візыт раблю вам праз балькон, але, на мой пагляд, гэтая дарога бліжэйшая і прасьцейшая: замест таго, каб спускацца з адных сходаў. пасьля падымацца на вашы сходы, я вось адразу, гоп! — і ў вас.
Люба. Але мог-бы нехта ўбачыць, мог-бы дзядзенька…
Мікола. Я праз сваё вакно бачыў, як ваш дэядзенька пайшоў на нуліцу, ён ня ўбачыць.
Люба. А што будзе, як ён вернецца?
Мікола. Я гэтай самай дарогай вярнуся ў сваю хату.
Люба. Мой дзядзенька вельмі мяне любіць і страшэнна баіцца, каб са мной ня здарылася нешта благое. Як я яму сказала, што вы праводзілі мяне дадому, дык ён гэтак пляснуў рукамі і крыкнуў: «што ты зрабіла, Любачка! незнаёмы мужчына праводзіў цябе дамоў!» Ха-ха!
Мікола. Ну, але цяпер мы ўжо знаёмы, праўда?.. Ну, бо як-жа ж інакш я мог з вамі пазнаёміцца, калі дзядзенька трымае вас, як птушку ў клетцы? Ня было іншага спосабу.
Люба. Але можа гэта ўзапраўды нягожа?